Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Ўмаралі-2: паліцыя ў Маскве адабрала дачку ў мігранткі, у якой скралі дакумэнты


Нілуфар Мамасаідава з дачкой
Нілуфар Мамасаідава з дачкой

У Маскве паліцыя і службы апекі адабралі ў мігранткі з Узбэкістану Нілуфар Мамасаідавай дачку, палічыўшы дзіця беспрытульным. Ужо больш за 10 дзён дзяўчынка адна знаходзіцца ў інфэкцыйным аддзяленьні 1-й гарадзкой бальніцы, а маці арыштавалі за адсутнасьць дакумэнта.

У кастрычніку 2015 году Таджыкістан быў узрушаны гісторыяй пяцімесячнага Ўмаралі Назарава. Дзіця таджыцкіх мігрантаў паліцыянты ў Санкт-Пецярбургу адабралі ў бацькоў на падставе таго, што ў тых не было дакумэнтаў на пражываньне ў Расеі. Хлопчыка зьмясьцілі ў дзіцячую бальніцу, дзе ён праз некалькі дзён нечакана памёр, хоць нічым раней не хварэў. Адказных за сьмерць дзіцяці так і не знайшлі, замест гэтага маці Ўмаралі дэпартавалі з Расеі, разлучыўшы яе з бацькам дзіцяці.

Праз год аналягічная гісторыя можа адбыцца ў Маскве. Паводле вэрсіі Нілуфар, падзеі разьвіваліся так. Яна прыехала ў Маскву ў 2014 годзе. Атрымала часовую рэгістрацыю і ўладкавалася працаваць прыбіральшчыцай у гандлёвую сетку «Ашан». Яна была афіцыйна зарэгістравана і мела на руках усе дакумэнты, якія паводле закону неабходныя для пражываньня ў РФ.

23 сьнежня ў яе арэндаваную кватэру ўварваліся невядомыя і вынесьлі з хаты ўсё, што можна было забраць. У тым ліку — дакумэнты жанчыны і яе аднагадовай дачкі.

«Адбыўся крадзеж дакумэнтаў, — распавядае Нілуфар Мамасаідава. — Я зьвярнулася ў аддзел паліцыі раёну Кунцава. Але, калі хацела напісаць заяву, у мяне папрасілі дакумэнты. На той момант не было ані сваіх дакумэнтаў, ані дакумэнтаў аб нараджэньні дзіцяці — іх скралі. Пасьля гэтага паліцэйскія мне пачалі задаваць пытаньні, ці гэта маё дзіця? Нібыта дачка на мяне не падобная».

Пасьля звароту ў паліцыю 25 сьнежня ў кватэру Нілуфар прыйшлі сьледчыя. Але замест таго, каб распачаць справу з прычыны крадзяжу, паліцыя канфіскавала ў жанчыны дачку — на падставе таго, што ў маці не аказалася дакумэнтаў на дзяўчынку.

Дзяўчынка з бацькам.
Дзяўчынка з бацькам.

У паліцэйскім аддзяленьні раёну Кунцава зьявіліся лекары «Хуткай дапамогі». Яны нібыта знайшлі ў дзяўчынкі высокую тэмпэратуру, хоць, як сьцьвярджае маці, дачка на той момант была абсалютна здаровая. Дзяўчынку канфіскавалі і зьмясьцілі ў 1-ю гарадзкую інфэкцыйную бальніцу, дзе яна знаходзіцца ўжо больш за 10 сутак у поўнай адзіноце.

«Малышка пакутуе адна ў палаце інфэкцыйнага аддзяленьня. Паводле лекараў, яна толькі пачала нармальна есьці і спаць. У любым выпадку, гэта вельмі моцная псыхалягічная траўма для дзяўчынкі», — сьцьвярджае адвакат Мамасаідавай, праваабаронца Бахром Ісмаілаў.

Саму Нілуфар праз адсутнасьць дакумэнтаў на трое сутак адправілі ў камэру часовага ўтрыманьня. Ісмаілаў кажа, што ў маці на нэрвовай глебе і пасьля некалькіх дзён знаходжаньня ў халоднай камэры пачалося запаленьне лёгкіх.

Па словах Ісмаілава, афіцыйны статус знаходжаньня ў Расеі пакуль не дапамагае жанчыне вярнуць дачку, якую ў паліцыі канфіскавалі на падставе звычайнага акту аб адсутнасьці нагляду.

«Мы кажам фактычна аб фальсыфікацыі, таму што дзіця не было беспрытульным, — кажа Бахром Ісмаілаў. — Яна знаходзілася пры маці, а маці прыехала зь ёй у аддзяленьне паліцыі. Але нам быў прадэманстраваны акт аб адсутнасьці нагляду, падпісаны начальнікам УУС раёну Кунцава».

Да справы падключылася амбасада Ўзбэкістану ў Маскве. Яе супрацоўнікі на працягу некалькіх сутак высьветлілі асобу жанчыны і аформілі ёй часовыя дакумэнты. Ужо ў чацьвер 5 студзеня Нілуфар атрымала даведку ў сувязі са стратай пашпарту і для атрыманьня сэртыфікату на выезд з Расеі на радзіму.

З гэтай даведкай Нілуфар і яе адвакат тут жа адправіліся ў бальніцу, дзе знаходзіцца дзіця. Але лекары выдаць дачку адмовіліся, патлумачыўшы гэта тым, што даведка не пацьвярджае радзтво дзяўчынкі з Мамасаідавай. Не атрымалася пакуль дамагчыся праўды і ў адным з маскоўскіх радзільных дамоў, дзе год таму дзяўчынка нарадзілася. Там заявілі, што архіўныя дакумэнты выдаюць толькі на распараджэньне галоўнага лекара, які цяпер знаходзіцца на навагодніх вакацыях.

Адвакат Мамасаідавай сумесна з супрацоўнікамі амбасады Ўзбэкістану ў Маскве ў пятніцу сустрэўся з прадстаўнікамі пракуратуры раёну Кунцава. Па яе выніках дамовіцца аб вяртаньні дзіцяці маці не ўдалося.

Пазьней сёньня ў маскоўскай паліцыі пракамэнтавалі інфармацыю аб канфіскацыі дзіцяці ў грамадзянкі Ўзбэкістану Нілуфар Мамасаідавой. Раней супрацоўнікі міліцыі Кунцава катэгарычна адмаўляліся ад камэнтароў.

Паводле вэрсіі паліцыі, 26 сьнежня паліцэйскія «выявілі» ў адным з дамоў на вул. акадэміка Паўлава ў раёне Кунцава грамадзянку Ўзбэкістану, якая з 2015 году пражывала ў РФ без рэгістрацыі. У кватэры разам зь ёй знаходзілася дзіця ва ўзросьце каля году. Дакумэнтаў, якімі можна засьведчыць асобу і радзтво, жанчына не прадставіла, сказаўшы, што перадала іх знаёмаму, паведамілі ў прэс-службе маскоўскай міліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG