Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-баец «ЛНР» Трафімаў накіраваны на псыхіятрычную экспэртызу


Сяргей Трафімаў

Як стала вядома Свабодзе з надзейных крыніцаў у сілавых структурах Беларусі, былы баявік «ЛНР» Сяргей Трафімаў, які распавядаў пра тое, што нібыта ўдзельнічаў у забойстве ўкраінцаў у складзе групоўкі «ЛНР», падчас размовы са сьледчымі ворганамі адмовіўся ад сваіх слоў, сказаных у інтэрвію журналісту — ён заявіў, што хлусіў наконт удзелу ў баявых дзеяньнях і супрацоўніцтва з органамі дзяржбясьпекі «дзеля наданьня сабе значнасьці».

Як расказалі Свабодзе крыніцы ў сілавых структурах, у свой час Сяргей Трафімаў самастойна паведаміў спэцслужбам, што разглядае магчымасьць выезду ва Ўкраіну дзеля аказаньня дапамогі «апалчэнцам» і прапанаваў садзейнічаньне ў атрыманьні карыснай інфармацыі. Ад гэтай прапановы прадстаўнікі ўлады адмовіліся, папярэдзіўшы, што ў выпадку паўторнага выезду ва Ўкраіну супраць яго будзе распачатая крымінальная справа. Пазьней стала вядома, што ён усё ж паехаў на Данбас. Паводле інфармацыі сілавых структураў, Трафімаў у «ЛНР» меў вайсковую спэцыяльнасьць мэханік-вадзіцель (рамантаваў танкі Т-64), а таксама сыстэматычна нёс вартавую службу аховы вайсковых абʼектаў. Дакумэнтальных матэрыялаў, што пацьвярджаюць атрыманьне ім матэрыяльнай узнагароды за ўдзел у баявых дзеяньнях, няма. Фатаздымкі Трафімава, выкладзеныя ў сеціве, зробленыя на фоне складоў з пашкоджанай або сьпісанай зброяй, якая не зьяўляецца баявой.

Праваахоўныя органы не знайшлі падстаў для прыцягненьня Трафімава да крымінальнай адказнасьці, але ў 2016 годзе зь ім была праведзеная прафіляктычная размова з вынясеньнем афіцыйнага папярэджаньня ў сувязі зь ягоным удзелам ва ўзброеным канфлікце.

Пасьля публікацыі матэрыялу «Як былы актывіст „Зубра“ і былы сябра АГП стаў баявіком „ЛНР“, а потым прапанаваў свае паслугі КДБ» Трафімаў быў дапытаны сьледчымі органамі, дзе заявіў, што даў Свабодзе лжывыя зьвесткі наконт удзелу ў баявых дзеяньнях і супрацоўніцтва з органамі дзяржбясьпекі «дзеля наданьня сабе значнасьці». Пры гэтым экс-байцу «ЛНР» была прызначана судова-псыхіятрычная экспэртыза.

Паводле інфармацыі УЗ «Віцебскі абласны клінічны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі», Трафімаў яшчэ з 1993 году назіраецца ў гэтым цэнтры з дыягназам «дэмэнцыя» (набытая разумовая адсталасьць), а з 2005 па 2011 год назіраўся ў нарколяга ў сувязі са шкоднымі наступствамі ўжываньня наркатычных рэчываў.

Паводле беларускага заканадаўства, удзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ва ўзброеным фармаваньні аднаго з супрацьлеглых бакоў на тэрыторыi замежнай дзяржавы, а таксама ўдзел ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы, караюцца абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Глядзець камэнтары (16)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG