Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Витебский курьер» ня ведае, за што атрымаў папярэджаньне ад Мінінфармацыі


Супрацоўнікі рэдакцыі інтэрнэт-рэсурсу vkurier.by кажуць, што самі даведаліся пра папярэджаньне Мінінфарму зь інтэрнэту.

Ніякіх афіцыйных лістоў у рэдакцыйнай пошце няма, а на інтэрнэт-сайце Міністэрства інфармацыі разьмешчана сьціслая інфармацыя, якая займае менш як тры радкі. Там сказана, што папярэджаньне «ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу» вынесена 26 сьнежня 2016 году «за распаўсюджаньне непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду грамадзкім інтарэсам».

Праваабаронца Павал Левінаў зьвярнуўся ў Міністэрства інфармацыі па тлумачэньні, але адказу па сутнасьці таксама пакуль не атрымаў:

Павал Левінаў
Павал Левінаў

«Я зьвярнуўся туды як чытач — чытачам жа ня ўсё адно, калі іхным грамадзкім інтарэсам нешта пагражае! І сапраўды: калі нешта пагражае грамадзкім інтарэсам, то гэта ж важна, каб людзі ведалі, адкуль насоўваецца пагроза. Але Міністэрства інфармацыі нічога не ўдакладняе. Трэба разумець так, што „небясьпечны“ або „шкодны“ інтэрнэт-рэсурс сам па сабе? Гэта неаб’ектыўна ў дачыненьні да канкрэтнага СМІ. Незразумелая мне і фармулёўка пра тое, што пісьмовае папярэджаньне вынесена „ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу“, бо ён зарэгістраваны ў беларускім сэктары інтэрнэту. Хто ў такім выпадку лічыцца ўладальнікам? Ці заснавальнік газэты, ці дырэктар выдавецкага дому „Витебский курьер“? Не зразумець абсалютна нічога».

Павал Левінаў ужо доўгі час супрацоўнічае зь «Витебским курьером», яшчэ з тае пары, калі гэта было друкаванае выданьне, якое пэрыядычна мела праблемы з распаўсюдам: наклад газэты неаднаразова затрымлівалі падчас транспартаваньня і канфіскоўвалі. Газэта «Витебский курьер» цяпер зарэгістраваная ў Расеі, і тры гады таму журналісту Ўладзімеру Жыгулову, які супрацоўнічаў з выданьнем, абласная пракуратура выносіла папярэджаньне за працу без акрэдытацыі на замежны СМІ.

У апошнія гады выпуск друкаванай вэрсіі газэты прыпынены, і «Витебский курьер» выходзіць у якасьці анлайн-выданьня інфармацыйна-публіцыстычнага кірунку.

Заснавальніцай газэты «Витебский курьер» зьяўляецца грамадзкая актывістка Вольга Карач. Паводле яе, ніякага пісьмовага папярэджаньня не было. «Будзем высьвятляць, што здарылася», — кажа Вольга Карач.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG