Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у беларуса мяжа цярпеньня?


Падарожжа Свабоды ў вёску Гатаўшчына Глыбоцкага раёну.

У кампаніі з былым першым хлопцам на вёсцы, гэта значыць вясковым гарманістам, мажным, чырванатварым гумарным дзядзькам Міколам, я іду па галоўнай вуліцы вёскі Гатаўшчына. Мы ідзем у госьці да Васіля Судніка, былога калгаснага шафёра, якому спаўняецца 80 гадоў. Пра Васіля Гаўрылавіча я пачуў ад Юліі Букі, вядомай нашым слухачам гаспадыні цудоўнай аграсядзібы ў суседняй вёсцы Валодзькі. Спадарыня Юлія раіла абавязкова пазнаёміцца з Суднікам. Праходзячы каля невялікай праваслаўнай капліцы, мой спадарожнік узгадаў анэкдот пра папоў. Вельмі дарэчы напярэдадні Раства. Расьце раздражненьне ад папоўскай хцівасьці.

­— Адзін бізнэсмэн прыехаў да бацюшкі і кажа: «Памёр у мяне кот. Адслужы абедню». — «Па жывёлах нельга». — «Дык я табе заплачу тысячу баксаў». — «Дык што ж ты адразу не сказаў, што ў цябе кот хрышчаны!» Па нябожчыку памаліцца, у запісцы адно імя ўспомніць у малітве — пяць рублёў. У глыбоцкай царкве. А ў нас яшчэ болей. 7 рублёў! Вось такія ў іх тарыфы. А як у мяне няма грошай? Што рабіць тады? І паглядзіце, на якіх машынах разьяжджаюць гэтыя сьвяшчэньнікі і якія дамы ў іх.

Васіль Суднік
Васіль Суднік

Васілю Судніку споўнілася 80 гадоў. Гэта бадзёры, падцягнуты чалавек з маладымі вачыма і цудоўнай памяцьцю. Я зьвярнуў увагу на сьцяг вайскова-марскога флёту СССР і старую бесказырку. Якую спадар Васіль тут жа зухавата надзеў. З расповеду пра марскую службу і пачалося наша знаёмства. Аказваецца, былы старшы матрос Балтыйскага флёту Васіль Суднік у Расеі лічыўся б удзельнікам Другой сусьветнай вайны. З усімі ўшанаваньнямі. І вось чаму.

— Я служыў на разьмініраваньні. Паваенныя фарватэры разьмініравалі. І мой друг, зь якім служыў, ён у Расеі лічыцца ўдзельнікам вайны. А ў нас гэтага няма. Я хадзіў у ваенкамат. «Былі б вы ў Расеі, тады справа іншая». Вось такая несправядлівасьць. Праца была цяжкая і небясьпечная. Міна стаіць на якары. Пад вадой. Разакі захопліваюць трос гэтай міны і пераразаюць трос. І міна — пых! І наверх. І пасьля адзін з караблёў адыходзіць на адлегласьць і расстрэльвае яе.

За сталом дзядзька Мікола прасьвяціў мяне, што насамрэч мы знаходзімся ў былой вёсцы Восава. А Гатаўшчынай называлася мясьціна, дзе быў панскі двор.

— Раней тут Гатаўшчыны не было. Была вёска Восава. І мы восаўцы на самой справе. Нас называлі махрачамі. Я карэнны махрач! Я ганаруся тым, што я махрач. Махрачы адрозьніваліся тым, што падпярэзваліся такімі ручнікамі. З махрамі. Махрачкі іх называлі. Яны былі дружныя. Калі нехта на танцах завядзецца з махрачамі, лепш махрачоў не чапаць. Маглі пастаяць за сябе.

Што б ні казалі пра загубленую беларускую нацыянальную сьвядомасьць, але за сталом, пад добрую чарку, беларус ня можа не знайсьці нагоды для нацыянальнага гонару.

— У нас ня так было, як у Расеі. Сьценка на сьценку, дзеля забавы. Гэта дзікунства. А яшчэ з заточкамі нейкімі. І ў нас былі бойкі. Празь дзеўку. Быў матыў! А там жа проста пазабаўляцца, адзін аднаму морду набіць ці пакалечыць. І ў нас у Восаве забілі за дзеўку. Але гэта не забава.

Там, дзе яшчэ пару гадоў таму назад стаяла шляхецкая сядзіба Крукоўскіх, мураваны прыгожы дом першай паловы 19 стагодзьдзя, цяпер непрыглядная пустка. Найбольшыя страты сядзібная Беларусь зазнала ў вайну, калі савецкія партызаны палілі шляхецкія дамы сотнямі. Але колькі іх разбурана за постсавецкія часы? Думаю, не нашмат менш. Розьніца толькі ў тым, што тады іх палілі, а цяпер гаспадарліва разьбіраюць на будматэрыялы. І імёны калгасных герастратаў таксама вядомыя. Кажа Васіль Суднік.

