Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі падалі заяўку на «Марш недармаедаў — абураных беларусаў»


Васіль Палякоў, архіўнае фота

27 студзеня актывісты падалі заяўку ў Гомельскі гарвыканкам на правядзеньне «Маршу недармаедаў — абураных беларусаў».

«Марш мы плянуем правесьці 19 лютага ад плошчы Паўстаньня па вуліцы Савецкай і да плошчы Леніна, — кажа адзін з заяўнікаў, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. — Хочам мірнай акцыяй прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы прымусовай працы, незаконнага перасьледу грамадзянаў, якія не працуюць, дыскрымінацыйнага і антыканстытуцыйнага дэкрэту № 3 „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства“».

Сярод заяўнікаў таксама прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

Яны тлумачаць, што рашэньне аб правядзеньні маршу «абураных беларусаў» выклікана незадаволенасьцю грамадзянаў дэкрэтам № 3.

Штодзённа дзясяткі гамельчукоў прыходзяць у «офіс апазыцыі» на Палескую вуліцу, каб паставіць свой подпіс пад заявамі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Савет міністраў за адмену дэкрэту пра «дармаедзтва».

За кароткі час ужо падпісаліся каля 700 гараджанаў, якія атрымалі паведамленьні з падатковай. Прыходзяць падпісвацца й тыя, хто пакуль мае працу — перад усімі стаіць пагроза, што спыняць кантракт або скароцяць і выкінуць на вуліцу.

Паводле заяўнікаў, у маршы маюць узяць удзел да тысячы чалавек. Калі гарвыканкам не дазволіць шэсьця, як тое было цягам апошніх дзесяці гадоў, будуць разглядацца варыянты несанкцыянаванага пратэсту.

Падобныя маршы маюць прайсьці ў Менску і Горадні.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч заклі́каў 17 лютага на вулічную акцыю пад назвай «Марш абураных беларусаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG