Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Дзень нараджэньня Францішка Аляхновіча. Менавіта Ён увёў у нашу драматургію вобраз жанчыны-вамп. Менавіта Ён першы ў сваіх п’есах пачаў пазьбягаць адраджэнскай дыдактыкі, а проста ствараў па-эстэцку яркія, займальныя і зразумелыя самаму рознаму люду творы. У адрозьненьне ад многіх з нас, Ён ніколі не рабіў зь сябе ахвяру, не насіў маскі «барацьбіта». Ува ўсіх сваіх творах ён заўсёды заставаўся надзвычай шчыры, унутрана-свабодны, і, што найважнейшае, самаіранічны!

Піша Васіль Дранько-Майсюк.

1. Спалучаў неспалучальнае

Быў стваральнікам беларускай гарадзкой драматургіі, пачынальнікам айчыннага тэатразнаўства і кабарэ, адным з самых яркіх артыстаў і рэжысэраў свайго часу, рэдактарам, мастаком, рэстаранным куплетыстам, кантралёрам электрычных лічыльнікаў, пажарнікам, карыкатурыстам.

2. Быў выкінуты з гімназіі за кепскія адзнакі

«Сыпаліся „двойкі“ і „едзініцы“, запісвалі мяне ў „штрафны журнал“ за „ўпартае невыкананьне лекцыяў“ — і, урэшце, праседзеўшы па 2 гады ў чацьвёртым і пятым класах, я быў выкінуты з гімназіі за дрэнныя „ўсьпехі“».

3. Замест вучобы прападаў на кірмашовых прадстаўленьнях:

«​Быўшы гімназістам, я любіў заглядваць у кірмашовыя буды, дзівіцца на „жанчыну без тулава“, хадзіць у паноптыкум васковых фігураў»​.

4. Часта сварыўся з бацькам Каралем,

Бацька, тэатральны скрыпач, хацеў, каб сын плюнуў на тэатр і заняўся нармальнай прыбытковай работай.

5. Яго рэжысэрскі дэбют — спэктакаль „Па рэвізіі“

Спэктакаль быў сыграны ў 1910-м годзе на 1-й беларускай вечарынцы.

6. Быў вялікім прыхільнікам Напалеона:

Бо ён "...нёс волю падняволеным і з мячом у руцэ нёс з Захаду на Усход вялікія здабычы Рэвалюцыі“.

7. Крытычна ставіўся да п’есы Янкі Купалы „Паўлінка“

„Паўлінка“... не ёсьць скончаны з мастацкага боку драматычны твор. Псыхалёгія дзейных асобаў закранута толькі зьверху, драматычная інтрыга вельмі прасьценькая, палажэньні не зусім кансэквэнтна адно з аднаго выплываюць, а развязка нейкая няўдалая».

Момант са спэктаклю "Паўлінка"

Момант са спэктаклю "Паўлінка"

8. Марыў, каб беларускі тэатр як найхутчэй пазбавіўся абручоў правінцыйнасці ды ўвайшоў у агульнаэўрапейскі кантэкст

«...рэпертуар наш яшчэ небагаты ў параўнаньні з тым, што маюць народы са старэйшай культурай. Беларускі актор яшчэ чакае сваіх Ібсэнаў, Гаўптманаў, Андрэевых, Пшыбышэўскіх... Беларуская сцэна яшчэ чакае сваіх Какленаў, Дузэ, Варламавых... Ці дачакаюцца? Ці хутка?»

9. Шмат пісаў у турме

Пад час першай адседкі (год у царскай турме) — пачаў пісаць унікальныя для беларускай драматургіі гарадзкія п’есы. Пасьля сямі год зьняволеньня на Салаўках — выдаў першыя ў сьвеце ўспаміны пра сталінскія лягеры.

10. У 1917-м годзе ад голаду і хваробаў памірае Яго дачка.

