Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра рэарганізацыю калгасаў: у сваёй сутнасьці — савецкая сыстэма ў закансэрваваным выглядзе


Ілюстрацыйнае фота

Згодна з прэзыдэнцкім указам, да канца траўня 2017 году сельскагаспадарчыя вытворчыя каапэратывы будуць пераўтвораныя ў гаспадарчыя таварыствы ці камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы. Папраўкі ўнесеныя ў ранейшы ўказ ад 2014 году «Аб рэарганізацыі калгасаў (сельскагаспадарчых вытворчых каапэратываў)».

Што ў рэальнасьці зьменіць дакумэнт, які мае на ўвазе не прыватызацыю ці пашырэньне долі фэрмэрскіх гаспадарак, а чарговы падзел дзяржаўнай долі ў структуры былых калгасаў ды саўгасаў?

Сытуацыю камэнтуе доктар сельскагаспадарчых навук, шматгадовы дырэктар Інстытуту земляробства і сэлекцыі Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Кадыраў:

Трэба ствараць сыстэму і шукаць вынік у матывацыі працы, у стымуляваньні чалавека, у нармальных эканамічных мэтадах.

«Толькі адпрацаваўшы столькі часу ў аграрнай галіне, нарэшце зразумеў: шукаць цудадзейныя рэцэпты ўратаваньня сельскай гаспадаркі ў расьлінаводзтве, у земляробстве, у насеньняводзтве, у сэлекцыі — бессэнсоўна. Трэба ствараць сыстэму і шукаць вынік у матывацыі працы, у стымуляваньні чалавека, у нармальных эканамічных мэтадах. Каб працаўнік быў калі ня ўласьнікам усяго, што ёсьць у гаспадарцы, але хоць бы ўласьнікам выніку сваёй працы, каб за гэта было атрымана заслужанае ўзнагароджаньне.

Пакуль жа наш чалавек адчужаны ад вынікаў працы; вынікі ягоных высілкаў належаць дзяржаве ў асобах раённых кіраўнікоў, абласных і г.д. Распачалі нібыта акцыянаваньне, дык кантрольны пакет акцыяў мусіць належаць райвыканкаму — зноў жа дзяржаве. Таму па сутнасьці нічога не мяняецца: якімі б шыльдамі чарговы раз не прыкрываліся, застаецца савецкая сыстэма ў закансэрваваным выглядзе».

Рэарганізаваць калектыўныя гаспадаркі мусілі яшчэ да канца гэтага году. Паводле згаданага прэзыдэнцкага ўказу № 349 ад 17 ліпеня 2014-га, арганізацыйна-прававая форма юрыдычнай асобы павінна была вызначацца рашэньнем агульнага сходу калгасьнікаў, долі ў статутным фондзе (акцыі) гаспадарчага таварыства плянавалася разьмяркоўваць паміж фізычнымі асобамі — удзельнікамі калгасу, якія выкажуць пісьмовую згоду выступіць заснавальнікамі таварыства і адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкай — раёнам, на тэрыторыі якога разьмешчаны калгас.

Паводле стану на сакавік 2014 году, рэарганізавацца мусілі 347 калгасаў на тэрыторыі Беларусі. Аднак да прызначанага тэрміну рэалізаваць задуму не ўдалося і яе аднесьлі яшчэ на паўгода.

Чаму дзяржава па-ранейшаму не давярае прыватніку, адмаўляючы стаўку на фэрмэрскія гаспадаркі? Уладзімер Матусевіч зь вёскі Мацкі на Меншчыне — адзін зь першых беларускіх фэрмэраў, спэцыялізуецца на гародніне. Дачыненьні зь дзяржавай характарызуе наступным чынам:

«У свой час у нашай мясцовасьці фэрмэраў было ня так і мала — і ў адной суседняй вёсцы, і ў другой. Праўда, потым гэтак жа дружна спынялі дзейнасьць, бо даводзілася ня столькі працаваць, колькі супрацьстаяць рознага кшталту кантралёрам. Але чвэрць стагодзьдзя таму, гледзячы на мяне, многія выяўлялі цікавасьць да фэрмэрства, бо на пачатку 1990-х у рэгіёне я быў першым, хто заняўся сваёй справай на зямлі.

Ва ўзбуйненай гаспадарцы неўзабаве таксама ўзьніклі праблемы, цяпер ужо яе трэба нейкім чынам рэфармаваць. Калгасная сыстэма ўсюды зайшла ў тупік.

Калектыўная гаспадарка тут была непэрспэктыўная, фактычна развалілася — даўно няма таго саўгасу, дзе я пачынаў. Тады частку зямлі далучылі да іншага калгасу, крыху раздалі фэрмэрам, нешта атрымаў пад сваё падвор’е жаночы манастыр. Але ва ўзбуйненай гаспадарцы неўзабаве таксама ўзьніклі праблемы, цяпер ужо яе трэба нейкім чынам рэфармаваць. Таму калгасная сыстэма ўсюды зайшла ў тупік. А я, як бачыце, застаўся, нават пры такой ручной працы. А яны — пры ўсіх сваіх машынах, пры трактарах — нічога выцягнуць ня могуць. Вось і мяркуйце, дзе эфэктыўнасьць большая — у прыватніка ці ў дзяржаўніка».

У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім у, пры пэўных умовах 100% акцыяў створанага таварыства могуць належаць раёну, на тэрыторыі якога разьмешчаны калгас. Гаворка пра выпадкі, калі на момант рэарганізацыі кошт чыстых актываў меншы за кошт непадзельнага фонду або калгас мае ня выкананыя ў тэрмін абавязаньні па плацяжах у бюджэты — рэспубліканскі, мясцовыя — ці дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG