Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка звольніў Мальцава з пасады старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту


Леанід Мальцаў, архіўнае фота
Леанід Мальцаў, архіўнае фота

Леанід Мальцаў вызвалены з пасады старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Таксама Мальцаў звольнены з вайсковай службы ў адстаўку па ўзросьце з правам насіць вайсковую форму адзеньня і знакі адрозьненьня.

Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 27 сьнежня, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

Пасаду старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Леанід Мальцаў займаў зь лістапада 2013 году. Тады кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вызваліў генэрал-палкоўніка Леаніда Мальцава ад пасады дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі, якую ён займаў са сьнежня 2009 году.

Першы раз на пасаду міністра абароны Леанід Мальцаў быў прызначаны ў 1995 годзе. У 1996 годзе — звольнены за «дыскрэдытацыю вайсковага званьня афіцэра» (публічнае зьяўленьне ў нецьвярозым выглядзе). У 2001 годзе Лукашэнка зноў прызначыў яго міністрам абароны.

Леанід Мальцаў уваходзіў у сьпіс беларускіх службоўцаў, якім Эўразьвяз забараніў уяжджаць на сваю тэрыторыю.

Леанід Мальцаў быў міністрам абароны, выконваў абавязкі старшыні КДБ, кіраваў Саветам бясьпекі, узначальваў памежнае ведамства. Чым выклікана такая працяглая карʼера генэрала Мальцава ў сілавых ведамствах і цяперашняе яго звальненьне?

Лукашэнка быў абсалютна ўпэўнены ў ляяльнасьці Мальцава

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што Мальцаў даўно пераслужваў і яго проста звольнілі па ўзросьце.

«Апроч таго, перад памежным ведамствам стаяць новыя задачы, якія патрабуюць больш дынамічнага, маладога кіраўніцтва. Гэта і напружанасьць на мяжы з Украінай, і малы памежны рух, які, відаць, будзе ажыцьцёўлены.

Лукашэнка быў абсалютна ўпэўнены ў ляяльнасьці Мальцава. Як ён першы раз быў звольнены з пасады міністра абароны? Лукашэнка яго выгнаў — яму здалося, што Мальцаў быў пʼяны. Але Мальцаў працягваў службу. Было ягонае другое прышэсьце на пасаду міністра абароны. У надзвычайным рэжыме, калі не было кіраўніка КДБ, ён узначальваў КДБ. Потым зноў жа праз надзвычайную сытуацыю са швэдзкім самалёцікам ён узначаліў памежны камітэт. То бок гэта быў чалавек для асаблівых даручэньняў, „пажарны“, які мусіў тушыць пажарныя сытуацыі і якому Лукашэнка абсалютна давяраў. Абсалютная адданасьць прэзыдэнту забясьпечвала яму доўгае знаходжаньне на дзяржаўнай службе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG