Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: Украіна — не адзіны вораг Крамля


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікае міжнародную супольнасьць захаваць санкцыі супраць Расеі да поўнага аднаўленьня тэрыторыі Ўкраіны ў міжнародна прызнаных межах.

«Санкцыі маюць заставацца дзейснымі, пакуль ня будзе адноўлена тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах, уключаючы Крым», — заявіў Пятро Параэнка сёньня на супольным брыфінгу зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Джозэфам Байдэнам, які знаходзіцца ва Ўкраіне зь візытам.

Украінскі прэзыдэнт нагадаў, што сёлета спаўняецца тры гады, як Расея разьвязала сапраўдную вайну супраць Украіны. «Гэта вайна, у якой забітыя 10 тысяч украінцаў, цывільных і вайскоўцаў, працягваецца і сёньня. Толькі за апошнія тры дні нашых вайскоўцаў абстрэльвалі больш за 250 разоў», — дадаў ён.

«Украіна ўсьведамляе, што зьяўляецца не адзіным ворагам Масквы. Усе, хто вызнае дэмакратычныя каштоўнасьці ёсьць ворагамі Крамля, і таму сёньня абарона Ўкраіны — гэта абарона каштоўнасьцяў вольнага сьвету. Пагрозы застаюцца. Расея імкнецца пазьбегнуць адказнасьці, а каб кампэнсаваць ваенныя няўдачы, спрабуе дэстабілізаваць ўнутраную сытуацыю ў краіне, справакаваць беспарадак, яна імкнецца раскалоць трансатлянтычнае і эўрапейскае адзінства. І ў нашых сілах змагацца з гэтымi плянамі, у першую чаргу, шляхам запуску дарожнай карты імплемэнтацыі менскіх дамоўленасьцей, і ў той жа час працягваць пасьпяховыя ўнутраныя рэформы», — адзначыў Пятро Парашэнка.

У сваю чаргу Джозэф Байдэн падкрэсьліў, што менскі фармат перамоваў у пытаньнях разьвязаньня канфлікту на Данбасе застаецца адзінай жыцьцяздольнай пляцоўкай. «Нягледзячы на тое, як вам цяжка захаваць веру ў менскі працэс, калі Расея адмаўляецца выконваць свае абавязаньні бясьпекі, мы ведаем, што гэты працэс ёсьць адзінай жыцьцяздольнай асновай для разьвязаньня канфлікту на Данбасе, аднаўленьня кантролю Ўкраіны над міжнароднай мяжой», — мяркуе віцэ-прэзыдэнт ЗША.

Паводле яго, для Ўкраіны менскі працэс ёсьць адзінай надзеяй рухацца наперад. «Але дазвольце мне быць шчырым з вамі. Палітычная частка дамовы ня можа быць рэалізаваная да таго часу, пакуль ня спыніцца агрэсія з боку Расеі. Толькі пасьля таго, як Расея і яе пасярэднікі на ўсходзе выканаюць свае абавязаньні па спыненьні баявых дзеяньняў і дадуць магчымасьць усталяваць бясьпеку, можна чакаць ад Украіны поўнага выкананьня сваіх палітычных абавязаньняў. Ні для каго не сакрэт, што Расея ня хоча, каб вы дасягнулі посьпеху. І гэта тычыцца ня толькі Ўкраіны. Гэта тычыцца будучыні, да якой мы імкнёмся — да цэласнай і мірнай Эўропы», — адзначыў Джозэф Байдэн.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША таксама патрымаў прэзыдэнта Ўкраіны адносна санкцый супраць Расеі. «Расея не выконвае цалкам свае абавязаньні за менскімі дамоўленасьцямі, а санкцыі супраць Расеі, зьвязаныя з Крымам, маюць заставацца, пакуль Расея ня верне Крым Украіне», — падкрэсьліў Джозэф Байдэн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG