Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны ЭЗ атрымалі за 9 месяцаў 2016 году каля 1 мільёну просьбаў аб прытулку, дзьве траціны прыпала на Нямеччыну


У студзені-верасьні 2016 году ўлады краінаў Эўразьвязу атрымалі 988 тысяч просьбаў аб наданьні палітычнага прытулку. 658 тысяч гэтых заявак прыпала на Нямеччыну, паведамляе Welt са спасылкай на дадзеныя Eurostat.

У 2015 годзе просьбаў аб прытулку ў краінах ЭЗ было 1,2 мільёна, і гэта дазваляе меркаваць, што паказьнікі 2016 году застануцца больш-менш на тым самым узроўні, што і год таму.

Другой па папулярнасьці сярод уцекачоў дзяржавай ЭЗ аказалася Італія. Там улады атрымалі 85 тысяч просьбаў аб прытулку, трэцяй — Францыя (65 тысяч).

Нямецкія ўлады адзначаюць, што за год колькасьць тых, хто папрасіў прытулку ў іх краіне, вырасла амаль утрая.

Нямеччына ў 2016 годзе карыстаецца вялікім попытам сярод уцекачоў дзякуючы разьвітай сыстэме сацыяльнай падтрымкі. Для параўнаньня, у Грэцыі, дзе такой падтрымкі няма, прытулку ў 2016 годзе папрасілі толькі крыху больш за 30 тысяч мігрантаў, гэта значыць, у 20 зь лішнім разоў менш. І гэта нядзіўна, калі мець на ўвазе, што там, у адрозьненьне ад Нямеччыны, уцекачам кожны месяц выплачваюць усяго 399 эўра, на 1 эўра менш пражытачнага мінімуму ў краіне.

Многія краіны, у адрозьненьне ад Нямеччыны, у 2016 годзе пасьпяхова абмежавалі колькасьць мігрантаў, увёўшы кантроль на межах. Да прыкладу, у Даніі за ўвесь 2016 год было зарэгістравана толькі 4500 просьбітаў прытулку, пры тым, што ў 2015 годзе іх колькасьць дасягнула 21 тысячы чалавек.

Міністар унутраных справаў Нямеччыны Томас дэ Мэзьер у сувязі з наплывам мігрантаў, многія зь якіх могуць быць зьвязаныя з тэрарыстычнымі арганізацыямі, прапанаваў перагледзець нямецкае міграцыйнае заканадаўства. У аўтарскай калёнцы, апублікаванай у нямецкай газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung, міністар выказаўся за больш шырокія паўнамоцтвы ўладаў пры затрыманьні і дэпартацыі мігрантаў, у выпадку, калі яны ўяўляюць пагрозу бясьпецы, і стварэньне ў Нямеччыне фэдэральных цэнтраў высылкі мігрантаў, якія атрымалі адмову ў прытулку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG