Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія судовыя прыставы змогуць выконваць на сваёй тэрыторыі рашэньні беларускіх судоў


Але нічога рэвалюцыйнага ў новых папраўках да расейскага Закону «Аб выканаўчай вытворчасьці» няма: і раней у Расеі выконваліся рашэньні беларускіх судоў, што да спагнаньня алімэнтаў ці пастановаў эканамічных судоў.

У новай рэдакцыі расейскага фэдэральнага закону «Аб выканаўчай вытворчасьці», якая была падпісаная Ўладзімерам Пуціным і набыла моц 9 студзеня, зьявілася агаворка. Цяпер патрабаваньні да замежных выканаўчых дакумэнтаў, якія належыць выконваць на тэрыторыі Расеі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі, вызначаюцца заканадаўствам замежнай дзяржавы, а не расейскім.

На гэты момант да такіх дамоваў адносіцца Пагадненьне паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб парадку ўзаемнага выкананьня судовых пастаноў па справах аб спагнаньні алімэнтаў ад 3 сакавіка 2015 году і Пагадненьне аб парадку ўзаемнага выкананьня судовых актаў арбітражных судоў Расеі і гаспадарчых судоў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2001 году.

Юрыст Сяргей Зікрацкі кажа, што нічога рэвалюцыйнага ў папраўках да расейскага Закону «Аб выканаўчай вытворчасьці» няма, і раней на тэрыторыі Расеі выконваліся рашэньні беларускіх судоў.

«З Расеяй у Беларусі не было праблем, што да выкананьня рашэньняў судоў. Гэтаксама як і рашэньні расейскіх судоў выконваліся на тэрыторыі Беларусі. Магчыма, цяпер працэдура спрасьцілася, не патрэбна будзе дадаткова зьвяртацца ў расейскі суд, каб выконваліся рашэньні беларускіх судоў. Ня думаю, што гэта рэвалюцыя і глябальныя зьмены».

Юрыст Гары Паганяйла кажа, што гэта проста ўдасканаленьне дзейнасьці судоў і выканаўчых службаў па выкананьні судовых рашэньняў, пастановаў і прысудаў.

У Расеі гэта ідзе даволі хуткімі тэмпамі і больш пасьпяхова, у Беларусі крыху больш марудна і менш эфэктыўна. Гэта звычайная руцінная праца па ўдасканаленьні заканадаўства. Бо ў цэлым эфэктыўнасьць судовай сыстэмы залежыць ня толькі ад якасьці правасудзьдзя, законнасьці вынесеных судовых прысудаў, рашэньняў, але і ад магчымасьці іх выкананьня. Бо сэнсу ў рашэньні няма, калі гэтае рашэньне нельга выканаць альбо калі яно не выконваецца належным чынам. Асабліва гэта тычыцца гаспадарчай дзейнасьці, субʼекты гаспадараньня шмат губляюць на гэтых справах.

Наагул, Расея і Беларусь пасьпяхова ўзаемадзейнічаюць у юрыдычнай сфэры. Базы дадзеных абʼяднаныя, кампэтэнтныя органы рэгулярна абменьваюцца сьпісамі тых, каго перасьледуюць, падазраюць, хто патэнцыйна пагражае бясьпецы краіны, хто «засьвяціўся» ў нядобрых справах, кажа юрыст Гары Паганяйла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG