Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі санкцыі супраць пяці грамадзян Расеі


Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандр Бастрыкін
Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандр Бастрыкін

ЗША ўвялі санкцыі супраць кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі і чатырох іншых крамлёўскіх фігур у сувязі з тым, што Дзярждэпартамэнт ахарактарызаваў як «сумна вядомыя парушэньні правоў чалавека», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Пяць грамадзян Расеі і два іншыя чалавекі, як мяркуецца, зьвязаныя з «Хезбала», трапілі пад санкцыі ў адпаведнасьці з законам Магніцкага.

Прадстаўнікі ЗША не ўдакладнілі, якія менавіта дзеяньні сталі прычынай увядзеньня санкцыяў. Аднак прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Джон Кірбі заявіў, што «пытаньне пра ўключэньне ў сьпіс кожнага дадатковага імя вырашалася пасьля шырокага дасьледаваньня».

Паводле Кірбі, пяць расейцаў адыгрывалі ролю «у рэпрэсіўнай машыне расейскіх праваахоўных органаў і, акрамя таго, яны былі датычныя да сумна вядомых парушэньняў правоў чалавека».

Адзін зь іх — кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандр Бастрыкін, які, як лічыцца, кіруе рэпрэсіямі супраць дысыдэнтаў.

Пад санкцыі таксама трапілі Андрэй Лугавы і Дзьмітрый Коўтун, якіх Вялікабрытанія лічыць галоўнымі падазраванымі ў атручваньні расейскага шпіёна і крытыка Крамля Аляксандра Літвіненкі ў 2006 годзе.

Асобам, уключаным у санкцыйны сьпіс, забаронены ўезд у ЗША. Іхныя актывы ў ЗША замарожваюцца, а амэрыканскім грамадзянам забаронена праводзіць зь імі якія-небудзь фінансавыя зьдзелкі.

Закон Магніцкага названы імем расейскага адваката і змагара з карупцыяй Сяргея Магніцкага, які памёр у 2009 годзе пасьля таго, як правёў год у турме, маючы праблемы са здароўем.

Расейскія сьледчыя не знайшлі прыкметаў крымінальных злачынстваў, зьвязаных са сьмерцю Магніцкага.

Аднак Дзярждэпартамэнт сьцьвярджае, што існуе мноства сьведчаньняў, якія паказваюць на тое, што Магніцкага зьбівалі ў турэмнай камэры і што ён не атрымліваў адэкватнай мэдыцынскай дапамогі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG