Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарыфы на транзыт расейскай нафты празь Беларусь зрабілі бестэрміновымі


Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю адмяніла крайнюю дату ў тэрміне дзеяньня тарыфаў на транспартаваньне расейскай нафты.

Пастанова міністэрства № 6 ад 18 студзеня 2017 году ўносіць зьмяненьне ў пастанову ведамства № 48 ад 30 сьнежня 2016 году. З ранейшага дакумэнта выключаны пункт пра тое, што новыя тарыфы будуць дзейнічаць да 31 сакавіка 2017 году, паведамляе БелаПАН.

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі прыняло 30 сьнежня мінулага году пастанову, згодна зь якой ранейшыя тарыфы на паслугі «Полацактранснафты Дружба» па транспартаваньні нафты павялічаныя на 11,76%, а на паслугі «Гомельтранснафты Дружба» — на 7,7%. Такія тарыфы павінны былі дзейнічаць да 31 сакавіка, аднак цяперашняя пастанова міністэрства гэты крайні тэрмін выключае.

Раней Беларусь запытвала павышэньне тарыфаў на транспартаваньне нафты з Расеі для «Гомельтранснафта Дружба» і «Полацктранснафта Дружба» на 20,5%, аднак расейскі бок з гэтым не пагадзіўся.

На фоне нафтагазавай спрэчкі Беларусь зьбіралася павысіць тарыфы на транзыт расейскай нафты яшчэ ў кастрычніку 2016 году. Прычым разглядалася падвышэньне тарыфаў у сярэднім на 50%, аднак гэтага не адбылося.

Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што такім чынам Менск дэманструе намер не пераглядаць дамоўленасьці з Масквой па тарыфнай палітыцы ў бліжэйшы час у аднабаковым парадку.

«Гэта не саступка, — адзначыў Раманчук у размове са Свабодай, — Гэта праява павагі да працэдуры зьмяненьня тарыфаў, якія ня могуць быць перагледжаны ў аднабаковым парадку. Калі ў дамове прапісана, што так трэба рабіць, то парушаць гэтыя нормы нельга, каб не нарвацца на санкцыі і гібрыдны адказ Расеі. Іншага шляху проста няма».

XS
SM
MD
LG