Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд у правах чалавека абавязаў Расею выплаціць кампэнсацыі грамадзянам Грузіі


Грузія, Ахалцыхе
Грузія, Ахалцыхе

Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) у Страсбуры задаволіў пазоў грамадзянаў Грузіі, дэпартаваных з Расеі восеньню 2006 году і абавязаў Расею выплаціць 70 тысяч эўра асобам, чые правы, на думку Страсбурскага суду, былі парушаныя пры дэпартацыі.

Суд прызнаў парушэньне ўладамі Расеі правоў чалавека і міжнародных канвэнцый у дзевяці скаргах, аб’яднаных у адну справу. Гэтыя скаргі ў розныя часы падалі 19 грамадзянаў Грузіі. Канкрэтнае рашэньне аб суме кампэнсацыі ў рамках усіх пазоваў будзе вынесена пазьней.

Акрамя таго, згодна з рашэньнем суду, Расея мусіць аплаціць выдаткі заяўнікаў на адвакатаў — каля 5 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

У ліпені 2014 году ЭСПЧ часткова пагадзіўся з пазовам Грузіі да Расейскай Фэдэрацыі пра мэтанакіраванае цкаваньне грамадзянаў паводле этнічнай прыкметы падчас кампаніі дэпартацыі грузін з Расеі восеньню 2006 году.

Трагічныя падзеі ў Маскве і іншых расейскіх гарадах разгарнуліся пасьля таго, як грузінскія спэцслужбы арыштавалі ў Тбілісі і Батумі чатырох расейскіх афіцэраў паводле абвінавачаньня ў шпіянажы. Зрэшты, іх амаль адразу ж адправілі на радзіму ў выніку перамоваў пры пасярэдніцтве АБСЭ.

Пасьля прыбыцьця афіцэраў у Маскву расейскія ўлады разгарнулі кампанію дэпартацыі «нелегальных мігрантаў». Тысячы людзей былі затрыманыя і адпраўленыя ў Грузію. Пры гэтым некалькі этнічных грузінаў (у тым ліку жанчыны) з розных прычынаў загінулі ў камэрах папярэдняга затрыманьня або ў часе дэпартацыі. Астатнія скардзіліся на грубае і бесчалавечнае абыходжаньне.

Пазоў аб парушэньні Масквой Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека ў Страсбурскі суд унесла яшчэ адміністрацыя прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі, але разгляд справы расьцягнуўся на гады і да гэтага часу не завершаны, паколькі фігурантамі справы лічацца некалькі тысяч чалавек. Кожны зь іх патрабуе ад РФ грашовай кампэнсацыі за маральную і матэрыяльную шкоду.

Расея катэгарычна адмаўляе ўсе абвінавачваньні ў тым, што дэпартацыі нелегальных мігрантаў у 2006 годзе неяк зьвязаныя з арыштам расейскіх афіцэраў або насілі «антыгрузінскай» характар. Расейскія адвакаты заявілі ў Страсбуры, што адпаведныя службы краіны дзейнічалі ў рамках законаў РФ і міжнароднага права ў барацьбе зь нелегальнай эміграцыяй, а гібель людзей стала вынікам трагічнага зьбегу абставінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG