Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: Журналіст Жыгулоў атрымаў папярэджаньне ад пракуратуры


Уладзімер Жыгулоў

Уладзімер Жыгулоў

Афіцыйнае папярэджаньне за працу без акрэдытацыі на замежны СМІ падпісаў намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці Георгі Каранько.

Спадара Жыгулова выклікалі ў пракуратуру пасьля таго, як ён пачаў асьвятляць справу лекара Ігара Паснова. Журналіст падрабязна апісваў усе акалічнасьці таго, як Пасноў апынуўся з дазволу пракурорскіх работнікаў у псыхіятрычным шпіталі, як суд у ягоную адсутнасьць прысудзіў яму прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Уладзімер Жыгулоў спрабаваў узяць інтэрвію і ў галоўнага лекара псыхіятрычнага шпіталя Алены Мартынавай, але тая спачатку не пажадала сустракацца з журналістам, а потым паслала на сустрэчу свайго намесьніка Ігара Сьвіркунова. Той размаўляць адмовіўся ўвогуле, заявіўшы, што газэта «Витебский курьер», дзе адсочваецца гісторыя Ігара Паснова, не зарэгістраваная ў Беларусі. «Витебский курьер» зарэгістраваны ў Смаленску.

Тлумачэньні Ігара Сьвіркунова пра гутарку з Жыгуловым, а таксама рапарт супрацоўнікаў міліцыі пра правапарушэньне — супрацоўніцтва з замежным выданьнем без акрэдытацыі — сталі падставай, каб вынесьці папярэджаньне.

Уладзімер Жыгулоў адмовіўся размаўляць з пракурорам Паўлам Зайцавым, спаслаўшыся на 27 артыкул Канстытуцыі, які дазваляе ня сьведчыць супраць сябе.

«Але нават каб Жыгулоў пагадзіўся нешта тлумачыць, гэта наўрад ці паўплывала б на вынік. Бо пракурор меў ужо гатовае папярэджаньне, якое тут жа і ўручыў незалежнаму журналісту пад подпіс», — апавёў Павал Левінаў, прысутны на сустрэчы ў абласной пракуратуры як грамадзкі прадстаўнік Уладзімера Жыгулова.

Уладзімер Жыгулоў стаў другім незалежным журналістам зь Віцебшчыны, якому пракуратура абвясьціла папярэджаньне такога кшталту. Летась у жніўні папярэджаньне пра недапушчальнасьць працы з замежнымі СМІ без акрэдытацыі атрымала журналістка Алена Сьцяпанава.
XS
SM
MD
LG