Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: Украіна за два месяцы зазнала 6500 кібэратак


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Паводле слоў украінскага прэзыдэнта, у шэрагу выпадкаў умяшаньне расейскіх спэцслужбаў відавочнае.

За апошнія два месяцы хакеры атакавалі ўкраінскія дзяржаўныя інстытуты каля 6500 разоў, прычым у некаторых выпадках было відавочна, што расейскія спэцслужбы вядуць кібэрвайну супраць краіны, заявіў у чацьвер прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

У сьнежні хакерскія напады зазналі ўкраінскія міністэрствы фінансаў і абароны, а таксама Дзяржаўнае казначэйства, якое разьмяркоўвае сродкі па дзяржаўных ведамствах. Таксама ў выніку кібэратакі выйшла з ладу частка кіеўскай электрасеткі, з-за чаго некаторыя раёны сталіцы засталіся без электрычнасьці.

«Верагоднасьць актаў тэрарызму і сабатажу ў дачыненьні аб’ектаў крытычнай інфраструктуры захоўваецца і сёньня», — заявіў Парашэнка на пасяджэньні Рады па нацыянальнай бясьпецы і абароне, паведамляецца ў заяве, распаўсюджанай яго прэс-службай.

Паводле заявы, прэзыдэнт падкрэсьліў, што «расьсьледаваньне шэрагу інцыдэнтаў паказала прамое або ўскоснае дачыненьне расейскіх спэцслужбаў, якія вядуць кібэрвайну супраць нашай краіны».

Крызіс у адносінах паміж Кіевам і Масквой адбыўся ў 2014 годзе, пасьля таго, як Расея анэксавала Крым і стала падтрымліваць сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, дзе да гэтага часу працягваюцца сутыкненьні, нягледзячы на заключанае перамір’е.

Паводле словаў Парашэнкі, кібэратака на казначэйства вывела яго кампутарныя сыстэмы са строю на некалькі дзён, у сувязі з чым дзяржслужбоўцы і пэнсіянэры не маглі своечасова атрымліваць выплаты.

Кампанія CrowdStrike, якая спэцыялізуецца на кібэрбясьпецы, заявіла на мінулым тыдні, што хакерская групоўка, зьвязаная з расейскім урадам, як мяркуецца выкарыстала шкоднае праграмнае забесьпячэньне на прыладах з плятформай Android, каб атакаваць атрады ўкраінскай артылерыі з канца 2014 па 2016 гады.

Гэтая заява стала чарговым пацьвярджэннем думкі многіх заходніх экспэртаў і органаў бясьпекі, якія адзначаюць, што прэзыдэнт Пуцін усё часьцей зьвяртаецца да хакерскіх нападаў з мэтай пашырыць свой уплыў і зьдзяйсьняць напады на геапалітычных праціўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG