Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекару Паснову ў псыхушцы прымусова робяць іньекцыі


Ігар Пасноў

Ігар Пасноў

Віцебскаму лекару Ігару Паснову, якога прымусова зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь, далі на адну хвіліну скарыстацца мабільным тэлефонам.

Ён датэлефанаваўся да журналіста Ўладзімера Жыгулова.

Спадар Жыгулоў паведаміў Свабодзе, што Пасноў пасьпеў сказаць толькі некалькі словаў.

«Мне пачалі прымусова рабіць ін'екцыі псыхатропных прэпаратаў, хаця стан майго здароўя гэтага не вымагае. Ганьба беларускай псыхіятрыі!», — гэтак перадае зьмест пачутага віцебскі незалежны журналіст.

Уладзімер Жыгулоў зьвяртае ўвагу на тое, што прымусовае лячэньне пачалі, паводле словаў Паснова, яшчэ да таго, як уступіла ў сілу рашэньне суду. Судзьдзя Віцебскага райсуду Тацяна Дзегцярова 16 жніўня вырашыла, што Ігар Пасноў падлягае прымусоваму лячэньню. Суд праходзіў у адсутнасьць самога Паснова, а таксама без удзелу ягоных прадстаўнікоў і адваката.

Якраз цяпер адвакат, зь якім ужо пасьля суду была заключана дамова, рыхтуе скаргу ў Віцебскі абласны суд.

Ігар Пасноў знаходзіцца ў Віцебскім абласным псыхіятрычным шпіталі з 16 жніўня. Раней ён сам працаваў там лекарам-псыхіятрам, а цяпер стаў пацыентам у сваіх былых калег.

Яго зьмясьцілі ў 2-е закрытае аддзяленьне неўзабаве пасьля чарговага відэазвароту, дзе ён скрытыкаваў працу мэдустановаў і псыхіятрычнай службы ў прыватнасьці. Таксама ён казаў, што кіраўніцтва шпіталя ім незадаволенае, што на яго напісаў заяву намесьнік галоўнага лекара па ідэалёгіі і што яму адкрыта пагражалі прымусовым зьмяшчэньнем на псыхіятрычнае лекаваньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG