Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш чым проста зоркі


Дэбі Рэналдз, Кэры Фішэр і Джордж Майкал

У маім жыцьці быў кароткі пэрыяд, калі людзі прасілі ў мяне даць ім аўтограф. І хоць я заўсёды ласкава пагаджаўся, я звычайна думаў – наколькі гэта дзіўная традыцыя.

Тым ня менш у яшчэ ранейшыя гады я й сам быў такім «паляўнічым на аўтографы».

У мяне ўсё яшчэ недзе захоўваецца памятка аб тым дні, калі я сустрэў Дэбі Рэналдз каля службовага ўваходу нью-ёркскага тэатру Minskoff адразу пасьля заканчэньня брадвэйскага мюзыклу, у якім яна выступала. Быў 1973 год, мне было пятнаццаць і я быў проста агаломшаны, калі гэтая чароўная зорка – якая доўгія гады не сыходзіла з кінаэкранаў як надзвычайная акторка, сьпявачка і танцорка – цмокнула мяне ў шчаку, удаючы ўсьцешанасьць, што ў яе ўсё яшчэ могуць быць такія маладыя прыхільнікі, як я.

Мінулай ноччу я доўга ня мог заснуць, прыгадваючы той даўні вечар. Сёньня, думаў я, бедная Дэбі, слабая і нямоглая ў свае 84, мусіць ладзіць пахаваньне сваёй улюбёнай дачкі, акторкі і пісьменьніцы Кэры Фішэр, якая памерла днём раней. Як жа яна гэта перажыве, дзівіўся я.

Як ведаюць усе, хто чытаў загалоўкі сёньняшніх навін, яна не перажыла. «Я хачу быць з Кэры», нібыта сказала яна свайму сыну і празь некалькі імгненьняў зь ёй здарыўся інсульт.

***

Джордж Майкл, Кэры Фішэр, Дэбі Рэналдз – тры зоркі, якія пакінулі глыбокае ўражаньне ў маім жыцьці – адышлі на працягу аднаго тыдня. Я захапляўся кожным зь іх, вядома ж, за іх надзвычайны талент, але яшчэ больш за натхненьне, якое яны мне далі. Усе яны прадэманстравалі наглядны прыклад прыгажосьці ва ўмовах ціску.

Джорджу Майклу я ўдзячны за тое, што ён захоўваў годнасьць пасьля ганебнага эпізоду, у якім паліцыя падманам завабіла яго ў пастку; за тое, што ён не зьбіраўся шукаць ухваленьня ад тых у гэтым сьвеце, хто яго не ўхваляў.

Кэры Фішэр – за яе зьедлівую самакрытычную дасьціпнасьць і бясстрашную шчырасьць наконт яе мэнтальнай хваробы; калі яна загаварыла пра тэму, што доўгі час была табу, і нават спрабавала зь яе сьмяяцца.

А Дэбі Рэналдз – за яе шляхетнасьць у змаганьні з жыцьцёвымі нягодамі, за яе здольнасьць паўставаць з попелу – зноў і зноў, і за яе дзівосную здольнасьць дараваць тым, хто зрабіў ёй зло.

Пашукайце ў гугле, прачытайце іх гісторыі, і тады вы зразумееце, што я маю на ўвазе.

І хоць маю ўвагу сьпярша прыцягнуў іх артыстычны талент, менавіта гэтыя якасьці іх – не як зорак, а як людзей, ранімых, але на дзіва трывалых – захавалі гэтую ўвагу на ўсё жыцьцё.

XS
SM
MD
LG