Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арт-сядзіба» абвясьціла кастынгі на ролі ў спэктаклі пра Францішка Аляхновіча


Францішак Аляхновіч

Грамадзкая арганізацыя «Арт-сядзіба» абвясьціла кастынгі для актораў і акторак на ролі ў спэктаклі «Францішак. Сцэны з жыцьця ды сноў».

Да ўдзелу запрашаюць як прафэсійных, так і непрафэсійных актораў, а таксама тых, хто хоча паспрабаваць сябе на вялікай сцэне. Анкета і расклад кастынгаў разьмешчаныя на сайце сядзібы.

«Францішак» будзе другім спэктаклем, які ставіць «Арт-сядзіба». Раней сябры арганізацыі ставілі спэктакль «Браніслаў. Сцэны з жыцьця ды сноў», яго паказалі ў Менску, Пружанах, Гомелі. Спэктакль быў прысьвечаны Браніславу Тарашкевічу — выбітнаму навукоўцу, беларускаму незалежніку, грамадзкаму дзеячу, рэфарматару беларускай мовы. Ролі ў спэктаклі тады таксама выконвалі непрафэсійныя акторы (галоўную ролю — арт-дырэктар сядзібы Аляксей Сапрыкін).

Новы спэктакль будзе прысьвечаны Францішку Аляхновічу — беларускаму тэатральнаму дзеячу, драматургу, а таксама аднаму са стваральнікаў прафэсійнага беларускага тэатру, аўтару аўтабіяграфічнай аповесьці «Ў кіпцюрох ГПУ».

20 нечаканых фактаў пра Францішка Аляхновіча

Новай пастаноўкай «Арт-сядзіба» хоча паказаць праблемы ў айчынным тэатральным мастацтве, якое зазнае моцную цэнзуру.

Тэатар — не адзіная і не асноўная дзейнасьць «Арт-сядзібы». За пяць год існаваньня ўстанова адзела ў «вышымайкі» больш як 15 тысяч чалавек, праводзіла фэстывалі нацыянальнай культуры ў Менску, ладзіла сьпеўныя сходы і экспэдыцыі. Дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус заяўляў, што ўстанова «стала крэатыўным інкубатарам».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG