Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мой прадзед быў крывічом, а твой?


Сяргей Астраўцоў

У мяне ёсьць усьведамленьне, што мае прадзеды былі крывічамі. Ці грэе мяне гэтая думка? Хутчэй так, чым не. Але што з гэтага вынікае? Хутчэй нічога сёньня надзвычай важнага. Хаця ўсьведамленьне падмуркаў — рэч неабходная.

Мае продкі былі крывічамі, майго добрага прыяцеля — дрыгавічамі, а добрай прыяцелькі — радзімічамі. Так мы прынамсі вырашылі. А разам мы адчуваем сябе беларусамі. А кім вы думалі? Што мы пачнём хістаньні, уласьцівыя для нетрывалых душ? Не, у нас з гэтым праблем няма.

Вельмі цікавыя моманты агучаныя ў беларускай дыскусіі аб ліцьвінстве, якая трывае апошнія гады, а ў апошнія дні прагучала ўзмоцнена. Але ў мяне адчуваньне, што аб некаторых вельмі істотных рэчах не гаворыцца.

Няхай мой продак быў ліцьвінам. Чаму гэта павінна ціснуць мне на мазгі? Хіба ня больш важна, кім ён быў яшчэ ў ранейшыя часы? Што быў крывічом? Іншы прыклад: хіба позьнегатычны выгляд фары Вітаўта (узарванай у 1961-м), строгі, зграбны — больш сапраўдны ад таго, якім храм быў у часы Стэфана Баторыя? Нам ён вядомы дзякуючы гравюрам. А той, які мы ведаем па здымках, які нам падабаецца, быў створаны за польскім часам у 1935 годзе. Ён быў зусім іншым, нічога агульнага з арыгіналам.

Урок гісторыі: мы ня маем ніякай фары Вітаўта. Заклікі да начальства адбудаваць вынікаў не далі. Але вялікае дасягненьне: два гады як на тым месцы стаіць помнік разбуранаму храму.

Такім чынам: беларус — гэта апошняя стадыя нас, хто раней быў ліцьвінам і крывічом. А некалі бегаў за мамантамі з дубінай і ня ведаў ніякага імя. Цяжка зразумець, што гэтага нехта не разумее. Літвіны або ліцьвіны былі палітычным народам, так маглі называць усіх жыхароў Вялікага княства Літоўскага. Хто такія літвіны сёньня? Гэта — літоўцы. Я ў пастаянным кантакце з польскай мовай. Для іх літвіны — гэта літоўцы. Кропка. І для ўсіх астатніх. Бо так вырашылі моцныя — палякі і расейцы. Не на нашу карысьць. Ясна, нам крыўдна, што ня мы сталі спадкаемцамі ліцьвінаў, мы лічым, што мелі больш правоў. Усё гэта ясна. Але цягнік даўно сышоў.

Што, праблемы не разумелі нашы папярэднікі? Успомніце Ластоўскага. «Гісторыя крыўскай кнігі», часопіс «Крывіч». У Коўне ён выдатна адчуваў, што нават калі не зусім даспадобы «беларус», вырываць з рук літоўцаў літвіна — бессэнсоўны занятак.

Наша фундамэнтальная праблема ня ў тым, кім былі, як маглі называцца некалі нашы продкі. А ў тым, што мы слабакі, што не дацягваем да свайго імя, што беларус у нас дохлы. Так, менавіта: анэмічны, худасочны, з такім можна рабіць што заўгодна. Мы, як народ, так і ня сталі беларусамі, нас увесь час хістала. І хісталі. І сёньня, як сказаў адзін палітык, начальству патрэбныя беларусы бяз мовы, безь беларускай сьвядомасьці, без нацыянальнай душы. А мы яму яшчэ будзем нашэптваць, што імя няправільнае, што ўся праблема ў гэтым. А ворагі беларушчыны толькі пасьпяваюць адкаркоўваць сваё шампанскае. Савецкае. Ці «Граф Галіцын». Між іншым, менскага разьліву. Нядорага.

Не падабаюцца беларусы? Адмовіцца ад імя? Тутэйшыя лепш? Савецкія людзі лепш? Што, учорашні дзень, кажаце? Значыць будуць жыхары рускага міру Пуціна, калі імя беларуса муляе. Бо ліцьвіны — ня дзень заўчорашні, век. Каму гэта прысьнілася, што недавараныя беларусы раптам могуць стаць даваранымі ліцьвінамі? Як прыўкрасны маладзён пасьля сагана з сырадоем на агні. І ўсё ў іх стане на сваё месца, і людзьмі пачнуць звацца не на словах… Наіўная ілюзія.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (18)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG