Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На даху Горадні. Шпітальны дзёньнік


Сяргей Астраўцоў

Шпіталь — гэта твой наркоз і ты, твой хірург і ты, твой дыскамфорт.

Але заўсёды нечакана, калі лепей выходзіць, чым уяўляў. І першы раз бальнічныя ўмовы задавальняюць цалкам. Выдатны рамонт, усё па-сучаснаму. Адчуваеш сябе чалавекам. Праз дваццаць гадоў дабраліся рукі ў начальства і да народнага здароўя. Якія мне даводзілася бачыць жахлівыя ўмовы ў бальніцах і паліклініках! І дактароў шкада было, яны ж там штодня. Але мядзьведзь у лесе занядужаў, зрушылася.

Усё палацы будавалі, ракеты куплялі, спадарожнікі запускалі, Амап песьцілі і безьліч іншых абрэвіятур. Мне скажуць: курыца ці яйка перш? Здаровыя ці хворыя? Лядовы палац ці бальніца на першым месцы? Паліклініка і бальніца, ясны пень. У палац сто чалавек, у паліклініку — тысяча. Усе хварэюць і даволі пастаянна. На Кіркорава ў лядовы палац ходзяць гады ў рады. З шайбай бегаюць дзесяць чалавек, а ў горадзе хоць раз на год хворыя 366 тысяч.

Адчуваю сябе на самым даху Горадні. На два бакі забудова, на два — лес. Прычым па-над ялінамі відзён другі, стромы бераг Нёмна. Таксама замак мог бы стаяць, думаецца мне, месца выгоднае, высокае. Але перад лесам перш вуліца, якой тапанімічная камісія вырашыла даць імя Васіля Быкава, але начальства не зацьвердзіла.

А за вуліцай, у шчытным сасоньніку старыя габрэйскія могілкі. Гадоў дзесяць таму новую магілу зрабілі, накшталт братняй: закапалі косткі і чарапы, сабраныя на стадыёне «Нёман». Стадыён на могілках габрэйскіх. Пачалі перабудову, як капнулі! Але ўсё ціха было, навошта розгалас? Пакуль людзі неабыякавыя не дазналіся. Здымкі трапілі ў інтэрнэт.

А на рацэ за сасоньнікам пляж. І на пляжы гэтым некалі вылепілі зь пяску Хрыста, які прызямліўся ў Гародні. Начальства ў горадзе не дазволіла, а за горадам — няхай. Хто там асабліва ўбачыць?

За лесам высокі, усходні бераг Нёмна
За лесам высокі, усходні бераг Нёмна

Не турыстычную прынаду, а схаваную пагрозу, небясьпеку разгледзелі айцы гораду ў пясочнай статуі. Што скажа праваслаўнае начальства? А ці ня будуць абражаныя пачуцьці самых зацятых малельшчыкаў?

А за вокнамі ў мяне капліца праваслаўная, будзе храм воінам, што загінулі, прысьвечаны. І выява крыжа, што быў на шчыце рыцара нашага, пакуль не скасавалі спрытныя хлопцы дзяржаўны герб. Пляц для царквы побач з помнікам «савецкім памежнікам». Дзіва-дзіўнае: пакуль існавалі гэтыя савецкія памежнікі, манумэнтаў такіх вялікіх ніхто ня ставіў. Як толькі яны зьніклі, адразу патрэба ўзьнікла. Прылятаў самы галоўны на гелікоптэры стужку перарэзаць. У рамках, як выглядала, сваёй кампаніі па скасаваньні фармальных абмежаваньняў, каб кіраваць колькі душа пажадае. Быў 2004-ы.

Пагранцоў паставілі насупраць колішняга гонару гарадзкога начальства, якога яно потым ня ведала як пазбыцца. Мова пра гмах гасьцініцы «Гродна», была самай сьвежай, калі СССР пачынаў дыхаць на ладан. Хутка страціла сваю сучаснасьць. Як на аўкцыён паставяць, ахвотных «днём з агнём» не знайсьці, цана завоблачная. Уявіце, колькі там цэглы адной было ў сьценах! Урэшце паявілася паведамленьне: кітайцы раскашэліліся.

А як жа любілі аматары чаркі самы модны рэстаран пры гасьцініцы, любоўна называны ў народзе «парлямэнтам» за ў пэўным сэнсе форму амфітэатру. Ах, як хочацца! Гарадзеначкі млелі ад думкі «пасядзець у парлямэнце». Ад вялікага да сьмешнага адзін крок. Некалі на другім баку Нёмна сапраўды парлямэнт Рэчы Паспалітай рэгулярна зьбіраўся ў Новым замку. Усё забылася, толькі назва ўсплыла. У недарэчным выглядзе. Драбнее народ.

Але ў мяне асабіста была цікавая сустрэча: каля таго «парлямэнту» была заля канфэрэнцый. Зьбіраліся гісторыкі. Мы сустрэліся з Аляксеем Каўкам з Масквы, я зрабіў гутарку для газэты. Ён прывёз мне выдатны сувэнір: той жалезны рубель савецкі, на якім наш Скарына…

Раз-пораз за дзьвярыма бразгаціць каталка: трэба забрацца, і цябе павязуць на апэрацыю. Аднойчы паяўляецца новы сусед, прыбыў з глыбінкі. Выгляд як у нейкага лесуна. Калі клаўся на каталку, грудзі ўразілі суцэльнай татуіроўкай. Можа проста мода такая? — рытарычна мовіў я. Не-э, адказаў адзін з суседзяў, такія робяць, калі сядзяць. Настрой крыху падупаў.

Чалавек адсутнічаў ажно шэсьць гадзінаў. Калі прывезьлі з апэрацыйнай, санітарка хацела даць судзіну, той — не, падскочыў і сам пабег у прыбіральню. Яго паклалі пад кропельніцу, катэтэр уставілі ў руку над вялікім татуіраваным крыжам у стылі герояў Кустурыцы.

Ён звычайна маўчаў. Урэшце аказалася, з ваколіц «будоўлі стагодзьдзя». Я асьцярожна запытаўся: і што людзі гавораць пра АЭС? Ды ніхто яе ня хоча, не задумваючыся адказаў ён. Гаварыў ён практычна па-беларуску, і агульнае ўражаньне ад чалавека засталося наогул пазытыўнае. Калі кабета-псыхоляг задавала яму пытаньні, мне спадабаўся адзін адказ. Як у вас з алькаголем? «Сярэдне».

Другі сусед, інтэлігентны, быў чалавекам рускай культуры. Гутаркі вялі нэўтральныя. Толькі аднойчы ён узгадаў Данецк, дзе жыве аднаклясьнік, якога цалкам задавальняе, што чалавекі з ружжамі разбурылі нармальнае жыцьцё ў горадзе. Мой сусед быў на баку аднаклясьніка. Я запярэчыў. Ён узбудзіўся. Схапіўся і ўцёк. Неўзабаве вярнуўся і спакойна сеў на ложак. Я яму сказаў: мір-дружба, не хапала яшчэ, каб мы, гарадзенцы, спрачаліся праз «матаролу», якую так любіць пуцінскі пясьняр Кабзон.

Уражаньне ад шпіталю падпсавала толькі самая апошняя абставіна. Тых, хто выпісаўся, апусьцілі на ліфце ў падвал, у няўтульныя сутарэньні. Дзе ў тэхнічным памяшканьні трымалі нашу вопратку (ты абавязаны быў яе здаць). Трэба было прыгінаць галаву, бо навісалі абкручаныя ізаляцыяй вялізныя трубы. Людзі сёньня не прыяжджаюць у шпіталь у целагрэйках, у абносках. А вопратка прасьмярдзела падвальнай затхласьцю. Усё было так добра, і раптам.

А, яшчэ: «на даху Горадні» выдатна чутна Рацыя. Уражвае разнастайнасьць і багацьце сучаснай беларускай песьні. Па станцыях Горадні і Менску нічога гэтага не пачуеш. Во жыцьцё: каб паслухаць беларускі рок, трэба прасіцца ў шпіталь.

XS
SM
MD
LG