Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-сьпікер Дзярждумы Расеі: Супраць перадачы Ісакіеўскага сабора царкве — нашчадкі людзей «з-за рысы аселасьці»


Акцыя супраць перадачы Ісакіеўскага сабора ў карыстаньне Расейскай праваслаўнай царквы. Санкт-Пецярбург, 12 студзеня 2017 году.

Намесьнік старшыні Дзярждумы Расеі, дэпутат ад «Адзінай Расеі» Пётр Талстой падтрымаў перадачу Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу ў карыстаньне Расейскай праваслаўнай царквы, скрытыкаваўшы праціўнікаў гэтай перадачы і, паводле ацэнак грамадзкіх актывістаў, дапусьціўшы антысэміцкія выказваньні.

Паводле Талстога, пэтыцыя за захаваньне Іскаіеўскім саборам статусу музэю, якая сабрала ў інтэрнэце больш за 200 тысяч подпісаў, гэта «дарэмная праца», паколькі рашэньне аб перадачы сабора РПЦ ужо прынята.

Талстой на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве таксама заявіў, што «сабор быў пабудаваны нашымі продкамі не для таго, каб там боўтаўся ківач Фуко або каб там пецярбургская інтэлігенцыя вадзіла экскурсіі з шампанскім на балькон», а павінен «служыць царкве».

Сайт расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» цытуе наступнае выказваньне віцэ-старшыні расейскага парлямэнту:

«Хачу ад сябе асабіста дадаць, што назіраючы за пратэстамі вакол перадачы „Ісакія“, не магу не заўважыць дзіўны парадокс: людзі, якія зьяўляюцца ўнукамі і праўнукамі тых, хто рушыў нашы храмы, выскачыўшы там... з-за рысы аселасьці з наганам у семнаццатым годзе, сёньня іх унукі і праўнукі, працуючы ў розных іншых вельмі паважаных месцах — на радыёстанцыях, у заканадаўчых сходах, — працягваюць справу сваіх дзядуляў і прадзядуляў...„.

Камэнтуючы гэтыя словы, кіраўнік дэпартамэнту грамадзкіх сувязяў Фэдэрацыі габрэйскіх абшчын Расеі Барух Горын сказаў: “ Віцэ-сьпікеру Дзяржаўнай думы Расейскай Фэдэрацыі, на мой погляд, варта было б шмат разоў падумаць, перш чым разважаць пра генэтычныя сувязі. Ён зьяўляецца віцэ-сьпікерам Дзяржаўнай думы Расейскай Фэдэрацыі, то бок нацыянальнага сходу, які прадстаўляе ўсе народы Расейскай Фэдэрацыі, у тым ліку, і габрэяў. І ў сувязі з гэтым яго заява ня проста сумнеўная, яна абсалютна недапушчальная».

Горын заявіў таксама, што лічыць словы Талстога «адкрытым антысэмітызмам».

10 студзеня губэрнатар Санкт-Пецярбургу Георгій Палтаўчанка абвясьціў аб пераходзе Ісакіеўскага сабора ў падпарадкаваньне Расейскай праваслаўнай царквы. Рашэньне ўладаў скрытыкавалі расейскія палітыкі, дзеячы мастацтва і шмат якія жыхары гораду. На акцыі пратэсту перад саборам выходзілі сотні чалавек.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG