Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін на штогадовай прэс-канфэрэнцыі, адказваючы на пытаньне Бі-Бі-Сі наконт магчымасьці новай гонкі ўзбраеньняў паміж Расеяй і ЗША, патлумачыў, што Расея вымушаная адказваць на выклік Амэрыкі.
«Новая гонка ўзбраеньняў, дакладней перадумовы да яе, былі створаныя пасьля выхаду ЗША з Дамовы аб супрацьракетнай абароне, гэта відавочна. Ня мы гэта прыдумалі — мы павінны адказваць на гэты выклік», — заявіў Пуцін.
«Зусім нядаўна амэрыканскія назіральнікі сядзелі на нашых ядзерных заводах і глядзелі, як вырабляюцца нашы ракеты. Ніхто пра гэта не забыўся?» — запытаўся ён.
Паводле Пуціна, у Турэччыне, Вялікабрытаніі, Нідэрляндах адбываецца замена тактычнай ядзернай зброі ЗША:
«Замена тактычнай ядзернай зброі, у тым ліку ў Эўропе, у тым ліку ў вас у Вялікабрытаніі — яна ж адбываецца... Ужо калі хтосьці разганяе ядзерную гонку — то ня мы. Мы ніколі ня будзем марнаваць, уцягнуўшыся ў гэтую гонку, рэсурсы, якія нам не па кішэні».
«У нас да 2021 году будзе 70% найноўшых узбраеньняў. У ядзерным складніку гэта ўжо 90%», — дадаў ён.
Вялікая прэс-канфэрэнцыя — адно з двух мерапрыемстваў на працягу году, калі прэзыдэнт РФ адказвае на пытаньні. Увесну іх задаюць грамадзяне падчас «Наўпроставай лініі». Напрыканцы году гэта робяць расейскія і замежныя журналісты.
Рэглямэнту ў прэс-канфэрэнцыі няма. Першая гэткая сустрэча ў 2001 годзе была самай кароткай — 1 гадзіна 33 хвіліны. У 2008 годзе Пуцін адказваў на пытаньні 4 гадзіны 40 хвілін. У сьнежні 2016 году прэс-канфэрэнцыя доўжылася крыху больш за тры гадзіны.