Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскія дэпутаты забаранілі сабе сустракацца з выбаршчыкамі бяз згоды ўладаў


Маскоўская гарадзкая дума прыняла закон, які прыраўняў да мітынгаў публічныя сустрэчы дэпутатаў Масгардумы з выбаршчыкамі, а таксама аналягічныя сустрэчы дэпутатаў прадстаўнічых органаў мясцовага самакіраваньня, паведамляе агенцтва «Масква».

Фэдэральны закон «Аб сходах, мітынгах, дэманстрацыях, шэсьцях і пікетаваньнях» патрабуе апавяшчаць пра публічныя мерапрыемствы ня менш чым за 10, але не больш чым за 15 сутак, на практыцы звычайна гаворка ідзе не пра паведамленьне, а пра ўзгадненьне мітынгу з уладамі.

«Калі дэпутатам прымаецца рашэньне аб правядзеньні сустрэчы з выбаршчыкамі ў форме якога-небудзь публічнага мерапрыемства, напрыклад, мітынгу ці шэсьця, дык у мэтах гарантаваньня бясьпекі ўдзельнікаў сустрэчы, іншых жыхароў сталіцы, а таксама бесьперабойнага руху транспарту і функцыянаваньня гарадзкіх службаў жыцьцезабесьпячэньня, неабходна выкананьне патрабаваньняў, прадугледжаных фэдэральным законам ад 19 чэрвеня 2004 году № 54-ФЗ «АБ сходах, мітынгах, дэманстрацыях, шэсьцях і пікетаваньнях», — тлумачыцца ў запісцы да законапраекту.

Адзіная форма сустрэчы з выбаршчыкамі без узгадненьня з уладамі, якую пакінулі сабе маскоўскія дэпутаты — гэта сход.

Ўносіўся законапраект фракцыяй «Адзінай Расеі» у Масгардуме, дакладчыкам выступіла дэпутат Тацьцяна Партнова. Супраць прыняцьця закона галасавалі толькі тры дэпутаты ад фракцыі КПРФ, паведамляе BBC.

Камуністы лічаць, што ўлады баяцца пратэстаў у Маскве, і таму абмежавалі права дэпутатаў зьбіраць сваіх прыхільнікаў на вуліцах. Да пачатку пасяджэньня члены КПРФ правялі пікет перад будынкам Масгардумы.

Законапраект парушае Канстытуцыю і камуністы гатовыя абскардзіць яго ў Канстытуцыйным судзе, сказаў «Ведомостям» кіраўнік маскоўскага гаркама КПРФ, дэпутат Дзярждумы Расеі Валерый Рашкін 23 сьнежня, калі законапраект паступіў на разгляд Масгардумы.

«Акрамя таго, гэта прыклад для перайманьня астатнім рэгіёнам. Ня выключана, што такі законапраект будзе занесены ў Дзярждуму», — лічыць Рашкін. У законе аб статусе дэпутата сказана, што яны могуць праводзіць сустрэчы ў любы час і ў любым месцы, дадаў палітык.

За парушэньне правілаў правядзеньня мітынгу арганізатар можа атрымаць да 30 сутак адміністрацыйнага арышту і штраф да мільёна рублёў. За неаднаразовыя парушэньні закона «Аб мітынгах» у Крымінальным кодэксе прадугледжаны спэцыяльны артыкул 212.1, максымальнае пакараньне па ім — пяць гадоў пазбаўленьня волі. Першым да рэальнага пакараньня па гэтым артыкуле асудзілі актывіста Ільдара Дадзіна, ён атрымаў 2,5 года калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG