Віцэ-сьпікер Дзяржаўнай Думы Расеі Пётр Талстой і кіраўнік Фэдэрацыі габрэйскіх грамадаў Расеі Аляксандар Барада замірыліся пасьля скандалу вакол дыскусіі аб перадачы Ісакіеўскага сабору РПЦ.
«Хацеў два словы сказаць з нагоды тых абвінавачваньняў, якія на мой адрас раздаюцца з нагоды антысэмітызму, — сказаў Талстой. — Вядома, ніякай нацыянальнасьці я ня меў на ўвазе і казаў пра гісторыю нашай краіны і пра тых людзей, якія руйнавалі і храмы, і сынагогі, і мова ішла не пра нацыянальнасьці».
«Таму прашу вас, калі гэта кагосьці кранула, то я шкадую, прашу вас правільна зразумець», — зьвярнуўся Талстой да Барады на выставе «Здабытак Расеі. Старонкі гісторыі і духоўныя традыцыі», якая праходзіць у Дзяржаўнай Думе.
У адказ Барада заявіў, што лічыць інцыдэнт вычарпаным: «Мне здаецца, што мы зьнялі пытаньне».
Падставай да канфлікту сталі выказваньні віцэ-сьпікера Думы з нагоды тых, хто пратэстуюць супраць перадачы Ісакіеўскага сабору ў Пецярбургу РПЦ.
23 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў ТАСС, прысьвечанай адкрыцьцю калядных чытаньняў «1917-2017: урокі стагодзьдзя», Талстой сказаў, што «назіраючы за пратэстамі вакол перадачы „Ісакія“, не магу не заўважыць дзіўны парадокс: людзі, якія зьяўляюцца ўнукамі і праўнукамі тых, хто руйнаваў нашы храмы, выскачыўшы там... з-за рысы аселасьці з наганам у сямнаццатым годзе, сёньня іх унукі і праўнукі, працуючы ў розных іншых вельмі паважаных месцах — на радыёстанцыях, у заканадаўчых сходах, — працягваюць справу сваіх дзядуляў і прадзядуляў... ».
Пад «рысай аселасьці» маецца на ўвазе абмежаваньне пражываньня габрэяў у часы Расейскай імпэрыі, пачынаючы з 1791 году.