Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які юрыдычна разблякаваў порнасайт у Расеі


Аляксей Клёцкін
Аляксей Клёцкін

Шмат каму гэтая гісторыя запомнілася твіт-перапіскай PornHub і Роскомнадзору. У ёй расейскае ведамства адказвае на прапанову PornHub аб бясплатнай падпісцы ў абмен на разблякоўку словамі «дэмаграфіяй не гандлюем!»

Аляксею Клёцкіну — 36 гадоў. За сваё жыцьцё ён пасьпеў зрабіць кар’еру ў пракуратуры, уступіць у партыю «Адзіная Расія» і выйсьці зь яе, папрацаваць мэрам гораду, напісаць дзясяткі вершаў, а з нядаўніх часоў — стаць чалавекам, якому ўдалося прымусіць расейскі суд вынесьці рашэньне аб разблякаваньні доступу да аднаго з самых вядомых порнасайтаў.

13 верасьня 2016 году Роскомнадзор заблякаваў на тэрыторыі Расеі доступ да аднаго з самых папулярных порнасайтаў у сьвеце — PornHub і яго даччынага сайту YouPorn. Абодва сайты былі заблякаваныя згодна з рашэньнямі судоў, прынятымі вясной таго самага году: рашэньне аб блякаваньні PornHub 24 траўня вынес Бутурлінаўскі раённы суд Варонескай вобласьці, а YouPorn 9 чэрвеня пастанавіў заблякаваць Першарэчанскі раённы суд Прыморскага краю.

Шмат каму гэтая гісторыя запомнілася твіт-перапіскай PornHub і Роскомнадзору. У ёй расейскае ведамства адказвае на прапанову PornHub аб бясплатнай падпісцы ў абмен на разблякоўку словамі «дэмаграфіяй не гандлюем!»

Зьдзелкі ня выйшла, і, як аказваецца, увесь гэты час уладальнікі PornHub і YouPorn не пакідалі спробаў дамагчыся адмены несправядлівага, на іх думку, рашэньня аб блякаваньні. У Прыморскім краі для дасягненьня гэтай мэты яны прыцягнулі юрыста Аляксея Клёцкіна. 19 студзеня ён паведаміў аб першай перамозе: Прыморскі краёвы суд пастанавіў адмяніць рашэньне аб блякаваньні YouPorn. Клёцкін, дарэчы, не звычайны юрыст: ён зрабіў бліскучую кар’еру ў мясцовай пракуратуры, быў намесьнікам краявога пракурора, сябрам «Адзінай Расеі» і кіраўніком адміністрацыі гораду Вялікі Камень, насельніцтва якога складае амаль 40 тысяч чалавек.

Усё зьмянілася ў 2012 годзе. Пасьля рашэньня Ўладзіміра Пуціна ісьці ў Крэмль на трэці тэрмін і мітынгаў на Балотнай плошчы ў Маскве Аляксей Клёцкін выйшаў з партыі, склаў зь сябе паўнамоцтвы мэра і напісаў адкрыты ліст, у якім папракнуў «Адзіную Расію» ў ігнараваньні «інтарэсаў большасьці насельніцтва Расіі». А яшчэ, як высьветлілася, усе гэтыя гады Клёцкін пісаў вершы. Цяпер ён выкладае іх у інтэрнэт.

У размове з Радыё Свабода Аляксей Клёцкін адзначае, што сайт YouPorn пакуль не разблякаваны. Паводле яго словаў, гэта пытаньне часу: з чорнага сьпісу Роскомнадзору ён зьнікне пасьля таго, як ведамства атрымае рашэньне суду. Клёцкін кажа, што мае намер і далей змагацца за дэмакратычныя каштоўнасьці ў Расеі, галоўнай з якіх лічыць зьмяняльнасьць улады.

РС: Аляксей, вы ня проста юрыст, а чалавек-гісторыя. За вашымі плячыма праца ў пракуратуры, сяброўства ў «Адзінай Расеі», мэрства ў горадзе Вялікі Камень, а цяпер вы станеце вядомым як чалавек, які разблякаваў YouPorn у Расеі. Як так атрымалася?

Аляксей Клёцкін: Я ня думаю, што мой папярэдні досьвед працы прывёў да таго, што я разблякаваў YouPorn. На самай справе, гэтая гісторыя для мяне дастаткова выпадковая, паколькі тая міжнародная юрыдычная кампанія, якая займаецца гэтай справай у Расеі, шукала адваката, які мог бы прадстаўляць іх інтарэсы ў горадзе Ўладзівастоку, і так атрымалася, што выбар упаў на мяне. Вывучыўшы матэрыялы справы, мы знайшлі там пэўныя працэсуальныя і матэрыяльныя парушэньні, суд з намі пагадзіўся, у выніку рашэньне адменена. Наколькі я разумею пазыцыю пракуратуры, яны ня маюць намеру на гэтым спыняцца і выказваюць меркаваньне, што будуць яшчэ раз падаваць у суд, зьмяніўшы свае патрабаваньні, каб усё-ткі дамагчыся забароны.

Асноўны момант, чаму такая забарона незаконная, на маю думку, заключаецца ў тым, што ў Расеі тая інфармацыя, якую прынята назваць парнаграфічнай, не забароненая законам. Можа быць, для кагосьці гэта гучыць дзіўна, але забароненыя толькі тыя моманты, зьвязаныя з гэтай зьявай, у якіх у той ці іншай форме задзейнічаны непаўналетнія, і гэта правільна. Акрамя парнаграфіі, для непаўналетніх забаронена і ўжываньне алькаголю, напрыклад, і кіраваньне транспартным сродкам, але ніхто не ставіць пытаньня аб тым, каб у прынцыпе забараніць транспартныя сродкі з-за таго, што непаўналетнім забаронена імі кіраваць. Ніхто ня кажа аб поўнай забароне алькаголю. Гэта тая сфэра, якая ёсьць у дарослым жыцьці, але для дзяцей яе абмяжоўваюць.

