Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларусаў скараціліся валютныя дэпазыты. Чаму гэта можа ўмацаваць інвэстыцыйную дэпрэсію


На пачатак 2017 году, згодна банкаўскай статыстыцы, тэрміновыя валютныя ўклады скараціліся да мінулага году на 9% — 6,99 млрд даляраў супраць 7,7 млрд, заўважае БелаПАН. Пры гэтым рублёвыя ўклады павялічыліся на 12% з улікам налічаных адсоткаў, але ня вырасьлі ў рэальным выражэньні.

Згодна з банкаўскай статыстыкай, у 2016 годзе скарачаліся ня толькі банкаўскія ўклады, а і запасы, што людзі захоўвалі ў іншых месцах, у тым ліку дома. Летась беларусы прадалі валюты на 2,4 млрд далаяраў больш, чым набылі.

МВФ прагназуе і далейшае зьніжэньне зьберажэньняў да 2020 году — паводле гэтых прагнозаў, Беларусь мае аказацца аўтсайдэркай у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ўзроўнем валавых нацыянальных зьберажэньняў, хоць яшчэ нядаўна была рэгіянальным лідэрам.

«Тэндэнцыя зьніжэньня зьберажэньняў, пэўна, захаваецца. Рэальныя даходы насельніцтва летась ізноў зьменшыліся, і, каб падтрымаць спажываньне на ранейшым узроўні (а жаданьне такое ў насельніцтва прасочваецца), у ход ідуць зьберажэньні», — тлумачыць БелаПАН эканаміст Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Дзьмітры Крук.

«Аднак калі насельніцтва канчаткова ўсьвядоміць, што на рост заробкаў разьлічваць у найбліжэйшыя гады ня варта, магчыма, хатнія гаспадаркі перагледзяць свае паводзіны і зьнізяць спажываньне, што стабілізуе ўзровень укладаў», — дадае акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барункова. Яна лічыць, што ў 2017 годзе аб’ёмы продажу валюты насельніцтвам могуць быць ніжэйшыя, чым у 2016-м.

Зьмяншэньне дэпазытаў насельніцтва можа закансэрваваць «інвэстыцыйную дэпрэсію», разважае Крук. Калі раней кампаніі не былі гатовыя да інвэстыцыяў праз эканамічны спад, то цяпер другім фактарам можа стаць меншая доля сродкаў у насельніцтва, якія маглі бы быць накіраваныя ў эканоміку. Гэта можа выклікаць другую хвалю спаду ў эканоміцы.

У Беларусі рэцэсія трывае другі год. У 2016 годзе падала ўсё, акрамя цэнаў: намінальныя заробкі і рэальныя даходы, валавы ўнутраны прадукт, імпарт і экспарт, таваразварот, замежныя інвэстыцыі, будаўніцтва жытла, колькасьць занятых на працы людзей... Інфляцыя за 2016 год у Беларусі была амаль такой жа, як ва Ўкраіне.

Што і як упала ў Беларусі за год:

Што і як упала ў Беларусі за год
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:38 0:00

Лукашэнка заплянаваў на 2017 год невялікі рост эканомікі і запавольваньне інфляцыі, зноў і зноў абяцае беларусам сярэднія заробкі па пяцьсот даляраў.

XS
SM
MD
LG