Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«360 рублёў падатку нам налічылі з нуля даходаў», — гарадзенцы пра дэкрэт аб «дармаедах»


Гарадзенцы падпісваюцца за адмену дэкрэта № 3

У Горадні на вуліцы Ажэшкі актывісты БХД Сяргей Верамеенка і Мікола Баўсюк зьбіраюць подпісы за адмену дэкрэта № 3 аб так званых «дармаедах».

Людзі падпісваюцца. Відавочна, што мала тых, каго гэтая тэма не цікавіць.

Двое маладых хлопцаў спыняюцца побач зь Верамеенкам. Адзін зь іх адразу кажа:

— Даўно пара ўжо нешта прыдумаць супраць такой дурніцы. Хто і навошта гэта прыдумаў? Пайдзі сёньня працу знайдзі... больш за два мільёны не заробіш, а ён тут гэтыя дэкрэты.

Ягоны сябра дадае:

— Наагул, за што яны хочуць браць з тых, хто не працуе, грошы? Як іх налічваць, зь якіх прыбыткаў? Нонсэнс нейкі. Трэба проста ўсім абʼядноўвацца супраць гэтага. Я бачыў у інтэрнэце, што нібыта ў Менску плянуюць правесьці дэманстрацыю, а што ў Горадні?

Сяргей Верамеенка кажа, што на 19 лютага гарадзенцы падалі заяўку на правядзеньне вулічнай акцыі.

Спадарыня кажа, што яе сямʼю гэты дэкрэт непасрэдна закрануў.

— Муж мае шосты разрад зваршчыка, а заробак 300 рублёў. І працуе зімой на адкрытым паветры. Мы вунь на лекі ўжо зь ім разам ня можам зарабіць. Сястру скарацілі на працы, паўгода ходзіць шукае хоць якое месца, а яны цяпер, замест таго каб дапамагчы, прысылаюць паперку, каб плаціла падатак. Але які падатак? Відавочна, што дзяржава зь іх палітыкай збанкрутавала, у іх няма грошай, і яны такім чынам хочуць папоўніць бюджэт.

Сяргей Верамеенка
Сяргей Верамеенка

Спадарыня ў шыкоўным паліто абураная дэкрэтам № 3. Кажа, што самаўпраўству ўладаў няма ніякай альтэрнатывы ў грамадзтве, а таму і робяць што хочуць:

— На Захадзе дзяржава, калі чалавек ня мае працы, дапамагае яму, плаціць грошы, каб чалавек мог выжыць у цяжкія часы. А ў нас цябе скароцяць на працы, ты нідзе ня можаш убіцца, а зь цябе яшчэ патрабуюць грошы.

Мужчына сярэдняга веку таксама хоча падпісацца. Паводле яго, краіна наагул коціцца невядома куды, і яго турбуе, ці магчыма гэтымі подпісамі нешта ўратаваць.

— У нас ужо няма ніякіх ні законаў, ні правілаў. Які хочаш дэкрэт табе могуць напісаць, і ты мусіш яго выконваць. Але хто хоць нейкім чынам падумаў пра тое, як сёньня людзям, ня маючы заробку, заплаціць у казну 360 рублёў? Адкуль іх узяць? Ну хіба гэта ня рэкет на дзяржаўным узроўні?

Няхай спачатку забясьпечыць нас працай, а потым пытае пра падаткі

Падыходзяць муж з жонкай перадпэнсійнага веку. Спадарыня кажа, што прыватнае прадпрыемства, дзе працаваў муж, зачынілася, ён амаль два гады бяз працы і таксама атрымаў «ліст шчасьця». Мужчына дадае, што ўжо надакучыла хадзіць у пошуках працы, а гэты падатак, выходзіць, трэба сплачваць з жончынага заробку.

— Я яго плаціць не пайду, ня маю з чаго. Вясной еду на лецішча, саджу агарод, а потым увосень зьбіраю ўраджай, і гэта мой унёсак у сямʼю. Але я з гэтага не зарабляю, то з чаго маю плаціць? Трэба, каб адмянілі гэты дэкрэт, ён не для людзей зроблены. Няхай спачатку забясьпечыць нас працай, а потым пытае пра падаткі.

Пэнсіянэр таксама ставіць свой подпіс пад пэтыцыяй і кажа, што дзяржава ня думае пра звычайнага чалавека, хоць па тэлевізары ўвесь час кажуць пра сацыяльную скіраванасьць палітыкі ўраду.

— Насамрэч нас усіх падманулі. У мяне стаж пад 40 гадоў, а што я магу сабе дазволіць на сваю пэнсію? Сын ужо трэці год ня можа знайсьці працы, зарабляе выпадковымі халтурамі, а цяпер яшчэ павінен і заплаціць ім. У суседзяў дачка ўжо шэсьць гадоў жыве за мяжой, унука маюць, а ім прыслалі «ліст шчасьця» — маўляў, заплаціце. Да чаго дажыліся.

Паводле Міколы Баўсюка, многія людзі праходзяць побач і ня хочуць нічога слухаць. Але, кажа, рана ці позна гэты дэкрэт можа закрануць кожнага.

Мікола Баўсюк
Мікола Баўсюк

— Наагул, кідаецца ў вочы тое, што людзі папросту ня ведаюць, што рабіць у гэтай сытуацыі. Яны безабаронныя, а дзяржава гэтым карыстаецца. Праўда, людзі таксама зразумелі, што сваёй палітыкай Лукашэнка практычна давёў нас усіх да банкруцтва: грошай няма ні ў людзей, ні ў дзяржавы. Толькі вось і выйсьця з гэтае сытуацыі ніхто ясна ня бачыць.

Сяргей Верамеенка кажа, што выйшаў на вуліцу зьбіраць подпісы, бо лічыць, што дэкрэт наўпрост парушае правы чалавека. «Ліст шчасьця» прыйшоў і ягонаму сыну.

— Я бачу, што гэты дэкрэт закрануў амаль кожную сямʼю, бо калі ты працуеш сам, то або нехта з бацькоў, або сясьцёр ці братоў, або дзеці абавязкова маюць з гэтым праблемы. Галоўнае, каб людзі цяпер змаглі абʼяднацца і разам дамагчыся ад уладаў адмены дэкрэту. Налічылі заплаціць падатак, але не сказалі, з чаго. 360 рублёў падатку нам налічылі з нуля даходаў — дык што гэта за матэматыка?

XS
SM
MD
LG