Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто плаціць за чартэры ўкраінскай дэлегацыі ў Менск?


Толькі за мінулы год у Менску адбылося амаль 28 публічна анансаваных сустрэч Трохбаковай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе, падлічылі журналісты Ўкраінскай службы Радыё Свабода. Журналісты дазналіся, што ўкраінская дэлегацыя лётае паміж Кіевам і Менскам чартэрнымі рэйсамі. Але не дзяржаўнымі, а чамусьці прыватнымі.

26 жніўня 2016 году, пасьля заканчэньня пасяджэньня Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе, зь Менску ў Кіеў прыляцеў чартэр. Гэта быў Bombardier Global Express 6000 з аўстрыйскай рэгістрацыяй і бартавым нумарам OE-IDO. Самалёт каштуе 40 млн даляраў. Гэтым самым самалётам з Давосу ў Кіеў два тыдні таму вярнуўся ўкраінскі алігарх Віктар Пінчук.

Самалёт Bombardier Global Express 6000
Самалёт Bombardier Global Express 6000

Летась у жніўні гэтым самалётам зь Менску прыляцелі першы віцэ-сьпікер парлямэнту і ўпаўнаважаная прэзыдэнта па мірным урэгуляваньні сытуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях Ірына Герашчанка, дарадца старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Юрый Тандзіт, былы прэзыдэнт Украіны і прадстаўнік украінскага боку ў трохбаковым групе Леанід Кучма, спэцпрадстаўнік АБСЭ ў менскай кантактнай групе Марцін Сайдзік і іншыя.

Згаданы Bombardier з бартавым нумарам ОЕ-IDO месьціцца ў аэрапорце «Кіеў» і ўвесь час выкарыстоўваецца Віктарам Пінчуком. Радыё Свабода гэта неаднаразова назірала пры падрыхтоўцы папярэдняга матэрыялу аб прыватных самалётах народных дэпутатаў Украіны.

Свабода адправіла запыт Віктару Пінчук з просьбай паведаміць, ці даваў алігарх гэты самалёт для пералётаў ўкраінскага боку на перамовы Трохбаковай кантактнай групы ў Менск і на якіх умовах. Але адказаў на момант публікацыі не было.

Журналісты прыгадалі, што месяц таму ў амэрыканскім выданьні
The Wall Street Journal выйшаў артыкул Пінчука «Ўкраіна павінна пайсьці на балючыя кампрамісы для міру з Расеяй». Падзагаловак артыкула падрабязьней раскрывае погляд алігарха на будучыню Украіны: «Крым не павінен стаяць на шляху дамовы, якая завяршае вайну. Жыцьці, якія будуць захаваныя, вартыя таго». «Мы таксама павінны ясна даць зразумець, што мы гатовыя прыняць паступовае скарачэньне санкцый у дачыненьні да Расеі па меры набліжэньня да вырашэньня для свабоднай, адзінай, мірнай і бясьпечнай Украіны», — напісаў Пінчук.

Іншым разам прадстаўнікі Украіны прыляцелі зь Менску на прыватным самалёце Bombardier Challenger 300. Гэты самалёт з бартавым нумарам OE-HDI таксама мае аўстрыйскую рэгістрацыю. Паводле дадзеных рэестру паветраных судоў Аўстрыі, самалёт абслугоўваецца кампаніяй Lauda Motion. Аднак на сайце кампаніі няма гэтага борта ў сьпісе самалётаў, якія свабодна здаюцца ў арэнду.

Чацвёртага жніўня зь Менску прыляцеў Gulfstream G200 з бартавым нумарам OE-HSN і аўстрыйскай рэгістрацыяй.

Радыё Свабода патэлефанавала ў адну з украінскіх кампаній, каб даведацца, колькі каштуе арандаваць чартар «Кіеў — Мінск — Кіеў».

«На шэсьць пасажырскіх крэслаў кошт палёту ў Менск на працягу дня, калі там ня будзе начоўкі, раніцай туды і вечарам назад, то 7800 эўра», — сказалі там. Таксама журналісты пацікавіліся, колькі каштуе карыстаньне VIP-тэрміналам аэрапорту «Кіеў».

«VIP-тэрмінал у „Жулянах“ каштуе 200 даляраў на аднаго пасажыра за вылет і 200 даляраў за аднаго пасажыра за прылёт. Вылет-прылёт — 400 даляраў», — растлумачылі расцэнкі ў кампаніі.

Віктар Пінчук у кіеўскім аэрапорце 20 студзеня 2017 году
Віктар Пінчук у кіеўскім аэрапорце 20 студзеня 2017 году

Свабода зьвярнулася да ўсіх фігурантаў гэтага матэрыялу з адным пытаньнем: хто плаціць за чартэрныя пералёты ў Менск ўкраінскіх прадстаўнікоў на пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы па мірнаму ўрэгуляваньню сытуацыі на ўсходзе краіны. Аднак на запыт адказалі ня ўсе.

Дарадца старшыні СБУ Юрый Тандзіт прызнае, што часам група карыстаецца чартэрам: «Мы сапраўды дабіраемся ў Менск, у тым ліку на самалётах. Чые самалёты, я ня ведаю. Калі мы вылятаем, калі мы ляцім самалётам у Менск, то мы зьбіраемся ў пэўным каардынаваным месцы. Дапусьцім, у тэрмінале аэрапорту. Сядаем у самалёт і ў самалёце ляцім і працуем».

Самалёт Bombardier Global Express 6000 з аўстрыйскай рэгістрацыяй і бартавым нумарам OE-IDO, якім увесь час карыстаецца Віктар Пінчук
Самалёт Bombardier Global Express 6000 з аўстрыйскай рэгістрацыяй і бартавым нумарам OE-IDO, якім увесь час карыстаецца Віктар Пінчук

Украінская дэпутатка Ірына Герашчанка, знаходзячыся ў камандзіроўцы за мяжой, пагадзілася адказаць на пытаньні журналістаў у Facebook. «Як правіла, у Менск я лятаю рэйсавымі самалётамі «Белавія», якія вылятаюць а 5-й раніцы з «Жулянаў». Пры гэтым Герашчанка не адмаўляла, што часам лётае ў Менск і на прыватных самалётах, але не адказала, хто менавіта прадастаўляе гэтыя самалёты і хто аплачвае чартэрныя пералёты. «Дзяржава чартэры не фінансуе. Гэта я адказна вам заяўляю».

Былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма ў VIP-тэрмінале аэрапорту «Кіеў» 26 жніўня 2016 году
Былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма ў VIP-тэрмінале аэрапорту «Кіеў» 26 жніўня 2016 году

Прэс-служба Леаніда Кучмы параіла зьвярнуцца ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Але там паведамілі, што не валодаюць інфармацыяй.

Усяго за год адбылося 28 публічна анансаваных пасяджэньняў Трохбаковай кантактнай групы ў Менску. Чаму ўкраінская ўлада не забясьпечвае сваіх прадстаўнікоў на такіх важных перамовах, скажам, самалётам зь дзяржаўнага авіяпарку? Чаму ўкраінская дэлегацыя лётае туды прыватнымі чартэрамі? І хто ж за гэта плаціць? Дзяржава або алігархі? І калі алігархі, то на якія прэфэрэнцыі ад улады яны разьлічваюць? І ці не ўплываюць іх прарасейскія погляды на перамоўны працэс у Менску? Такія пытаньні задаюць ўкраінскія журналісты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG