Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна: у Літве разьмясьцілі спэцназ ЗША з прычыны расейскай агрэсіі


Міністэрства абароны Літвы пацьвердзіла агенцтву BNS зьвесткі, раней распаўсюджаныя New York Times: у краіне дысьлякаваныя вайсковыя сілы спэцапэрацыяў ЗША.

Разьмяшчэньне амэрыканскіх вайскоўцаў ёсьць «адным з захадаў стрымліваньня і формай доўгатэрміновай супрацы з узброенымі сіламі ЗША», сьцьвярджае Вільня, і вайскоўцы бяруць удзел у вучэньнях і «прабудуць столькі, колькі таго патрабуе сытуацыя ў сфэры бясьпекі».

Гаворка вядзецца, паводле New York Times, пра «некалькі дзясяткаў» вайскоўцаў за апошнія месяцы ў Літве, а таксама Латвіі і Эстоніі. Амэрыканцы ня ўтойвалі факт дысьлякаваньня вайскоўцаў, Расея ведае пра гэта.

Кіраўнік дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы Дарыюс Яўнішкіс заявіў, што «дысьлякацыя — гэта строгі адказ Расеі, які сьведчыць пра тое, што NATO ды іншыя краіны ня будуць мірыцца з расейскай агрэсіяй у гэтым рэгіёне». Пасьля анэксіі Расеяй украінскага Крыму ў 2014 годзе ў краінах Балтыі было разьмешчана па роце вайскоўцаў ЗША; Літва, Латвія і Эстонія павялічылі выдаткі на абарону. Сёлета абарону краінаў маюць узмацніць шматнацыянальныя батальёны NATO.

У кастрычніку мінулага году праводзіліся вучэньні з улікам магчымых у Латвіі сытуацыяў, на іх адпрацоўваліся сцэнары, калі Расея выкарыстоўвала ў тым ліку бесьпілётнікі, кібэратакі і маніпуляцыю СМІ.

Неўзабаве для 300 тысяч жаўнераў NATO, якіх маглі б накіроўваць у зону канфлікту ва Ўсходняй Эўропе ў выпадку агрэсіі Расеі, пэрыяд мабілізацыі будзе паскораны да двух месяцаў.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Расея «не адчувае сябе ў бясьпецы», калі сілаў NATO становіцца «больш і больш і бліжэй і бліжэй» да межаў Расеі. Потым і Ўладзімір Пуцін заявіў, што сытуацыя яго «напружвае», а таксама што ў сувязі з пашырэньнем NATO на ўсход Расея «мусіць ужываць контразахады, г.зн. ставіць пад удар ракетных сыстэмаў тыя аб’екты, якія, на нашу думку, пачынаюць нам пагражаць». Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг параіў ім «расслабіцца і прыняць тое, што суседзі самі могуць выбіраць свой шлях».

XS
SM
MD
LG