І тут пракурор падмяняе паняцьці. Кажучы пра тое, што гэтая інфармацыя забаронена для непаўналетніх, ён робіць выснову, што яна забароненая і ў цэлым, у прынцыпе, з чым я пагадзіцца не магу. Спадзяюся, што пры паўторным разглядзе, калі ён адбудзецца, мы таксама зможам даказаць сваю праўду і дамагчыся таго, каб рашэньне было заснавана на законе, а не на чыіх-небудзь псэўдамаральных устаноўках.

РС: Якая сытуацыя з доступам да сайту YouPorn на сёньняшні дзень? Рашэньне аб блякаваньні адменена. Сайт адкрыты?

Аляксей Клёцкін: На сёньня рашэньне адменена, і паводле дзейнага заканадаўства яно ўступае ў сілу адразу. Чакаць ня трэба. Бо разгляд быў ужо ў апэляцыйнай інстанцыі, рашэньне ўступіла ў сілу адразу. Адзінае, атрымаць мы яго зможам... Я сёньня быў у судзе, мне назвалі тэрміны: прыкладна праз тыдзень мы зможам атрымаць на рукі рашэньне суду зь пячаткай, у арыгінале, пасьля чаго мы накіруем яго ў Роскомнадзор, а таксама ў iншыя органы, каб дамагчыся фізычнай разблякоўкі сайту. Пакуль што ён заблякаваны.

РС: Гэта значыць, суд перакладае гэтую працу на вас, вы самі павінны клапаціцца пра тое, каб данесьці да Роскомнадзору рашэньне суду?

Аляксей Клёцкін: На жаль, так. Быццам бы дзяржава заварыла гэтую кашу, мы даказалі, што гэта няправільна, а расхлёбваць павінны мы самі. Суд разглядае толькі выстаўленыя патрабаваньні. «Вы прасілі так, мы так і вырашылі, як вы прасілі — задаволілі пазоў або адмовілі». А ўжо пытаньні выкананьня — гэта наўпрост да кампэтэнцыі суду не адносіцца. Так што над фізычным выкананьнем рашэньня суду яшчэ давядзецца папрацаваць дадаткова. Маё меркаваньне, што гэта нейкі перагіб. У нас цяпер складана знайсьці нешта, што яшчэ не пасьпелі забараніць. Нядаўна я з жахам прачытаў артыкул аб блякаваньні сайту, на якім прадаваўся хамон. Гэта ўжо проста абсурд!

РС: А вы самі калі-небудзь заходзілі на YouPorn, напрыклад, у працэсе падрыхтоўкі да гэтага суду? І калі так, то як — бо ён заблякаваны?

Аляксей Клёцкін: Менавіта на YouPorn я не заходзіў, я нават ня ведаў пра існаваньне гэтага сайту да гэтай справы. Але калі я вам скажу, што я ніколі ў жыцьці наогул не заходзіў на порнасайты, напэўна, я ваc падману. Безумоўна, у сілу нейкіх сваіх прычынаў, у тым ліку і прафэсійнай цікавасьці пры падрыхтоўцы да гэтай справы, спрабуючы разабрацца, такі эпізод у маім жыцьці быў. І напэўна, нават не адзін.

РС: Калі казаць не пра закон, а пра ваш асабісты пункт гледжаньня, такія сайты ўяўляюць нейкую шкоду для грамадзтва?

Аляксей Клёцкін: Ёсьць два пункты гледжаньня. Адзі кажа, што гэта дрэнна, што нараджаюцца маньякі, нагледзеўшыся ўсякага глупства. Іншы пункт гледжаньня супрацьлеглы — хай лепш чалавек зь нейкімі псыхічнымі праблемамі знойдзе іх вырашэньне ў віртуальным жыцьці, чым ён потым пойдзе і нешта зробіць у рэальным. Мне здаецца, што ісьціна заўсёды дзесьці пасярэдзіне. Паводле майго глыбокага перакананьня, адэкватнага чалавека прагляд гэтых сайтаў ніякім чынам ня зломіць і псыхіку яго не разбурыць. Тым больш прагляд гэтых сайтаў не адбываецца ж з раніцы да вечара. Гэта як жанравае кіно — камусьці жахі падабаюцца, а камусьці дэтэктывы, і хай глядзяць, хто што хоча, пакуль гэта не закранае інтарэсы іншых асобаў.

РС: А як жа маральныя асновы і «духовные скрепы», вось гэта ўсё?

Аляксей Клёцкін: У дадзеным выпадку я гавару як юрыст, а юрыспрудэнцыя з маральлю не заўсёды перасякаюцца. Мараль, па вялікім рахунку, у кожнага свая. У нас у краіне вялікая колькасьць канфэсій, палітычных партый, і ў кожнага мараль трошкі свая. Безумоўна, ёсьць агульначалавечыя каштоўнасьці: нельга забіваць, нельга красьці, але нават у Бібліі гаворка ідзе пра тое, што пралюбадзейнічаць нельга, але нічога няма пра прагляд мастацкіх аб’ектаў, забароне на іх прагляд. Тым больш у грамадзтве з гадамі ўсё зьмяняецца. Калісьці наогул было страшна падумаць пра рэчы, якія сёньня спакойна адбываюцца ў нашым жыцьці. Яны ёсьць, і ніхто не называе гэта маральлю. Узяць хоць бы пытаньне легалізацыі марыхуаны — па-мойму, месяца не праходзіць без навіны, што недзе яна зноў легалізаваная. Гэта значыць, мараль зьмяняецца.

Цалкам матэрыял чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG