Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мыш пад мятлой


Сяргей Астраўцоў

Задаўбалі яны з гэтай беларускай мовай. Канстытуцыя! Дзяржаўная мова! Што такое канстытуцыя? Брашурка. Дзяржаўная. Якая яна дзяржаўная? Для шыльды толькі.

Мыш яна пад мятлой. Што яму так перашкаджае? Каб не было гэтай мовы, як рэспубліку называць? Ніяк. Няўжо яны там не разумеюць? Назва ж патрэбная, трэба каб нейк называлася. Ну дык няхай будзе беларуская. Якая, к чорту, розьніца? Саюз Беларусі і Расеі, прыгожа гучыць. А так: саюз Расеі і чаго? Менскай вобласьці? Для міжнароднай арэны гэта несалідна, нейкі саюз слана і Моські. Як яны там не разумеюць?

Выпусьцілі палкоўніка адстаўнога. Мову вашу ВКПб зацьвердзіла, ЦК, сам чытаў, у 1926 годзе. «Правда» напісала. Адкрыў Амэрыку. А што тады без ЦК магло быць? Хто кіраваў? Якая яму розьніца — у 26-м ці ў 36-м? Што гэта мяняе? Трэба рэспубліцы нейк называцца. А ён як пракурор. Дзе ён бачыў гэтую мову? На вуліцы няма. Дзе якія шыльды? Адна на тысячу. Для плезіру. Мы колькі яму дзяўблі: Уладзімір Уладзіміравіч, у нас мова адна, нам іншай ня трэба. І ён жа згадзіўся, ён жа сам так заўсёды думаў. Мы яму колькі разоў паўтаралі: мы адзін народ і мова ў нас адна. Ён сам гэта паўтарае цяпер.

Дык у чым праблема? У вас, гавораць, мова беларуская ёсьць, а яе прыдумала ЦК ВКПб. Ды чорт зь ёй! Не, гаворыць, ня чорт, старэйшы брат усё бачыць. Яна ў канстытуцыі запісаная, а гэта нацыяналізм чыстай вады. Згодны, нацыяналізм. Але ж мы не маглі так адразу вычысьціць яе каб з усіх кутоў. Але мы працуем, ня трэба абвастраць. Мы працуем, вось што галоўнае. У нас мова адна, мы адзін народ. А гэтая — так, для сьвідомых, каб паменш вякалі. Каб зяпу не разявалі дзе трэба і дзе ня трэба.

Трэба разумець: партыя прыклала руку, зацьвердзіла мову. Значыць так трэба было. На дадзеным этапе палітычнага разьвіцьця. Мэтазгоднасьць была: зацьвердзіць, каб выявіць нацыяналістаў. І гэта правільна. Гэта самы верны спосаб. Каню вядома, партыя хацела мець Заходнюю вобласьць РСФСР. Але штось ня так пайшло. Войска польска і так далей. Тады мэтазгоднасьць паявілася: зрабіць рэспубліку. Як назваць? Няхай будзе беларуская, чаго галаву ламаць. Якая розьніца?

Той палкоўнік хіба разумее далей свайго носу? ЦК — што, зусім з глузду зьехала? Хай адкруціць назад. Што там у паноў было? Душылі мужыцкую мову, толькі кроў пырскала. Што табе той мужык? Няхай гаворыць, як умее. Ён далей хвастоў не бывае, каровы ды коні. Акадэміяў не сканчаў. Дык жа не! Абавязкова, каб усе пшэкалі! Каб языкі ламалі. Калі ня пшэкаеш — на канюшню і бізуноў! Гэты палкоўнік хоць разумее задачу таго моманту?

Чаго капаць пачалі? Калі беларусы паявіліся? Я табе адкажу. У 1917-м. Задавальняе цябе? Ад дзедушкі Леніна. Усё чыста. Што табе, лепш было б, каб па назьве вобласьці іх называлі «западнікамі»? Ну што гэта за нацыянальнасьць? Западніцкая мова. Не гучыць. Смаленская была б ужо лепей. Смаляне, як нейкае старажытнае племя. Але тады пачаў бы лямантаваць, што ня партыя стварыла, а самі ўзьніклі. І чорт знае калі, за царом Гарохам. Дык як вам лепей, Уладзімір Уладзіміравіч, каб партыя стварыла, ці каб цар Гарох?

І што Смаленск — рускі горад канючыў бы. А тваёй палкоўніцкай галаве вядома, што гэта беларуская сталіца была? Мы ж не гаворым: давай назад, не прыкідвайся шлянгам, а маглі б.

Беларусаў стварыла партыя, цары ні пры чым, з анкетай усё ў парадку. Але няхай яны пабудуць асобна, як заходні фарпост, каму гэта перашкаджае? Няхай канстытуцыя, няхай мова нейкая на птушыных правах. Мы ж не маглі так з пляча ёй: пэрсона нон грата! У беларускай рэспубліцы беларуская мова пэрсона нон грата, не гучыць. Навошта падкідаць пытаньні з падвохам. Калі ўзьніклі ды калі мову зацьвердзіла «Правда». Нам зьвіліны на іншае патрэбныя. А ты ўсё са сваёй ідэяй фікс.

Калі ў 17-м стварылі, то дзе былі да рэвалюцыі? Дзе-дзе, у матушцы Расеі. Значыць рускімі былі людзьмі? Значыць былі. Якая табе розьніца? Табе ж сказана: адзін народ мы, кропка. Чаго яшчэ трэба? Што ты ўсё нам сваіх палкоўнікаў падсылаеш і пытаньні з падвойным дном, мы самі сабаку зьелі на гэтым. Адно гавару, другое думаю, трэцяе раблю. Не вучы вучонага. Беларуская мова яму перашкаджае. Ды яна каменьчык у чаравіку, ня больш. Партыя ведала, што рабіла, каб паны не захапілі ўсё да Смаленску. Што за песьню цяпер сьпяваў бы твой палкоўнік, якога мама на сьвет зьявілася ў Гродне, якую да сёньня многія называюць польскім горадам. Валодзя, цару — царова, палкоўніку — палкоўнікава, запомні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG