Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч: «Гавары праўду» іншыя апазыцыянэры дзяўбуць за посьпех


Тацяна Караткевіч

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — лідэрка руху «Гавары праўду», былая кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч.

Яна адказвае на пытаньне, якія ў яе стасункі з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай, што перамагла ў яе акрузе, разважае, за што многія апазыцыйныя структуры ня любяць «Гавары праўду» і тлумачыць, хто будзе кандыдатам у прэзыдэнты ад гэтай кампаніі на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

Цыганкоў: Чым быў адметны 2016 год для краіны і для «Гавары праўду»?

Караткевіч: Хацелася б пачаць з краіны. Сёньня кожны дзень чытаеш у навінах пра падвышэньне тарыфаў, новыя падаткі, таму складваюцца ня вельмі прыемныя чаканьні ад 2017 году. Жыцьцё пагоршылася, і людзі адчуваюць гэта па сваіх гаманцах.

Цяпер у Палаце ёсьць два альтэрнатыўныя дэпутаты, я лічу гэта заслугай «Гавары праўду»...

Калі ж казаць пра «Гавары праўду», то нам ёсьць чым пахваліцца. Мы актыўна ўдзельнічалі ў выбарах, працавалі ў рэгіёнах, разьвівалася структура, прыходзілі новыя людзі. Пад канец году мы правялі вялікі форум, на які прыехалі 450 нашых прыхільнікаў, мы вызначылі нашы пляны на 2017 год.

Цяпер у Палаце ёсьць два альтэрнатыўныя дэпутаты, я лічу гэта заслугай «Гавары праўду»...

Цыганкоў: Вось з гэтага месца давайце падрабязьней. У галоўнай кампаніі году, парлямэнцкіх выбарах, «Гавары праўду» не атрымала ніводнага мандату. А дэпутаткай ад апазыцыі стала Ганна Канапацкая, якая была менавіта вашым канкурэнтам у вашай акрузе. І вы гэта расцэньваеце як агульны посьпех?

Караткевіч: Безумоўна, мы расцэньваем гэта як агульны посьпех. Бо «ГП» — адзіная сіла, якая казала, што мы мусім працаваць падчас выбараў не на працэс, а на вынік — дэпутаты ў Палаце. Мы адзіныя, хто пра гэта казаў, і гэта адбылося. Вядома, гэта не было перамогай электаральнай (усе разумеюць, што дэпутаты прызначаныя), але цяпер у парлямэнце ёсьць голас альтэрнатывы.

Цыганкоў: А якія ў вас тады былі адчуваньні — калі менавіта ваша канкурэнтка ў акрузе стала дэпутаткай? Як мне здаецца, гэта было зроблена «з адмысловым цынізмам» менавіта для таго, каб паказаць, што, маўляў, Караткевіч ня мае падтрымкі на выбарах.

Караткевіч: Мне думаецца, што мой палітычны посьпех быў бы занадта вялікім кавалкам торта для ўлады. Я была гатовая да актыўнай працы ў парлямэнце, мела праграму. Але ўлада палічыла, што гэта будзе надта вялікі крок у бок мірных пераменаў.

Цыганкоў: Ці было гэта для вас моцным ударам? На прэзыдэнцкіх выбарах вас рэгіструюць кандыдаткай (хоць наконт гэтага ў многіх застаюцца сумневы), вы выступаеце перад народам, ніхто асабліва не перашкаджае. І тут не даюць нават прайсьці ў парлямэнт. Хіба вы гэта прагназавалі?

Караткевіч: Памятаеце, Віталь, вы самі ў мяне пыталіся падчас выбараў, якія ў мяне шанцы. І я заўсёды казала — «50 на 50». Я адпрацавала на 100 працэнтаў на сваю перамогу, каб мабілізаваць людзей галасаваць за мяне і праграму мірных пераменаў.

Людзі, якія мяне сустракаюць, часам кажуць — «ну і добра, што вы ў парлямэнт ня трапілі. А так мы бы думалі, што вы дакладна праўладная кандыдатка».

І вось людзі, якія мяне сустракаюць, часам кажуць — «ну і добра, што вы ў парлямэнт ня трапілі. А так мы бы думалі, што вы дакладна праўладная кандыдатка». І яшчэ людзі нам кажуць, што галоўнае — не спыняцца.

Цыганкоў: Якія ў вас стасункі з Ганнай Канапацкай? Магчыма, вы зноў будзеце вылучацца ў той самай акрузе?

Караткевіч: Паглядзім. Мы лічым, што трэба наладжваць дзелавыя дачыненьні з усімі дэпутатамі, з усімі прадстаўнікамі ўлады. Мы на гэта працуем: каб пашыраць прастору для дыялёгу пра тое, якой павінна быць краіна.

З Канапацкай мы канкуруем. Я як выбарніца ў гэтай акрузе буду кантраляваць эфэктыўнасьць працы дзейнага дэпутата. Я думаю, будзем сустракацца па нейкіх супольных тэмах, напрыклад выбарчае заканадаўства ці праблемы акругі. Я лічу, што ўнутры дэмакратычнага асяродзьдзя павінна быць супрацоўніцтва ў самых розных тэмах.

Цыганкоў: Дарэчы, наконт тэмаў. Як выглядае, апошнія месяцы «Гавары праўду» ў сваёй дзейнасьці канцэнтруецца найперш на сацыяльных тэмах, я б сказаў, нават побытавых — дарогі, паркі, двары. Ці не здаецца вам, што «ГП» занадта адышло ад ключавых палітычных пытаньняў — правы, свабоды? Вы бачыце менавіта ў такім аспэкце будучыню для палітычнай дзейнасьці ў Беларусі?

Караткевіч: Палітычная дзейнасьць будзе разьвівацца, калі палітыкі будуць як мага больш кантактаваць зь людзьмі, уцягваць іх у нейкі працэс пасьпяховай дзейнасьці. Таму павінны быць і лавачкі, і пасадка дрэў, і дарогі — з малых спраў пачынаюцца вялікія. Мы дзейнічаем паводле прынцыпу «Думай глябальна, дзейнічай лякальна».

Для кожнага беларуса Плошча адбываецца ня ў нейкім месцы, яна адбываецца ўнутры чалавека, калі ён стаіць перад нейкім выбарам.

Я тут пагаджуся са словамі Сьвятланы Алексіевіч, што для кожнага беларуса Плошча адбываецца ня ў нейкім месцы, яна адбываецца ўнутры чалавека, калі ён стаіць перад нейкім выбарам. Парушаць выбарчае заканадаўства ці не, стаць назіральнікам ці не. Вось мы і дапамагаем сваёй дзейнасьцю людзям прыняць такое рашэньне ў бок дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэта вельмі важна, каб людзі паверылі, што іхны голас нешта значыць і што ўлада іх пачула.

Цыганкоў: Ну вось, напрыклад, я жыву ў шматкватэрным доме ў Менску, і наш двор аднойчы быў прызнаны найлепшым дваром раёну. Ён чысты, дагледжаны, з кветкамі. Ці азначае гэта, што жыхарам нашага дому больш няма за што змагацца?

Караткевіч: Проста ў такіх дамах дыскусія паміж палітыкамі і жыхарамі адбываецца на іншым узроўні — а я сама і зьбірала подпісы, і стаяла ў пікетах. Хтосьці гаворыць пра сацыяльнае, а хтосьці пра свабоды і правы, і мы таксама пра гэта гаворым. Кажам пра тое, што трэба рабіць, каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай — у нашым парадку дня прысутнічаюць усе пытаньні.

Цыганкоў: За што «Гавары праўду» часта ня любяць іншыя апазыцыйныя палітыкі? Ці вы задумваліся пра гэта? Ці не зьвяртаеце на гэта ўвагу — маўляў, «мы не даляр, каб усім падабацца»?

Караткевіч: Слухайце, ну напэўна дзяўбуць за посьпех. У нашым асяродку няма здаровай канкурэнцыі — таму людзі прывыклі пераважна крытыкаваць. А ў нас іншая тэма — мы за тое, каб супрацоўнічаць, каб не крытыкаваць асобаў, а крытыкаваць дзеяньні, выступаць з пазытыўнай альтэрнатывай.

Цыганкоў: Калі сутнасна сфармуляваць крытыку на ваш адрас, то яе можна выказаць такім тэзісам: «ГП» імкнецца быць сваім і для ўлады, і для апазыцыі, а гэта немагчыма«.

Мы бачым, што наш парадак дня стаў агульнанацыянальным. Усе кажуць пра мірныя перамены, нават у кулюарах.

Караткевіч: Мы працуем у першую чаргу на свой электарат, тых людзей, якія за нас галасуюць. Мы гэтых грамадзянаў ня дзелім на тых, хто працуе ва ўладзе, і тых, хто зьяўляецца сябрам дэмакратычнай супольнасьці. Галоўнае, што большасьць зь іх хочуць пераменаў, гатовыя рабіць нейкі першы крок. І мы бачым, што наш парадак дня стаў агульнанацыянальным. Усе кажуць пра мірныя перамены, нават у кулюарах.

Цыганкоў: Ці маеце вы ўжо нейкую пэўнасьць наконт будучых прэзыдэнцкіх выбараў: хто ад «Гавары праўду» будзе вылучацца ў кандыдаты — вы ці Андрэй Дзьмітрыеў? Ці вы будзеце шукаць агульную мову зь іншымі дэмакратычнымі сіламі наконт абраньня адзінага кандыдата?

Караткевіч: Час пакажа. На сёньня ў нас ёсьць два лідэры ў арганізацыі — я і Андрэй Дзьмітрыеў. Мы таксама паставілі сабе за мэту разьвіваць нашу арганізацыю, шукаць рэгіянальных лідэраў. Вы ж бачыце, як складана сёньня прагназаваць будучыню ў гэтых палітычных і эканамічных умовах. Мы будзем рыхтавацца. У нас будзе свой кандыдат. Але важна ня хто, важна што будзе прапаноўваць гэты кандыдат.

Цыганкоў: Значыць, вы ўжо вызначыліся, што пойдзеце асобна? Ці калі ўся дэмакратычная грамадзкасьць вырашыць выбіраць адзінага, тады вы далучыцеся да агульнага працэсу?

Караткевіч: Гэта гіпатэтычны сцэнар, які, на жаль, за апошнія гады аніводнага разу не рэалізаваўся. Ёсьць шмат людзей, якія ўвогуле ня ведаюць, што ёсьць дэмакраты і ў іх ёсьць нейкія кандыдаты. Трэба працаваць зь людзьмі, ісьці да іх і расказваць, што ёсьць адказныя і сьмелыя людзі. Калі ўзьнікнуць сытуацыі, калі зьявіцца адзіны кандыдат, мы, вядома, будзем гэта мець на ўвазе і прымаць рашэньні.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG