Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы адкрылі, адкуль прыйшлі белавескія зубры


У зуброў зь Белавескай пушчы нечаканае генэтычнае мінулае — ягоныя карані сягаюць у ледавіковую эпоху і таямнічыя пячоры ў Пірэнэях, паведамляе Newsweek.

У 1885 годзе францускі археоляг Аб Ко-Дурбан (Abbe Cau-Durban) адкрыў у глыбокай пячоры Марсуля (Marsoulas) у цэнтральных Пірэнэях старыя косткі жывёл, сьляды вогнішча і крамянёвыя прылады. Але найбольш навукоўцу зьдзівілі малюнкі на сьценах. На іх былі выявы, падобныя да сучаснага тура альбо зубра. Аднак доўгія гады навукоўцы не змаглі аднесьці гэтае стварэньне ні да аднаго зь вядомых відаў.

Адкрыць гэтую таямніцу змаглі біёлягі і палеантолягі. У генэтычных дасьледаваньнях прымалі ўдзел і польскія навукоўцы, якія займаюцца вывучэньнем Белавескай пушчы. Выявілася, што жывёліна зь Пірэнэяў — гэта абсалютна новы, невядомы дагэтуль від вялікага сысуна. Ён вымер, але ягоныя гены выжылі. Сёньня яго найбліжэйшыя сваякі — белавескія зубры.

Навукоўцам удалося высьветліць, што відавыя лініі бізонаў, да якіх належаў і празубар, а таксама лініі тураў, разьдзяліліся 1,7 млн — 850 тысяч гадоў таму. Сотні тысяч гадоў гэтыя дзьве групы жывёлаў разьвіваліся асобна. Прыблізна 120 тысяч гадоў таму самец празубра сустрэў самку тура і скрыжаваўся зь ёй. Так нарадзіўся першы зубар, выяўлены на сьценах у пірэнэйскай пячоры. Эвалюцыя гэтай жывёліны дала белавескага зубра. Зубар здолеў ператрываць зьмены клімату і выжыў падчас выміраньня эўраазіяцкай мэгафаўны.

На пачатку ХХ ст. зубры амаль зьніклі з паверхні зямлі. У канцы ХІХ ст. у Белавескай пушчы налічвалася каля 1,8 тыс. зуброў. Але падчас І усясьветнай вайны немцы, а таксама мясцовае насельніцтва, забівалі жывёл на мяса. За некалькі гадоў пушча амаль цалкам апусьцела. Выжылі толькі ізаляваныя адзінкі. Зь 54 зуброў толькі невялікая частка магла ўдзельнічаць у аднаўленьні віду.

У 1929 і 1930 гадах у Белавежу прывезьлі самца Барусэ зь Нямеччыны і двух самак — Бізэртэ і Біскаю — са Стакгольму, якія разам зь яшчэ некалькімі жывёлінамі далі пачатак сёньняшнім насельнікам Белавескай пушчы. Адсюль зубры пазьней трапілі ў розныя месцы Заходняй Эўропы.

Сёньня чарада белавескіх зуброў па абодва бакі беларуска-польскай мяжы налічвае больш за тысячу асобін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG