Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзякуй, Ірына Міхайлаўна!


Ірына Міхайлаўна Быкава.

13 студзеня Ірыне Міхайлаўне Быкавай спаўняецца 90 гадоў.

Сярод жывых няма чалавека, які б болей за яе ведаў і разумеў Быкава — хоць бы таму, што свае творы Быкаў абмяркоўваў найперш зь ёй. Зь ёй на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў жыцьця дзяліўся тым, чым не дзяліўся ні з кім (і між іншым, яе права — захаваць пры сабе нешта з таго, што было сказана паміж імі).

У «Доўгай дарозе дадому» Васіль Уладзімеравіч пра знаёмства зь Ірынай Міхайлаўнай піша няшмат, ён увогуле вельмі мала піша пра родных, нават у мэмуарах, тым больш ніколі не казаў пра іх у інтэрвію — гэта была зона, якую яму не хацелася прыадчыняць для публічнасьці.

У іх было сапраўднае каханьне — і гэта адчувалася нават тады, калі яны былі ў немаладым ужо ўзросьце.

Пазнаёміліся яны ў «Гродненскай праўдзе», дзе Васіль Быкаў працаваў літкансультантам, а Ірына Суворава — супрацоўнікам аддзелу культуры (яна скончыла журфак БДУ). У абодвух былі семʼі, дзеці.

Ірына Міхайлаўна друкавала на машынцы творы Быкава, калі ён быў яшчэ мала каму вядомым аўтарам — і працягвала гэта рабіць доўгія гады. «Мёртвым не баліць», «Сотнікаў», «Знак бяды» — надрукаваныя ёй.

Аднак яе ўдзел быў ня проста тэхнічным. Яна — першы чытач быкаўскіх тэкстаў у рукапісах, а яшчэ дарадца — пачуцьцё стылю і літаратурны густ у Ірыны Міхайлаўны бездакорныя. «Ірына Міхайлаўна... стала першым і дужа прыдзірлівым крытыкам усяго мной напісанага. Цяпер я ёй за тое вельмі ўдзячны, хаця тады часам і крыўдзіўся», — напіша пазьней Быкаў у «Доўгай дарозе дадому».

У 1979 годзе Быкаў пераехаў у Менск, неўзабаве да яго прыехала Ірына Міхайлаўна.

У Менску ў Быкавых не было недахопу ў сябрах, знаёмых, у тых, з кім ім было прыемна сустракацца ў невялічкай утульнай кватэры на Танкавай — як і ў тых, хто сам напрошваўся на сустрэчы. З красавіка 1998 году пачалося жыцьцё на чужыне — Швэцыя, Фінляндыя, Нямеччына, Чэхія. Сябры іх не пакідалі, зьяўляліся новыя знаёмыя, але зразумела, што абапірацца ім даводзілася адно на аднаго. Цяжка прыгадваць вясну 2003-га, калі Васілю Ўладзімеравічу зрабілі анкалягічную апэрацыю — Ірына Міхайлаўна была ўвесь час побач, разам яны вярнуліся ў Менск, потым былі Бараўляны. І — 22 чэрвеня.

Летась у траўні, калі я пасьля дваццаці гадоў упершыню прыйшоў у кватэру на Танкавай, Ірына Міхайлаўна паказала мне гадзіньнік Васіля Ўладзімеравіча — стрэлкі застылі на 20.30, калі Быкаў адышоў у лепшы сьвет.

У кватэры ўсё, як было пры жыцьці Быкава. Хіба толькі разабраны архіў і паболела новых быкаўскіх выданьняў, а каля быкаўскай канапы ляжаць стосы «Дзеяслова», які некалькі год друкаваў тое, што заставалася ў сямейным архіве.

Публікатарам усіх тэкстаў была Ірына Міхайлаўна Быкава, і гэта — сапраўдны літаратурны подзьвіг, ацаніць які нацыі яшчэ належыць.

Дзякуй Вам, Ірына Міхайлаўна — за Быкава.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG