Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждума Расеі прыняла «закон садыстаў»


Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў трэцім чытаньні законапраект, які рэглямэнтуе прымяненьне да зьняволеных фізычнай сілы, спэцсродкаў і агнястрэльнай зброі.

Законапраект быў унесены ў Дзярждуму ў траўні 2015 году, у кастрычніку таго самага году ён прайшоў першае чытаньне. Тады расейскія праваабаронцы і журналісты назвалі яго «законам садыстаў» з прычыны нормы, якая дазваляе супрацоўнікам расейскай Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (ФСВП) ужываць сілу і спэцсродкі да зьняволеных за парушэньне рэжыму ўтрыманьня.

Пасьля крытыкі праваабаронцаў перад другім чытаньнем гэтая норма была выключаная. У дакумэнце таксама зьявілася патрабаваньне аб «неадкладным» выкліку лекара да асуджаных пасьля прымяненьня сілы, спэцсродкаў ці зброі, каб мэдыкі маглі зафіксаваць усе пашкоджаньні асуджаных.

Прымяненьне сілы і спэцсродкаў будуць здымаць на відэарэгістратар толькі пры наяўнасьці тэхнічнай магчымасьці.

Папраўкі ў законапраект былі ўнесены на пачатку сьнежня 2016 году пасьля зьяўленьня ліста зьняволенага расейскага апазыцыйнага актывіста Ільдара Дадзіна пра катаваньні ў карэльскай калёніі. Гэта паведамленьне выклікала вялікі грамадзкі розгалас. Пасьля праверкі ФСВП і Сьледчы камітэт Расеі заявілі, што не знайшлі доказаў прымяненьня гвалту. Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што словы Дадзіна пацьвярджаюць аповеды іншых зьняволеных. Пазьней актывіста перавялі ў адну з папраўчых установаў Волагды.

У Беларусі сёлета ў лістападзе грамадзкі форум «Свабоду палітвязьням Беларусі» зьбіраў подпісы пад пэтыцыяй «Не — бязьмежжу і беспакаранасьці праваахоўных органаў Беларусі». Актывісты прыводзяць амаль два дзясяткі прыкладаў злачынстваў, учыненых міліцыянтамі, ганебных паводзінаў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія ўчынілі гвалт над грамадзянамі, падлеткамі, пра беззаконьні ў турмах, калёніях, СІЗА. Пэтыцыя адрасаваная міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу.

«Неабгрунтаваная агрэсія, грубасьць, распуста, усёдазволенасьць, беспакаранасьць робяць супрацоўнікаў унутраных спраў сацыяльна небясьпечнымі для грамадзтва... Мы патрабуем неадкладна навесьці парадак у органах унутраных спраў, правесьці праверку ўсіх супрацоўнікаў на адпаведнасьць сваім пасадам, абавязкова праверыць псыхічнае здароўе супрацоўнікаў МУС, правесьці праверку на дэтэктары хлусьні ўсіх без выключэньня супрацоўнікаў РАУСаў, АМАП, ДВП на дачыненьне да злачынстваў супраць грамадзян Рэспублікі Беларусь і прыцягнуць да адказнасьці тых, хто мае дачыненьне да гібелі, зьбіваньня, зьнявагі людзей».

Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG