Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырскі НПЗ зьнізіў перапрацоўку нафты ў 2016 годзе на 20%


Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод

У 2016 годзе аб’ём перапрацоўкі нафты на Мазырскім НПЗ зьнізіўся на 20% у параўнаньні зь 2015 годам.

Пра гэта паведамляе БеаПАН са спасылкай на паведамленьне акцыянэра беларускага нафтаперапрацоўчага заводу расейскай кампаніі «Славнефть».

У 2015 годзе, паводле паведамленьня «Славнефти», аб’ём перапрацоўкі нафты на Мазырскім НПЗ склаў 12,3 млн тон. У 2016-м — аб’ём перапрацоўкі нафты ў долі кампаніі (доля «Славнефти» ў Мазырскім НПЗ складае 42,58%) склаўся на ўзроўні 4,2 млн тон. Такім чынам, сукупны аб’ём перапрацоўкі нафты на Мазырскім НПЗ летась склаўся на ўзроўні каля 10 млн тон, што прыкладна на 20% менш у параўнаньні з аналягічным паказчыкам за 2015 год.

У другой палове 2016-га Расея рэзка скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь. Калі ў першым паўгодзьдзі РФ штоквартальна пастаўляла на беларускія НПЗ каля 5,5 млн тон нафты, то ў трэцім квартале аб’ём паставак нафты ў Беларусь Расея зьнізіла да 3,5 млн тон, а ў чацьвёртым — да 3 млн тон.

Скарачэньне паставак нафты абумоўлена наяўнасьцю нафтагазавай спрэчкі паміж дзьвюма краінамі. Перамовы паміж Масквой і Мінскай пра ўмовы ўрэгуляваньня нафтагазавай спрэчкі доўжыліся практычна ўвесь 2016 год, аднак да канкрэтных вынікаў пакуль не прывялі.

У першай палове лютага Аляксандр Лукашэнка мае сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і абмеркаваць энэргетычныя пытаньні.

XS
SM
MD
LG