11. Меў безьліч раманаў

Быў тройчы жанаты. Любіў багемна-рэстараннае жыцьцё, што вельмі абурала Зоську Верас:

«Я Ф. Аляхновіча... асабіста ведала... Я да гэтага знаёмства... не імкнулася, бо Ф. Аляхновіч — піў... і з п’яніцамі сябраваў...»

Зоська Верас

Зоська Верас

12. Быў па натуры эгацэнтрыкам

Ня змог супольна працаваць з кіраўніком Беларускага Дзяржаўнага Тэатра Фларыянам Ждановічам:

«Лічу патрэбным не адкладаючы распусьціць труппу „Бел. Дзерж. Т.“, паручыць мне сарганізаваць труппу „Бел. Нар. Тэатру“ і апавесьціць аб гэтым у мейсцовых газэтах».

13. Ратаваў Максіма Гарэцкага

Гэта адбылося пад час нечаканага налёту на Вільню польскіх легіянэраў:

«...без особо настойчивой просьбы /.../, с безусловно большим риском для себя, без преувеличений — под пулями, тащил корзинку и вел /.../ нас из гостиницы „Бристоль“ на Георгиевском пр., к себе на квартиру на Мостовой улице /.../ ».

14. Яго раздражняла эстэтыка спектакляў БДТ-1 (будучага Купалаўскага тэатру):

«...Злавала /.../, што сяляне з 1863 года гаварылі моваю сучасных камсамольцаў, гадка /.../ рабілася, калі аднаго з герояў пьесы „Каваль-ваявода“, пабітага, пераможанага, вешалі на сцэне, закідаючы яму вяроўку на шыю...»

15. Максім Гарэцкі змагаўся за вызваленьне Аляхновіча з «кіпцюроў ГПУ»

«...во имя чести человека, писателя, артиста... во имя белорусской литературы и театра, из внимания советской Власти к престарелой матери, к маленьким детям, — это дело нужно еще раз тщательно пересмотреть...»

16. У лягеры валіў лес, працаваў вартаўніком у музеі, суфлёрам у тэатры.

Напрыканцы зняволеньня становіцца загадчыкам Выяўленчага аддзелу. Мае асобную кватэрку, свайго днявальнага (башкірскага паэта), што прыбіраў памяшканьне. Пад Яго загадам быў мастак (які маляваў партрэты правадыроў).

17. Многія беларусы ня верылі Яго ўспамінам пра ГПУ.

Максім Танк пісаў:

«Сваткаўская паліцыя распаўсюджвала ўспаміны Ф. Аляхновіча аб Салаўках. Хлопцы сьмяюцца, што аўтар зьмясьціў у гэтай кнізе дзьве фатаграфіі — адна салавецкая, другая віленская — і што на першай ён куды лепш выглядае. Кнігу хутка, нават не дачытаўшы, скурылі нашы заядлыя курцы».

18. Падчас Другой сусьветнай вайны ўдзельнічаў у Беларускай незалежніцкай партыі

Пад час другой сусьветнай вайны вядзе палітычную дзейнасьць як кіраўнік Віленскага камітэта Беларускай незалежніцкай партыі, сябры якой выступалі супраць бальшавікоў і нямецкіх акупантаў.

Францішак Аляхновіч

Францішак Аляхновіч

19. Яго апошняя творчая задумка перад сьмерцю была:

«...напісаць п’есу аб ролі моладзі у надбудове краю».

20. Меў грандыёзнае пахаваньне

«...стройнымі чацьвёркамі ішла моладзь з усіх віленскіх беларускіх школаў; за школамі аркестры, за імі духавенства, за якім чатыры кані цягнулі абвіты беларускімі нацыянальнымі сьцягамі караван. За караванам пасоўвалася мора народу, які прыйшоў ушанаваць Францішка Аляхновіча. Гэта былі у поўным значэньні гэтага слова грандыёзныя паховіны беларускага патрыёты...».

Васіль Дранько-Майсюк

для Радыё Свабода

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

XS
SM
MD
LG