Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску замовілі шэсьце і мітынг у падтрымку Ігара Паснова


Ігар Пасноў

Ігар Пасноў

Лекар Ігар Пасноў, які неаднойчы выступаў з крытыкай абласных уладаў і зьвяртаў увагу на недасканалую працу віцебскіх мэдычных установаў, у тым ліку і праз Радыё Свабода, ужо два тыдні як у псыхіятрычным шпіталі.

Суд санкцыянаваў прымяненьне да яго прымусовага псыхіятрычнага лячэньня. Шмат хто ў Віцебску лічыць, што заключэньне ў «псыхушку» — гэта помста Ігару Паснову за публічныя крытычныя выступы ў інтэрнэце і незалежных СМІ.

Віцебскія апазыцыйныя актывісты перакананыя, што да Ігара Паснова прымяняюць захады карнай псыхіятрыі за ягоную грамадзкую пазыцыю. Таму на знак салідарнасьці Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў падалі ў Віцебскі аблвыканкам заяву на правядзеньне дзьвюх вулічных акцыяў колькасьцю 1000 чалавек. Заяўнікі пішуць, што мэта акцыяў — гэта «пратэст супраць выкарыстаньня псыхіятрычных лячэбных установаў у дачыненьні да грамадзянаў, якія выражаюць крытычнае стаўленьне да палітыкі ўладаў; салідарнасьць з доктарам Пасновым Ігарам Аляксеевічам».

Актывісты мяркуюць, што было б мэтазгодна распачаць шэсьце на плошчы Свабоды — у цэнтры Віцебску, паблізу ад гарадзкога і абласнога выканкамаў. І ўжо адтуль прайсьці да парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў ды правесьці там мітынг.

Месца пачатку акцыяў і інстанцыя, куды пададзена заяўка, абраныя невыпадкова, кажа Аляксей Гаўруцікаў:

Аляксей Гаўруцікаў

Аляксей Гаўруцікаў

«Плошча свабоды — гэта сымбаль свабоды. А тут чалавека прымусова пазбавілі свабоды. Так што ўсё лягічна. І калі мы запрашаем тысячу чалавек і болей, то гэта юрысдыкцыя аблвыканкаму, таму мы і зьвяртаемся ў аблвыканкам».

У віцебскім абласным псыхіятрычным шпіталі Ігар Пасноў амаль што ў поўнай ізаляцыі. Гэта абумоўлена рэжымам утрыманьня — забарона сустрэч з наведнікамі, забарона на пасылкі і ліставаньне, забарона карыстацца тэлефонам.

Да Паснова толькі двойчы дапусьцілі адваката і адзін раз — праваабаронцаў Паўла Левінава і Пятра Іванова. Сустрэцца з Пасновым спрабавала журналістка tut.by Тацяна Мацьвеева. Але галоўны лекар шпіталя Алена Мартынава палічыла гэта «немэтазгодным» і ў сустрэчы з пацыентам адмовіла. Затое сама пагадзілася на інтэрвію, дзе заявіла, што крытыка ўладаў — не падстава для прымусовага псыхіятрычнага лекаваньня Паснова і што яго лечаць у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і мэдычнымі паказаньнямі. Тое самае пацьвердзіла і Натальля Васільева, загадчыца 2-га аддзяленьня шпіталя, дзе ўтрымліваецца Ігар Пасноў. Ягоны дыягназ лекары не агучваюць, затое сам Пасноў ня супраць, каб журналісты распаўсюджвалі гэтыя зьвесткі.

Паводле дакумэнтаў, якія трапілі на сайт «Народныя навіны Віцебску», у Ігара Паснова «хранічнае расстройства з трызьненьнем». Заяву ў суд пра прымусовае лячэньне свайго калегі напісала галоўны лекар абласнога псыхіятрычнага шпіталя Алена Мартынава. Яна зазначае, што ў Ігара Паснова «наяўнасьць звышкаштоўных і вар’яцкіх ідэяў адносінаў і перасьледаваньня, пастаяннае завышэньне сваёй значнасьці, што вядзе да пагаршэньня сацыяльнага функцыянаваньня і пагаршэньня прадуктыўнасьці ягоных камунікацыяў».

Гэткі дыягназ нагадвае пра савецкія часы, калі з дапамогай псыхлякарняў змагаліся з іншадумствам. Так лічаць многія з тых, хто падпісаў інтэрнэт-пэтыцыю ў абарону Паснова, адрасаваную міністру аховы здароўя Васілю Жарко. Гэта ўжо другая пэтыцыя ў абарону Паснова. Першую склаў стваральнік незарэгістраванай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Белая Русь Сяргей Рыжоў.

Даведацца пра стан здароўя Ігара Паснова, паразмаўляць зь ім сябрам і знаёмым не ўдаецца. Учора гэта паспрабаваў зрабіць незалежны журналіст Уладзімер Жыгулоў. Ён патэлефанаваў на пост дзяжурнай мэдсястры: паводле ягоных зьвестак, туды ад 18-й да 20-й гадзіны могуць паклікаць да тэлефона пацыента:

«Да Паснова я не датэлефанаваўся. Учора тэлефанаваў, вечарам. Увесь час было занята. Потым, ужо за хвіліну да 20.00, адказала дзяжурная мэдсястра. Я прасіў, каб паклікалі Паснова. Яна кажа: „Ён сьпіць пад лекамі“. Я прашу: „Дык, можа, разбудзіце?“ Адказала, што нельга».

Лекары кажуць, што Ігар Пасноў выйдзе з псыхіятрычнага шпіталя толькі тады, калі яны заўважаць станоўчую дынаміку. Прымусовае псыхіятрычнае лячэньне для яго санкцыянавала 21 жніўня судзьдзя Віцебскага райсуду Тацяна Дзегцярова. Ігар Пасноў падпісаў касацыйную скаргу на гэтае рашэньне, напісаную адвакатам. У абласным псыхіятрычным шпіталі ён апынуўся 16 жніўня, празь некалькі дзён пасьля свайго чарговага відэавыступу ў інтэрнэце, дзе зноў скрытыкаваў дзейнасьць мэдычных установаў вобласьці, у тым ліку і абласнога псыхіятрычнага шпіталя. У гэтай установе ён працаваў псыхіятрам у наркалягічным аддзяленьні, а цяпер яго зрабілі пацыентам у былых калегаў.
XS
SM
MD
LG