Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія БелаПАН пратэстуе: Нас выкарысталі ў ролі статыстаў, гэта зьнявага


Прэс-канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі «Вялікая размова з прэзыдэнтам». Менск, 3 лютага 2017 году
Прэс-канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі «Вялікая размова з прэзыдэнтам». Менск, 3 лютага 2017 году

Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН выступіла з пратэстам у сувязі з тым, што большасьць незалежных журналістаў ня мелі магчымасьці задаць пытаньне Аляксандру Лукашэнку падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам».

Агенцтва назвала такое стаўленьне «зьнявагай» і заяўляе, што ня бачыць сэнсу ўдзельнічаць у мерапрыемствах, куды ягоных журналістаў запрашаюць як масоўку.

«[Г]орш арганізаванага мерапрыемства з удзелам Аляксандра Лукашэнкі нам бачыць дагэтуль яшчэ не даводзілася», — піша ў звароце БелаПАН.

У БелаПАНе лічаць, што іх, а таксама шмат каго зь незалежных журналістаў, паклікалі «дзеля масоўкі» — пасадзілі каля пэрсанальных мікрафонаў, але слова не далі:

«Нягледзячы на рэкордную працягласьць сустрэчы — 7 гадзін 20 хвілін — і агульную колькасьць удзельнікаў (больш за сто), мала каму ўдалося паўдзельнічаць у размове. Астатніх, выглядае, паклікалі дзеля масоўкі. Але калі грамадзкім дзеячам ды экспэртам удзел у такім мерапрыемстве цешыць самалюбства, то журналістам такія ўцехі непатрэбныя. З прадстаўнікоў СМІ, пасаджаных за адзін стол з кіраўніком дзяржавы каля пэрсанальных мікрафонаў, толькі трэцяй частцы далі магчымасьць задаць пытаньне», — гаворыцца ў паведамленьні.

Грамадзкае кола ня можа быць хоць [якім-]кольвечы шырокім, пакуль журналісты пазбаўленыя права задаваць пытаньні.

«Голас народу — гэта не адабраныя нейкім чынам дзясятак чалавек з вулічнай апытанкі і не падабраныя адмыслова грамадзкія дзеячы ды экспэрты. Ва ўсім сьвеце голас народу — голас журналістаў. Мэдыі — гэта гукаўзмацняльнікі існуючых у грамадзтве меркаваньняў і патрабаваньняў, і наша задача — каб улада пастаянна чула жывы голас народу».

«Падчас „Большого разговора с президентом“ прадстаўнік[і] БелаПАН і большасьці іншых мэдыяў былі пазбаўленыя магчымасьці выканаць свой прафэсійны абавязак — задаць пытаньні кіраўніку дзяржавы. Фактычна нас скарысталі ў ролі статыстаў. Успрымаем гэта як зьнявагу і заяўляем, што ня бачым сэнсу ўдзельнічаць у мерапрыемствах, куды нас запрашаюць дзеля масоўкі, а не для выкананьня нашых прафэсійных абавязкаў».

БелаПАН настойвае на асобным інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам, «бо ў журналістаў і грамадзтва накапілася шмат пытаньняў пра сёньняшні дзень і будучыню Беларусі, якія і пасьля „Большого разговора“ застаюцца без адказу».

«Вялікая размова з прэзыдэнтам» прайшла 3 лютага. Да ўдзелу ў ёй былі запрошаныя журналісты дзяржаўных і незалежных СМІ, аднак далёка ня ўсе зь іх змаглі задаць пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG