Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 рубля даплаты настаўнікам, якія застануцца ў школе пасьля разьмеркаваньня, ня хопіць на праязны білет


31 рубля даплаты настаўнікам, якія застануцца ў школе пасьля разьмеркаваньня, ня хопіць на праязны білет

Маладым пэдагогам, якія адпрацуюць па разьмеркаваньні два гады, але застануцца працаваць у той жа ўстанове адукацыі, яшчэ на год падаўжаюць дадатковыя выплаты — ня больш чым на адну тарыфную стаўку першага разраду цягам яшчэ 1 году. На дадзены момант тарыфная стаўка першага разраду — 31 рубель. Канкрэтная сума даплаты будзе вылічвацца прапарцыянальна адпрацаванаму часу.

Гэта прадугледжана пастановай ураду ад 19 студзеня 2017 году № 48.

У Міністэрстве адукацыі ўпэўненыя, што такая мера дазволіць «замацаваць маладых спэцыялістаў ва ўстановах адукацыі». Але самі маладыя пэдагогі, якія працуюць па разьмеркаваньні, выказваюць сумнеў, што такімі даплатамі можна да нечага заахвоціць.

Малады спэцыяліст Юры скончыў Лінгвістычны ўнівэрсытэт у Менску, вучыўся за кошт бюджэту. Ён кажа, што лічыць дні да «дэмбэля» — кантракт сканчаецца ў жніўні 2017 году:

«Паўтара года таму сем маладых спэцыялістаў разам са мной былі разьмеркаваныя ў нашу гімназію. У першы год працы ў мяне была нагрузка — 29 гадзін на тыдзень. То бок 4 дні па 6 урокаў і ў адзін дзень — 5. У другі год у першых дзьвюх чвэрцях было 30 гадзін на тыдзень, то бок кожны дзень па 6 урокаў. За сьнежань „чыстымі“ за сваю працу атрымаў 398 рублёў. Гэта з усімі даплатамі як маладому спэцыялісту, з прэміяй. Рытарычнае пытаньне: можна ўтрымліваць сям’ю на такія грошы?

А зараз калега сышла ў дэкрэтны адпачынак, і мне аддалі яшчэ і яе кляс. Таму цяпер у мяне кожны дзень па 7 урокаў. Калегі жартуюць: разбагацею!

Сёньня на перапынку ў настаўніцкай мы жартавалі наконт „дабаўкі“ у 31 рубель. Гэта зьдзек, роўна на праязны квіток на два віды транспарту. А мне трэба на тры віды транспарту, каб даехаць з дому да працы. Гэта 39 рублёў, так што 31 рубля нават на паўнавартасны праязны ня хопіць. Такія дробныя захады нікога не замацуюць».

Аляксандар марыў стаць настаўнікам, скончыў пэдагагічны ўнівэрсытэт. Трапіў у прэстыжную гімназію. Кажа, што працаваць зь дзецьмі яму вельмі падабаецца:

«У мяне цудоўныя вучні. У нашай гімназіі дзеці вучацца зь пятай па адзінаццатую клясу. Яны добра падрыхтаваныя, бо прайшлі сур’ёзны конкурс у гімназію. Але проста „дасталі“ пастаяннымі пазакляснымі мерапрыемствамі, кшталту суправаджаць дзяцей на хакей, здаць грошы за суботнік альбо на падпіску. Ну навошта школе газэта „Во славу Родины“ ці „Коммунист Беларуси“? Мы пісалі электронны запыт у Мінадукацыі, нам адказалі, што гэта справа добраахвотная. Але сварыцца з нашай дырэктаркай — сабе даражэй абыдзецца. Празь дзень — бескарысныя нарады, пэдсаветы, якія доўжацца па 3–4 гадзіны... Аднойчы была чарговая нарада, якая зацягнулася, а ў мяне падпрацоўка —заняткі на курсах падрыхтоўкі да ЦТ, дзе мяне чакаюць 10 дзяцей, я спазьняўся. Спрабаваў адпрасіцца, не адпусьцілі. Сышоў — пазбавілі прэміі. Цяпер новы загад — будуць усе суботы працоўныя. А гэтая даплата ў 31 рубель, якую паабяцалі, калі застануся працаваць трэці год — проста сьмешная.

Замест таго каб думаць, як сур’ёзна рэфармаваць сыстэму адукацыі, займаюцца нейкімі дробнымі паўмерамі. Наўрад ці я застануся далей працаваць у школе. У мяне максымальная загрузка — больш за 30 гадзін на тыдзень. Але на заробак у 400 рублёў сям’ю не пракорміш», — кажа Аляксандар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG