Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыкан падарыў Хрыста на крыжы


Уладзімер Кіслы

Бывала нехта са сьвятароў ці з Саюзу палякаў езьдзіў у Ватыкан. І была сустрэча з Папам.

З пустымі рукамі не паедзеш. Што ўзяць? Карціну. Для мастака, я ведаў прынамсі аднаго, вялікі гонар. Твая карціна будзе ў Ватыкане! Але такіх падарункаў там напэўна тысячы. І малаверагодна, што Папа павесіць тваю ў сваіх апартамэнтах.

Падарункі пантыфіку бываюць, зрэшты, розныя. Аднойчы ён атрымаў даволі нечаканы — расьпяцьце ў выглядзе сярпа і молата. Ад прэзыдэнта Балівіі. О, ужо гэты любіць эпатаж! А Папа не абразіўся? Не, выгляду не падаў. Яму патлумачылі: такое зрабіў некалі сьвятар, які быў забіты за абарону бедных людзей, яго звалі Луіс Эспінал. Ну, а самога Францішка называюць «Папам беднякоў».

Сам Ватыкан спэцыялізуецца на мошчах. Раней самі фундатары прывозілі іх адтуль у гарадзенскія касьцёлы. Цяпер — у катэдральным часьцінкі мошчаў былога папы, цяпер сьвятога Яна Паўла ІІ. Што прывязе папа Францішак, калі ўрэшце некалі наведае Беларусь? Хто ведае. А наогул — ці прыедзе? Па Радыё Ватыкан абмяркоўваецца магчымасьць паездкі ў Маскву. Калі гэта спатрэбіцца Пуціну, зразумела. А калі так, то нельга выключыць такі візыт з заездам у Беларусь.

А пакуль з Ватыкану прыбыла старасьвецкае расьпяцьце. Яно трапіла ў рукі да чалавека, якога я ведаю больш за трыццаць гадоў, які рэстаўруе старыя рэчы з касьцёлаў і цэркваў. Абразы, расьпяцьці, палотны з рэлігійнымі сюжэтамі, творы мастацтва. Тыя, што захаваліся ў нашых храмах, якім пашэнціла захавацца.

Чалавек, аб якім я кажу, гэта Ўладзімер Кіслы, мастак-рэстаўратар. Мы сустрэліся пад статуяй Хрыста на Савецкай плошчы. І вось што мне расказаў Кіслы: «Нядаўна я рэстаўраваў прывезенае з Ватыкану ўкрыжаваньне. Ватыкан падараваў Беларусі ўкрыжаваньне ХVІ стагодзьдзя. І чамусьці сакратар нунцыя на мяне выйшаў. Я адмаўляўся, казаў, што аддавайце менскім, там больш высокага рангу майстры, зьвяртайцеся да іх, я называў канкрэтныя імёны. Але ён настаяў, каб зрабіў гэта я».

Нейкая ж прычына была? Чаму выбар паў на цябе, на майстра з Горадні? Насамрэч гэта ж прыемна, калі аб табе ведаюць і цябе цэняць. Заканчэньне гісторыі было такім, кажа Кіслы: «Ён паглядзеў, што я рабіў папярэдне, якія работы. І ён сказаў: гэта ня ваша справа вырашаць, хто будзе рабіць, ваша справа згадзіцца ці адмовіцца. І я ня стаў адмаўляцца. Адрэстаўраваць твор мастацтва з Італіі. Для мяне, правінцыйнага ўмельца, гэта трошачкі прэстыжна. Я пастараўся гэтую працу зрабіць на ўзроўні. І сакратар нунцыя застаўся задаволены, сказаў, што вы дарэмна сьціплічалі. Мы будзем да вас зьвяртацца яшчэ».

А якія былі акалічнасьці, што датычаць расьпяцьця? Яго перадалі, каб наш касьцёл меў старадаўнюю рэч, якіх тут няма? Іншых падрабязнасьцяў не даведаўся? Цябе гэта не датычыць?

Не, адказвае майстар, у мяне ёсьць канкрэтная функцыя. А калі ты занадта моцна цікавісься ўсім і лезеш куды ня трэба… Прывезьлі з Ватыкану, яно патрабавала сур’ёзнай рэстаўрацыі. Фігура Хрыста. Паламаныя пальцы былі, рукі. Паліхромія страчаная. І я пастараўся зрабіць менавіта не паднаўленьне, як часта бывае, а зрабіў сапраўдную кансэрвацыю. Так, як мяне вучылі. І калі закончыў, мансэньёр, сакратар нунцыя, сказаў: вось гэта тое, што я хацеў бачыць. Тое, што вы пакінулі трэшчынкі, яны дадаюць драматызму. Ён застаўся задаволены. І для мяне гэта адзнака. Таму што цяпер работы выконваеш музэйныя, яны недзе «тонуць» у экспазыцыі, на выстаўках, у фондах і як бы галушкі глынаеш. Незаўважаныя. А ўсё-ткі, як ні круці, чалавеку важна, як ацэньваецца ягоная работа. А калі чалавек з Ватыкану, з Італіі кажа: малойца, ты зрабіў на добрым узроўні, гэта для мяне адзнака. Як у тым галівудзкім фільме гаворыць: як добра мы ігралі, шкада, што ніхто гэтага ня чуў...

Рэстаўратар працуе моўчкі, сам-насам з творам мастацтва. З думкамі, накіраванымі на яго. Занятак цікавы, праца — карпатлівая. Што праўда, у нашых умовах ня вельмі аплатная. Хоць прафэсія даволі рэдкая і ня цярпіць халтуры. Для мяне важна, што Кіслы бадай пераймае тых майстроў, якія працавалі ў старадаўняй Горадні, калі статуты цэхаў не дазвалялі дапускаць нядбайнасьць. Кіслы ўдакладняе, падсумоўвае працу з расьпяцьцем: ім захавана было ўсё, што было. Ня проста памыў, вычысьціў, наноў пафарбаваў. Былі зламаныя рукі, усе фалангі пальцаў, іх проста не было. Іх дадаваў, як стаматоляг на штыфты ўстаўляе зубы, спачатку штыфты, затым нарошчваў, кажа майстар: «Рукі Хрыста прыбітыя, там складаная канфігурацыя пальчыкаў, а я ня скульптар усё-ткі і мне прыйшлося крышку пастарацца, каб зрабіць на ўзроўні. Штосьці пагартаць, паглядзець узоры. Здаецца, зрабіў сумленна».

Кіслы зросься з Горадняй, яго ведаюць і ксяндзы і бацюшкі. Ведаюць, што можна любую працу даверыць, што не напартачыць. Але сам усяго ня зробіш, прыцягнуў менскіх калегаў сюды, распавядае ён. Хаця многія пераключаюцца на Расею, там добра аплачваецца работа, шмат яе ў манастырах. І яны едуць туды, каб нешта зарабіць.

XS
SM
MD
LG