— Паны Крукоўскія тут былі да 17-га году. А ў 17-м годзе падчас рэвалюцыі рускія нетактоўна паступілі з панамі. Разбурылі і спалілі гэты дом. Пасьля паны вярнуліся і адбудавалі гэты дом. А тут 39-ты. І зноў разбурылі. Пасьля вайны там зрабілі калгасны цялятнік. У 56-м годзе ў доме зрабілі школу. Дырэктары мяняліся, дах цячэць. Школу пабудавалі новую. І старую сядзібу разбурылі пазалетась. Шкадавалі ўсе. Гэты дом быў як сымбаль Гатаўшчыны. Як зьвярнулі гэты дом — няма Гатаўшчыны. Паставілі ў нас старшыню такога, Штура. А ён трапач, п’янюга! «Я тут буду нутрыі гадаваць! Макаронную фабрыку тут зраблю!» Усё фантазіраваў. Прывёз нейкіх шабашнікаў. Яны разабралі дом, зьнялі столь, падлогу. А дошкі такія жоўтыя, моцныя! І яны лепшы матэрыял сабе забралі. Яны ўсё дзівіліся — што ён робіць? Лепшага ж не пабудуець. А ён і ня думаў будаваць. Нехазяйскі быў старшыня.

Новая школа, пабудаваная за часамі незалежнасьці, выглядае салідна. Двухпавярховы цагляны будынак са спартыўнай заляй і цёплымі прыбіральнямі. Чаму акцэнтую ўвагу на прыбіральнях? Таму што дзяцей перавялі ў суседнюю школу, дзе прыбіральня на вуліцы. Як гэта растлумачыць? Я ня ведаю. А яшчэ закрытая школа радуе вока новымі шклопакетамі, пастаўленымі за год да яе закрыцьця.

Па галоўнай вуліцы Гатаўшчыны ідзе ў краму жанчына. Прыемная, усьмешлівая. Па яе ўсьмешцы ні за што не здагадаесься, што ў яе ёсьць нейкія праблемы. Але давайце пагаворым пра тое, чаго найчасьцей жадаюць адзін аднаму беларусы. Пра здароўе і посьпехі ў працы.

— Я працую даяркай. У месяц выходзіць 70 рублёў.

— Як на гэтыя грошы выжыць?

— У мяне парася, куры. Маёй зарплаты хапае толькі на камунальныя паслугі. І на хлеб, калі нешта застанецца. Вось так. У нас свая бульба, морква. Гэтым і перабіваемся. Адзеньне даношваем тое, што купілі, калі грошы плацілі. Цяпер ужо ня купіш. Дзеці вырасьлі, пайшлі на свой хлеб. Таму лягчэй. Яны ў горадзе добра палучаюць. Па 450 рублёў. Гэта мы, вясковыя, павінны карміць усіх, а ў выніку самыя бедныя. Рукі баляць, ногі баляць. Гэта мне цяпер 44 гады. А праз 15 гадоў буду бяз рук і бяз ног.

Калі я дастаў смартфон, каб сфатаграфаваць жанчыну, тая катэгарычна адмовілася. Маўляў, будуць непрыемнасьці. Але якія яшчэ могуць быць непрыемнасьці пасьля тых «прыемнасьцяў», пра якія я толькі што пачуў?

— У мяне летась зьнясіленьне арганізму было. Не магла нават на працу хадзіць. Не маглі дактары вызначыць — што ў мяне. Гэта я цяпер паправілася. Нешта да сьвята купіла, у мяне хлеб цяпер ёсьць. А быў час — хлеба не было. Бульба ёсьць, я яе звару, а з чым яе есьці? Трэба ж алей нейкі ці масла. А ў мяне няма. І паехала да дактароў. І не магу па лесьвіцы падняцца. Задыхаюся, сэрца калоціцца, і ўсё. Дактары думалі, што ўжо нейкая анкалёгія. Урэшце вызначылі, што ў мяне зьнясіленьне арганізму.

Зьнясіленьне арганізму і алей у якасьці далікатэсу. Спытаць, зь якім пачуцьцём даярка ўспрыняла словы кіраўніка дзяржавы пра 500 даляраў сярэдняга заробку, у мяне не павярнуўся язык. Я спытаў пра іншае.

— Як вы думаеце, у беларуса ёсьць нейкая мяжа цярпеньня?

— Вось калі ня стануць увогуле плаціць і пойдуць па дамах рабаваць і забіваць, вось тады людзі ня вытрымаюць.

«Калі пачнуць па дамах хадзіць і рабаваць, тады людзі ня вытрымаюць». Але ўжо хадзілі. У 39-м. Бацьку Васіля Судніка Гаўрылу забралі ледзь не праз тыдзень пасьля «вызвольнага паходу». Гэты чалавек ёсьць у нашай «картатэцы Сталіна». Цытую:

«СУДНІК Гаўрыла Мікалаевіч, нар. 1884 у в. Осава Пліскага р-ну Вялейскай (Віцебскай) вобл., беларус, зь сялян, селянін, аднаасобная гаспадарка ў в. Гатаўшчына Пліскага р-ну. Асуджаны 41.02.10 „асобай нарадай“ за к/р барацьбу».

Гэтыя сухія радкі ажываюць у словах ягонага сына Васіля. Ён да дэталяў памятае дзень, калі забіралі бацьку.

— Ніякі не злачынец нічога. Толькі 24 гектары зямлі меў. Толькі ў гэтым віна. І вывезьлі ў Сыбір. Там і загінуў у 48-м годзе. Нават пару лістоў быў даслаўшы адтуль. Пісаў, што «дашліце пасылку, але нічога каштоўнага. Хоць паранага аўсянага талакна. Каб паесьці». Вось так там гаравалі.

— Яго арыштавалі аднаго?

— У нас чалавекі тры ўзялі. Аднаго спрабавалі арыштоўваць. А ён звар’яцеў. І засумняваліся яго чапаць. А як было. Прыйшлі забіраць. А ён ім — пачакайце, я зараз пазваню таварышу Сталіну. Адкрывае юшачку дымаходную і гаворыць туды, як у слухаўку тэлефонную: «Таварыш Сталін! Да мяне прыйшлі невядомыя і хочуць мяне забраць! Як мне паступаць? Што вы кажаце? Браць сякеру і секчы?» І як ён пра сякеру сказаў, тыя разьбегліся хто куды. Ён звар’яцеў. Яго пакінулі ў спакоі. А ў нас забралі кармільца. Сям’я была — 8 дзяцей. Шэсьць сыноў і дзьве сястры. Я гэты дзень памятаю цудоўна. Прыйшлі днём, утраіх, у скураных тужурках. Сьвята было. Узьвіжаньне. На бацьку — зьбірайся! А тата паглядзеў на нас. «Я разьвітвацца ні з кім ня буду. Я не злачынец». Я самы малодшы быў. Ён пацалаваў мяне. «Васілёк, пака». (Плача.) Я хоць малы, але запомніў іхныя ўсьмешкі. Адзін на аднаго паглядзелі і засьмяяліся. Калі бацька сказаў, што хутка вернецца. Яны ўжо ведалі, што нікуды ён ня вернецца.

Я даўно марыў знайсьці ў якой хаце маляваны дыванок Язэпа Драздовіча. Бо мастак іх ствараў тут сотнямі. Але большую частку гаспадары павыкідалі, рэшткі пабралі калекцыянэры. І вось на стары Новы год маё жаданьне зьдзейсьнілася. Над ложкам Васіля Судніка ў выдатным стане вісела маляванка нашага геніяльнага вандроўніка. Райскі пэйзаж, з возерам, з лодачкай і параю закаханых. Намаляваны ў 48-м годзе.

— Ён фарбы прывозіў зь Вільні. І ўсе іх разводзіў на яечных жаўтках. Я яго добра помню. Старычок дужа пацешны. Пагаварыць любіў.

На зваротным шляху мне спаткалася дзяўчынка гадоў сямі. Гэта наймалодшая жыхарка Гатаўшчыны Паліна. Яна ішла зь бібліятэкі, дзе ўзяла кнігу на беларускай мове. Паліна распавяла мне, што мясцовыя жыхары пакралі ў закрытай школе. Але ня толькі пра гэта.

— Там пакралі ўсе дзіваны, стульля. Нічога не засталося. Я расіянка! А ў Расіі радзілася. Мы там дом здымалі. Мама ў Расію паедзе, а мы з бабуляю тут застанемся. Мама, калі п’яная, недзе бродзіць.

— А бацька ёсьць?

— У мяне было два бацькі. Адзін згарэў, а другі павесіўся. Я ня памятаю. Так мама казала.

— А ты калі вырасьцеш, тут застанесься ці паедзеш куды?

— У Расію паеду. Бо тут хто сварыцца, хто раве. Адзін дзядзька п’яны зламаў дзьверы нам, вокны пабіў.

— Ня страшна табе?

— А што тут такога страшнага? Ладна, пайду я.

Задуменнае дзяўчо пайшло дахаты. У свой няўтульны сьвет. Можаце лічыць мяне ідэалістам, але я ўпэўнены: калі ёй нешта і дапаможа знайсьці цьвёрдую глебу пад нагамі — дык гэта беларуская кніга, якую Паліна цягне зь бібліятэкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG