Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэндэровіч: антысэміцкі смурод у Расеі робіцца нормай


 Віктар Шэндэровіч

Віцэ-сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Пётр Талстой адмаўляецца прызнаць антысэмітызм у сваіх словах, вымаўленых на адрас праціўнікаў перадачы Расейскай праваслаўнай царкве Ісакіеўскага сабору ў Пецярбургу.

Талстой сказаў даслоўна наступнае: «Хачу ад сябе асабіста дадаць, што назіраючы за пратэстамі вакол перадачы „Ісакія“, не магу не заўважыць дзіўны парадокс: людзі, якія зьяўляюцца ўнукамі і праўнукамі тых, хто рушыў нашы храмы, выскачыўшы там... з-за рысы аселасьці з наганам у семнаццатым годзе, сёньня іх унукі і праўнукі, працуючы ў розных іншых вельмі паважаных месцах — на радыёстанцыях, у заканадаўчых сходах, — працягваюць справу сваіх дзядуляў і прадзядуляў... » Талстой заяўляе, што ня меў на ўвазе нейкую канкрэтную нацыянальнасьць.

Словы Талстога асудзіла Фэдэрацыя габрэйскіх суполак Расеі, а старшыня Рады правоў чалавека пры прэзыдэнце РФ Міхаіл Фядотаў сказаў у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс»: «Мне дзіўна чуць ад паважанага парлямэнтарыя выказваньне, якое паўтарае ўлюбёны тэзіс антысэмітаў у тым, што рэвалюцыю 17-га году рабілі габрэі... Антысэмітызм — такая ж ганебная хвароба, як пранцы, у прыстойным грамадзтве прынята яе хаваць, а не выстаўляць напаказ».

Падчас бурлівага абмеркаваньня выказваньняў Пятра Талстога некаторыя карыстальнікі сетак прыпомнілі і нядаўні пост расейскага сатырыка Віктара Шэндэровіча пра «генэтыку расейскай нацыі», за які скаргу на пісьменьніка ў Сьледчы камітэт падаў палітоляг Павел Данілін. Вось адзін з характэрных пастоў, які параўноўвае Шэндэровіча і Талстога:

"Тыя, хто лічыць прымальнымі выказваньні, якія дапускаюць прадстаўнікі «лібэральнай апазыцыі «пра расейскі народ аж да заяўваў пра „генэтычную непаўнавартаснасьць “- ня маюць права абурацца з нагоды выказваньняў пра публіку з наганамі з-за рысы аселасьці... Або і тое, і тое непрыстойна — або і тое, і тое дапушчальнае».

Вось як сам Віктар Шэндэровіч адказвае на пытаньне, ці ёсьць нешта агульнае ў яго пасьце і выказваньнях Пятра Талстога:

Тут значна цікавейшае ня само па сабе існаваньне антысэмітаў, а жахлівае спаўзаньне нормаў.

Шэндэровіч: Ды нічога агульнага, зразумела! Я казаў пра зусім агульныя рэчы, якія адносяцца да таго, што называецца «нацыянальны характар». Слова «генэтыка» было там мэтафарай, таму што мяне наўрад ці падазраюць у тым, што я сапраўды перакананы ў тым, што генэтычным чынам рукі растуць з ж... Я мяркую, што нават самыя злыя мае крытыкі разумеюць, што гэта мэтафара, што гэта жарт. У словах Пятра Талстога не было ніякага жарту і не было ніякай мэтафары. Адсылка да «рысы аселасьці» ня мае ніякай іншай расшыфроўкі ў нашай гісторыі, акрамя нацыянальнай. Гэта эўфэмізм слова «габрэй». Гэта хамская антысэміцкая выхадка. І тут значна цікавейшае ня само па сабе існаваньне антысэмітаў, нават і на вяршынях, а жахлівае спаўзаньне нормаў.

Гэта ўсё апісана ў Ёнэско ў п’есе «Насарогі». Проста вырастаюць рогі на носе, проста становіцца магчымым стацца насарогам, гэта дазволена. Гэта дазваляе і сам сабе чалавек, але гэта дазваляе і грамадзтва. Гэта становіцца нормай. Вось гэты «насарожы роў», гэты смурод антысэміцкі, ён паволі становіцца сацыяльнай нормай. Людзі старэйшага веку памятаюць таварыства «Памяць» у канцы 1980-х, калі стала можна гаварыць, і свабода прыйшла ня толькі для акадэміка Сахарава, але і для адкрытых антысэмітаў. Мы памятаем Баркашова, мы памятаем таварыства «Памяць», мы памятаем газэту «Пульс Тушына». Але гэта было тады абсалютна маргінальным, гэта было непрыстойным, гэтага цураліся, гэта ніяк не магло быць ніякім чынам афіцыйнай пазыцыяй. Хоць сярод начальства заўсёды было поўна антысэмітаў, але гэта не магло быць відавочным. Нормы спаўзьлі за гэтую чвэрць стагодзьдзя зусім жахлівым чынам. І тое, што раней маглі казаць Баркашоў і таварыства «Памяць», сёньня ў адкрытую вымаўляе віцэ-сьпікер.

РС: Як вы думаеце, Талстой шкадуе аб тым, што сказаў? Гэта з разраду «прагаварыўся» ці гэта сьвядомы антысэміцкі выпад? Ці гэта ўвогуле ня мае значэньня, калі такія словы прагучалі з вуснаў віцэ-сьпікера Думы?

Ён застаецца ў эліце, яму нічога не пагражае.

Шэндэровіч: Ён, вядома, шкадуе. Але гэта ня значыць, што ён так ня думае. Яго шкадаваньне — гэта факт яго біяграфіі, тое, як ён сам рэфлексуе са сваім адлюстраваньнем у люстэрку, нас не павінна хваляваць. Нас павінна хваляваць грамадзкая рэакцыя. Чалавек пасьля гэтага працягвае знаходзіцца на дзяржаўнай пасадзе, дзяржава ніякім чынам на гэта не рэагуе, а спрабуе яго «адмазаць», калі казаць расейскай мовай. Ён застаецца ў эліце, яму нічога не пагражае. І я нешта за мінулыя дні ня ведаю, ці ўстрывожыла некага з Грамадзкай палаты гэтая адкрытае антысэміцкая заява. Яшчэ раз, вяртаючыся да вашага першага пытаньні, мова ідзе не пра мэтафарычнае апісаньні нацыянальнага характару, якое прагучала ў мяне, колькі заўгодна жорстка. Я мог бы прывесьці цытаты з Чэхава, Талстога, Ляскова, Буніна, Горкага, такія, што няшчаснага палітоляга Даніліна захістала б, і тое, што я сказаў, здалося б яму дзіцячым лепетам...

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG