Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неадэкватна мяккае пакараньне»: праваабаронцы просяць пракурорскай праверкі ў «справе пэдафілаў»

Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Разуменьне» зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру, МУС і Сьледчы камітэт Беларусі, выказваючы глыбокую заклапочанасьць з нагоды «неадэкватна мяккага пакараньня» ў нядаўняй «справе пэдафілаў», распавядае Naviny.by.

У прыватнасьці, праваабаронцы лічаць, што прызнаньне былога супрацоўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Вячаслава Давыдовіча вінаватым у полавых зносінах зь непаўналетнім (арт. 168 КК РБ) і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці (арт. 233 ч.2 КК РБ) з прызначэньнем яму пакараньня 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму было недастаткова жорсткім. Давыдовіч, які ўжо адбываў пакараньне паводле эканамічнага артыкулу з 2013 году, мае выйсьці на волю праз год і 8 месяцаў.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на артыкул 167, часткі 2 і 3: за гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні непаўналетніх і заведама малалетніх пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

«Разуменьне» просіць правесьці пракурорскую праверку апэратыўнай справы на прадмет новага расьсьледаваньня эпізодаў, што «не атрымалі пацьвярджэньня ў судзе». Таксама праваабаронцы просяць належным чынам расьсьледаваць крымінальныя справы супраць меркаваных саўдзельнікаў Давыдавіча, а таксама грамадзян, якія меркавана перашкаджалі правядзеньню ўсебаковага і аб’ектыўнага расьсьледаваньня і суду. Яны лічаць, што на суд маглі чыніць ціск, магла быць «нейкая дамоўленасьць».

Tut.by публікаваў расьсьледаваньне пра катэдж Давыдовіча ў Зацані (адзін з самых вялікіх катэджаў Беларусі плошчай 1736 м²), куды фігуранты «справы пэдафілаў» заваблівалі дзяцей нібыта на будаўнічыя работы, у сэкцыі ці майстэрні. Выданьне піша пра сотні, калі ня тысячы ахвяраў групоўкі з пачатку 2000-х гадоў.

Тым часам за адну карцінку «з элемэнтамі парнаграфіі» дзяўчыне з Горадні прысудзілі два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на год і штраф у 690 рублёў.

XS
SM
MD
LG