Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская пагроза і выбар Лукашэнкі


Кароткі публічны выступ некалькіх прарасейскіх актывістаў — гэта маленькі пробны каменьчык: паглядзець, як зрэагуе ўлада.

Галоўны пасыл выступоўцаў «Расея, мы з табою!». На першы погляд, ён цалкам адпавядае рыторыцы Аляксандра Лукашэнкі. За выключэньнем фраз у канцы пра «фашысцкую кіеўскую хунту» і «Данбас, трымайся, мы пераможам!».

Расея — мы — Данбас — мы — пераможам. Фармальна нічога крымінальнага, па сутнасьці канкрэтная захопніцкая імпэршчына.

З гледзішча беларускага заканадаўства гэта быў несанкцыянаваны пікет. За падобныя пікеты цягам апошні двух гадоў беларускія, дакладней, прабеларускія актывісты атрымалі не адну тысячу новых рублёў штрафаў.

Што будзе рабіць улада ў новых рэаліях, калі ў краіне актывізавалася прарасейская, чытай — антыдзяржаўная апазыцыя Лукашэнку? Так бы мовіць, «шостая калёна».

З аднаго боку, у СІЗА ўжо два месяцы сядзяць тры рускамірцы-«рэгнумцы». Тыя самыя, хто сыстэмна выступаў супраць існаваньня незалежнай Беларусі. І сам гэты факт мусіць быць празрыстым намёкам астатнім жадальнікам ліквідацыі беларускага сувэрэнітэту.

З другога боку, новыя публічныя рускамірцы пакуль наўпрост дзяржаву і канкрэтна Лукашэнку не кранаюць. Хутчэй за ўсё, у іх ёсьць дзьве задачы ў залежнасьці ад разгортваньня падзеяў.

Першы варыянт. Улады «шостую калёну» не чапаюць, і тыя спакойна папулярызуюць свой рух, вэрбуючы ўсё больш людзей, якіх у ідэале хочуць аб'яднаць у партыю. Гэта патэнцыйныя штурмавыя батальёны ды іх групы падтрымкі.

Другі варыянт. Улада пачынае новых актывістаў штрафаваць ды ўсяляк інакш перашкаджаць іх дзейнасьці. У расейскіх СМІ адразу ўсчынаецца віскат і скавытаньне: «В братской Белоруссии притесняют русских активистов! Тех самых, кто за союз и дружбу!».

Відавочна, што такі падыход будзе скіраваны на ўнутранага расейскага спажыўца інфармацыі. Расейцы мала што ведаюць пра Беларусь. Таму ім можна, напрыклад, падсунуць яшчэ і фактар расейскай мовы па аналёгіі з «рускаязычнай меншасьцю Прыбалтыкі».

«Мэтавая аўдыторыя — кансэрватыўная рускамоўная большасьць», — заяўляе Арцём Агафонаў пра стварэньне сваёй прарасейскай арганізацыі. Толькі той, хто ня ведае рэаліі Беларусі, можа паверыць што ў краіне існуе нейкі прынцыповы сацыяльна-палітычны падзел паводле моўнай прыкметы. Гэта відавочны падман. Людзі, на жаль, шмат у чым падзеленыя ідэалягічна, але не праз мовы.

Абодва варыянты выгадныя антыдзяржаўным сілам у Беларусі. Што бесьперашкоднае фармаваньне свайго руху ці партыі, што перасьлед з боку беларускіх уладаў.

Журналіст Максім Гайко напісаў пасьля выступу Лукашэнкі 3 лютага:

«Мы прачнуліся ў новай рэальнасьці».

Маецца на ўвазе жорсткая характарыстыка Лукашэнкам працэсаў, якія адбываюцца ў Расеі адносна Беларусі.

Пад пастом Максіма Гайка багата скептычных камэнтароў, маўляў, ды нічога не зьмянілася, гэта ўсё бла-бла-бла — мітусьня.

Мяркую, такая рэакцыя зьвязаная з тым, што Лукашэнка разьбіраецца са сваімі праблемамі, а значыць і з праблемамі краіны, максымальна прыхавана, без удзелу грамадзкасьці. Без сыгналаў публіцы.

Тут ёсьць суб'ектыўны фактар — звычка так вось таемна дзейнічаць ва ўсім. Але ёсьць і аб'ектыўны фактар — зрабіць так, каб Расея першай рабіла крокі, якія можна трактаваць як антыбеларускія.

Тады можна сказаць, маўляў, мы любім расейскі народ, але вунь «баяры» ў Крамлі нас разлучаюць.

Але названы падыход быў бы толькі хітрыкам для наіўных. Для тых, каго Лукашэнка больш за дваццаць гадоў карміў інтэграцыйнымі абяцаньнямі, «Саюзнай дзяржавай», для людзей, якія сядзяць на мэнтальных чамаданах і гатовыя хоць сёньня перанесьці Беларусь пад маскоўскае крыло.

Відавочна, што незалежнасьць Беларусі — гэта фізычная незалежнасьць самога Лукашэнкі.

У ідэале Лукашэнку варта зьвярнуцца да грамадзян са зваротам «Айчына ў небясьпецы, нацыя мусіць зьяднацца!». Спыніць перасьлед нацыяарыентаваных людзей, спыніць перасьлед бізнэсоўцаў, пачаць «перабудову».

У адваротным выпадку яму давядзецца змагацца на два франты: і супраць сваіх, і супраць чужых.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG