Францускі ўрад у панядзелак афіцыйна прыступіў да працэдуры расьсяленьня стыхійнага лягеру бежанцаў у Кале, вядомага як «Джунглі». У ім жывуць уцекачы з Аўганістану, Сырыі, Эрытрэі і Самалі (ад 6,5 тыс да 10 тыс чалавек), у тым ліку 1300 бездаглядных дзяцей. Паводле разьлікаў уладаў, уся працэдура зойме тыдзень. Да апэрацыі прыцягнутыя 1200 паліцэйскіх.
Улады неаднаразова спрабавалі закрыць лягер і расьсяліць бежанцаў у 300 спэцыялізаваных міграцыйных цэнтраў па ўсёй Францыі. Апошняя спроба была ў лютым 2016 году. Але кожны раз рашэньне выклікала масавыя пратэсты мігрантаў і знос адкладаўся. Мігранты наадрэз адмаўляліся перабірацца ў іншыя месцы, бо лягер у Кале знаходзіцца на беразе Ля Маншу. Да нядаўніх часоў гэта быў адзін з самых лёгкіх спосабаў патрапіць у Вялікабрытанію — праз тунэль альбо на пароме. Але пасьля таго, як Вялікабрытанія пабудавала ў Кале сьцяну супраць мігрантаў, патрапіць у краіну стала значна складаней.
Напярэдадні ўначы ў лягеры зноў былі сутычкі паміж яго насельнікамі і паліцыяй. Мігранты шпурлялі камяні ў паліцэйскіх і на знак пратэсту падпалілі шэраг пабудоваў.
Тым ня менш, раніцай некалькі дзясяткаў мігрантаў з Судану і Эрытрэі вырашылі не чакаць канчатковага зносу лягеру і сабралі свае рэчы. Улады паведамілі, што жадаючыя будуць адсартаваныя па групах (семʼі, адзінокія мужчыны, непаўналетнія) і адпраўленыя на аўтобусах у інтэрнаты для бежанцаў у розных частках Францыі. Тым, хто зьедзе, абяцаюць даць прытулак у Францыі.
Першы аўтобус раніцай павёз 50 грамадзян Судану ў Бургундыю.
«Я шчасьлівы, дасталі мяне ўжо гэтыя» Джунглі", — заявіў 25-гадовы суданец Абас, які быў адным з пасажыраў аўтобуса. — Але ў нас тут поўна людзей, якія ня хочуць зьяжджаць, так што тут могуць узьнікнуць праблемы«.
«Так, любое месца ў Францыі будзе лепш, чым» Джунглі«, — заявіў 25-гадовы Башыр, яшчэ адзін грамадзянін Судану.
У той жа час некаторыя мігранты напярэдадні зносу «Джунгляў» зьбеглі ў іншай стыхійны лягер, у 12 км ад Кале.
«Яны не прымусяць нас зьехаць. Мы хочам патрапіць у Вялікабрытанію», — патрабуе Кармазі з Аўганістану. Ён, як і многія іншыя мігранты ў Кале, сьцьвярджае, што ў яго ў Вялікабрытаніі ёсьць сябры ці сваякі, якія гатовыя яму дапамагчы.
Вялікабрытанія ў сваю чаргу абʼявіла, што гатовая прымаць з Кале толькі непаўналетніх бязь семʼяў. Па стане на канец мінулага тыдня такіх мігрантаў уехала ў Злучанае каралеўства 194 чалавекі, і далёка ня ўсе зь іх выглядалі на заяўлены ўзрост.
Таксама ўлады Вялікабрытаніі пагадзіліся прыняць 53 непаўналетніх дзяўчат з Кале, у якіх у краіне не было сваякоў.