Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк зьніжае стаўку рэфінансаваньня да 17% і спрабуе павялічыць прывабнасьць рублёвых укладаў


Фота ©Shutterstock

Стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі з 18 студзеня будзе зьніжана з 18% да 17% гадавых. Таксама зьмяняюцца нарматывы адлічэньняў у фонд абавязковых рэзэрваў.

Пра гэта паведамілі ва ўпраўленьні інфармацыі Нацбанку Беларусі.

Да таго ж з 18 студзеня зьніжаюцца стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых апэрацыях Нацбанку па падтрымліваньні бягучай ліквіднасьці банкаў — з 23% да 22% гадавых.

Паводле Нацбанку, гэтыя рашэньні прымаліся з улікам шэрагу фактараў. Сярод іх тое, што ў лістападзе 2016 году гадавая інфляцыя запаволілася да 11,4%.

Раней прагназавалася, што па выніках 2016 году спажывецкія цэны вырастуць на 12%. Цяпер жа Нацбанк кажа, што, паводле ацэнак, прырост будзе ніжэйшы — каля 11%. Нацбанк дадае, што тэмпы росту грашовай прапановы застаюцца ўмеранымі, а зьнешнеэканамічная ўстойлівасьць паступова павышаецца.

«На ўнутраным валютным рынку ў чацьвёртым квартале мінулага году працягнулася фармаваньне чыстай прапановы валюты, найперш з боку субʼектаў гаспадараньня і насельніцтва. Уклад курсавога фактару ў інтэнсіўнасьць інфляцыйных працэсаў застаецца нязначным, — паведамляе Нацбанк. — У цэлым манэтарныя ўмовы, якія складаюцца, абумовяць, як чакаецца, далейшае запаволеньне гадавой інфляцыі і выхад яе на адназначную велічыню ў першым квартале гэтага году».

Таксама з 1 лютага «на роўную велічыню» зьмяняюцца нарматывы адлічэньняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыяў у фонд абавязковых рэзэрваў. Адлічэньні ад прыцягнутых сродкаў у нацыянальнай валюце зьніжаюцца з 7,5% да 4%, ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце — павялічваюцца з 7,5% да 11%.

Акрамя таго, з 1 ліпеня 2017 году зьмяняюцца падыходы да клясыфікацыі і фармаваньня спэцрэзэрваў на пакрыцьцё магчымых страт па крэдытах у замежнай валюце, якія не забясьпечаныя валютнымі паступленьнямі для своечасовага і поўнага пагашэньня запазычанасьці крэдытаатрымальнікам.

У Нацбанку падкрэсьлілі, што гэтыя рашэньні прынятыя «ў рамках агульнай стратэгіі на зьніжэньне далярызацыі эканомікі Беларусі і накіраваныя на павышэньне прывабнасьці рублёвых укладаў параўнальна з валютнымі зьберажэньнямі і абмежаваньне крэдытных рызык, якія прымаюцца банкамі».

Папярэдняе зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня ў Беларусі адбылося 17 жніўня мінулага году — на 2 працэнтныя пункты да 18% гадавых.

XS
SM
MD
LG