Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча


Бюст Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску
Бюст Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску

Падзеі 29 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Дата дня

29 сьнежня 1884 году памёр Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, беларускі паэт і драматург. Дунін-Марцінкевіч лічыцца пачынальнікам беларускай нацыянальнай драматургіі. Ён таксама распрацаваў у беларускай літаратуры жанры вершаванай аповесьці і апавяданьня. Сёлета ў цэнтры Менска быў адкрыты помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і кампазытару Станіславу Манюшку.

Помнік кампазытару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, верасень 2016.
Помнік кампазытару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, верасень 2016.

Таксама ў гэты дзень

1941 – на тэрыторыю акупаванай Чэхаславаччыны была скінутая група парашутыстаў, якія на загад эміграцыйнага чэхаславацкага ўраду ў траўні 1942 году правялі пасьпяховы замах на намесьніка пратэктара Багеміі і Маравіі Райнгарда Гайдрыха.

1958 – з Крымінальнага кодэксу СССР выдалілі паняцьце «вораг народу».

1989 – Вацлаў Гавэл стаў прэзыдэнтам Чэхаславаччыны.

1996 – у Гватэмале прымірэньнем бакоў скончылася грамадзянская вайна, што доўжылася 36 гадоў.

У гэты дзень нарадзіліся

1842 – беларускі лекар і вучоны Восіп Лунц. Як доктар мэдыцыны Лунц зрабіў шмат для барацьбы з сухотамі ў Беларусі ў тыя часы, калі гэтая хвароба была сапраўдным бедзтвам.

1863 – Міхал Дзявочка, беларускі спартовец-раварыст. У гонках на трэку ў 1894 годзе Дзявочка стаў чэмпіёнам Расеі, у 1896 – чэмпіёнам Англіі.

Міхаіл Дзявочка на старце Міжнароднай гонкі Пецярбург — Масква
Міхаіл Дзявочка на старце Міжнароднай гонкі Пецярбург — Масква

1915 – Чарлз Леанард Гарнэс, амэрыканскі пісьменьнік-фантаст.

1957 – Зьміцер Колас, перакладнік усясьветнай інтэлектуальнай спадчыны на беларускую мову, выдавец.

У памяці

1924 – памёр Карл Фрыдрых Георг Шпітэлер, швайцарскі пісьменьнік, раманіст, эсэіст, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1919 году.

1926 – памёр Райнэр Марыя Рыльке, аўстрыйскі паэт.

1949 – у ГУЛАГу памёр Адам Станкевіч, беларускі каталіцкі сьвятар, гісторык і літаратуразнаўца, выдавец. А. Станкевіч – аўтар літаратурных партрэтаў дзеячоў гісторыі і культуры Беларусі, кніг і брашураў з распрацоўкаю нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.

Сьвятар Адам Станкевіч
Сьвятар Адам Станкевіч

1986 – памёр Андрэй Таркоўскі, расейскі кінарэжысэр, сцэнарыст

Куды варта пайсьці ды за чым сачыць 29 сьнежня

Акустычная ялінка гурту «Мутнаевока»

Лідар гурту «Мутнаевока» Яўген Змушка хацеў стаць мастаком, але 11 гадоў таму заснаваў уласны гурт. На канцэрце 29 сьнежня рок-музыкі прэзэнтуюць праграму з пазнавальных гітоў і шэрагу новых песень. Арганізатары абяцаюць, што ўсе навагоднія жаданьні слухачоў мусяць абавязкова зьдзейсьніцца пад пляск і грукат струн.

​Менск, клюб «Графіці» (зав. Калініна, 16).
Пачатак а 19-й гадзіне.
Квіткі каштуюць: 5-8 рублёў.

Спэктакль «Каханьне як мілітарызм»

Камэдыя паводле п’есы Пятра Гладзіліна распавядае пра бясконцае супрацьстаяньне ў стасунках самых блізкіх людзей. Перад вачыма галоўнай гераіні разгортваецца жорсткая «вайсковая кампанія», і гэта ўжо не яе сям’я, а сапраўднае поле бітвы, дзе слова маюць самалёты, танкі, падводныя лодкі і караблі.

Менск, Тэатар імя Янкі Купалы (вул. Энгельса, 7).
Пачатак а 19-й гадзіне.
Квіткі каштуюць ад 10 рублёў.

Адкрыцьцё выставы Ўладзімера Акулава

Беларускі авангардыст Уладзімер Акулаў ёсьць прадстаўніком віцебскай мастацкай школы, закладзенай Казімерам Малевічам і Маркам Шагалам. Мастак лічыць сябе спадкаемцам гэтых традыцыяў, але адзначае, што выпрацаваў свой пазнавальны стыль.

Выстава працягнецца да 21 студзеня 2017 году.

Менск, Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3).
Час працы: 11:00 — 19:00.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG