Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб любіць Беларусь нашу мілую...


Алег Дашкевіч

У сеціве палеміка наконт таго, хто змагаецца за краіну лепей і любіць Беларусь болей — тыя, хто ў краіне, ці тыя, хто па-за ёй.

Шкалу змаганьня яшчэ можна неяк акрэсьліць, вызначыць дасягненьні й вынікі, але як быць з любоўю?

Як кажа адзін мой сябра — адным словам не адкажаш.

Я вось жыву тут і люблю краіну сваю цяжкай любоўю, зрэшты, і яна мяне гэтаксама.

Кожнага дня ты чакаеш нейкага сюрпрызу — то закону аб дармаедах, то павялічэньня пэнсійнага ўзросту, то яшчэ якой дробнай ці вялікай, але малапрыемнай ласкі.

З-за плоту, як мне здаецца, любіць ці не любіць прасьцей. Ніхто не замінае. Ні ўлада, ні злосны мент, ні сусед ватнік, ні задураныя працай прадавачкі ў крамах, ні зьнясіляныя настаўнікі ў школах.

Ты іх проста ня бачыш і любіш Бацькаўшчыну «любоўю чыстае красы».

Альбо красіва ня любіш. То пакепліваючы, то гідліва крывячы твар з тых самых мянтоў, настаўнікаў і прадавачак, гісторыі пра якіх чытаеш на стужцы навінаў і ў сацыяльных сетках.

Аднойчы ў сеціве ў мяне выйшла палеміка з журналісткай, што вяшчае з-за межаў радзімы. Яна абсалютна шчыра казала мне, што вернецца толькі ў тую Беларусь, якая будзе адпавядаць яе марам, а да таго часу будзе любіць Беларусь з-за мяжы. Маўляў, работа й рэжым жыцьця ёй такое дазваляе.

Што сказаць, хай сабе.

Дзьве мае прыяцелькі заўзята змагаліся й любілі Беларусь так, што кожнага разу выязджаючы за яе межы на сэмінары ў якую Літву-Польшчу-Нямеччыну, усе свае сілы пакладалі на тое, каб назад не вяртацца.

Папраўдзе, гэта крыху раздражняла.

Аднойчы ім атрымалася зачапіцца. Цяпер яны любяць-ня любяць радзіму прафэсійна.

Людзі, яны такія людзі. Яны шукаюць сабе камфортнага існаваньня і там, і тут.

Журналіст «Нашай Нівы» Зьміцер Панкавец напісаў тэкст-правакацыю наконт камфортнага жыцьця ў Беларусі.

Шчыра кажучы, дапускаю, што асабіста Зьмітру й рэдакцыі НН увогуле і праўда жывецца камфортна, і іх любоў да Бацькаўшчыны мала што можа азмрочыць.

Але згадваю эпоху 1990-ых і сёньняшні час, і разумею, у чым розьніца. Тады, у 1990-ых ніхто не пісаў пра ступень камфорту ў Беларусі. Не спрачаўіся, хто мацней любіць Беларусь. Хто лепш за яе змагаецца.

Папросту тады ўнутры краіны і ўнутры грамадзтва была жывая інтрыга, а пасьля яна згасла.

Але вернемся ў нашую рэчаіснасьць. З дэклярацыямі змаганьня па гэты ці той бок мяжы збольшага ясна, вынікі гэтага змаганьня на сёньня відавочныя.

Зь любоўю да Бацькаўшчыны больш складаная штука, бо любоў надзвычай тонкая матэрыя.

Але і тут новая эпоха сказала сваё важкае слова. Аказалася, што любоў ці нелюбоў можна спакойна пакласьці на шалі і ўзважыць, пільна, дзясяткамі ці ня сотнямі вачэй у сацыяльных сетках, адсочваючы стрэлку шаляў.

І кладуць, і важаць.

Але чамусьці ад гэтага ўзважваньня робіцца надзвычай сумна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (8)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG