Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці памерлага вязьня «Валадаркі» Ігара Пцічкіна дамагаецца ад міліцыі грашовай кампэнсацыі і завядзеньня новай справы


Маці памерлага на «Валадарцы» вязьня Ігара Пцічкіна Жанна Пцічкіна

Маці памерлага на «Валадарцы» вязьня Ігара Пцічкіна Жанна Пцічкіна падала ў менскія суды два пазовы, а таксама заяву ў пракуратуру Менску аб завядзеньні новай крымінальнай справы па факце зьбіваньня яе сына на «Валадарцы».

«Суд над фэльчарам Крыловым, падчас якога летась разьбіраліся ў прычынах сьмерці майго сына, пэўна высьветліў, што на целе Ігара былі сінякі. Пры гэтым суд устанавіў, што іншыя вязьні ў камэры яго не зьбівалі, а на „Валадарку“ сына прынялі безь сінякоў. Дык адкуль яны ўзяліся? На гэтае пытаньне сьледзтва адказу не дало, бо проста не разьбіралася. Таму я патрабую ад пракуратуры новага расьсьледаваньня: хто і чаму зьбіваў майго сына на „Валадарцы“, адкуль на ягоных грудзях і на нагах узяліся сьляды зьбіваньня? Хай установяць гэтых асобаў і працягнуць да адказнасьці», — патрабуе Жанна Пцічкіна.

Таксама жанчына хоча атрымаць 161 тысячу рублёў грашовай кампэнсацыі ад Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Адпаведную заяву Жанна Пцічкіна падала 21 студзеня ў суд Заводзкага раёну Менску. Маці памерлага на «Валадарцы» вязьня патрабуе 61 тысячу рублёў кампэнсацыі матэрыяльных стратаў, зьвязаных з пахаваньнем сына, і яшчэ 100 тысяч рублёў кампэнсацыі маральных пакут. Пра свае пазоўныя патрабаваньні Жанна Пцічкіна распавяла карэспандэнту Свабоды:

«Гэта страшэннае мацярынскае гора — сьмерць сына, але для мяне яно не праходзіць. Чацьвёрты год я змагаюся за праўду аб ягонай гібелі, а гэта бязьмерна цяжка: допыты, скаргі, экспэртызы, эксгумацыя, суд, хлусьлівыя паказаньні міліцыянтаў. У думках мне даводзіцца зноў і зноў праходзіць з сынам па гэтых калідорах і камэрах „Валадаркі“, перажываць тое, што зь ім там было: як зьбівалі, прывязвалі вяроўкамі да ложка; як больш за дзень не давалі схадзіць у прыбіральню, як пакінулі паміраць без мэдыцынскай дапамогі. Калі не змаглі вярнуць мне сына жывым, дык хай кампэнсуюць ягоныя і мае пакуты», — кажа Жанна Пцічкіна.

На фота - Ігар Пцічкін
На фота - Ігар Пцічкін

21 студзеня Пцічкіна таксама падала пазоў у Маскоўскі раённы суд з патрабаваньнем адмяніць рашэньне суду, паводле якога фэльчару Аляксандру Крылову на 2 месяцы зьменшылі пакараньне. Летась у кастрычніку Маскоўскі суд прызнаў былога фэльчара сьледчага менскага ізалятара нумар 1 Аляксандра Крылова вінаватым ў невыкананьні службовых абавязкаў, наступствам чаго стала сьмерць вязьня Ігара Пцічкіна. Праз два месяцы Менскі гарадзкі суд перагледзеў прысуд Аляксандру Крылову і скараціў тэрмін пакараньня на 2 месяцы — з 3 гадоў калёніі-пасяленьня да 2 гадоў і 10 месяцаў калёніі-пасяленьня. Паводле зьвестак з суду, падчас разгляду апэляцыйнай скаргі са справы былі выключаныя абставіны, якія абцяжарвалі віну Аляксандра Крылова.

«Зусім ня згодная з тым, што Крылову яшчэ і зьмякчылі пакараньне. Ён быў ня проста фэльчарам, а афіцэрам МУС, чалавекам, які адказваў за жыцьцё іншых людзей на „Валадарцы“. Але Крылоў ня выканаў сваіх службовых абавязкаў, кінуў чалавека паміраць без дапамогі, што для афіцэра проста недапушчальна, таму мусіць цалкам адказваць за свае дзеяньні. Дарэчы, мне нават не паведамілі, дзе і ці сапраўды ён ужо адбывае сваё пакараньне. Да каго ні зьвярталася ў пракуратуры і Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў — усе маўчаць. Не выключаю, што сыстэма па-ранейшаму ахоўвае сваіх, хай і злачынцаў», — мяркуе Жанна Пцічкіна.

У 2013 годзе мянчук Ігар Пцічкін, асуджаны на 3 месяцы арышту за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане, памёр нібыта ад хваробы сэрца ўсяго празь некалькі дзён, як быў зьмешчаны на «Валадарку». Сьледзтва заявіла, што Ігар Пцічкін раней ужываў наркотыкі і перад сьмерцю нібыта знаходзіўся ў стане «ломкі».

Адміністрацыя «Валадаркі» прызнала, што вязьня мусілі прывязваць да ложка, каб «не пашкодзіў сябе і не нанёс траўмаў іншым вязьням». Маці Ігара Пцічкіна лічыць, што сьмерць яе сына не была зьвязаная з наркотыкамі і працягвае дамагацца адказаў на пытаньні, хто і за што зьбіваў яе сына на «Валадарцы».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG