Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: У Чачні фармуюць два батальёны для адпраўкі ў Сырыю


Уладам Чачні даручылі сфармаваць два батальёны для адпраўкі ў Сырыю. Пра гэта паведамляе расейская «Новая газета». Колькасьць кожнага падразьдзяленьня павінна скласьці 600 чалавек.

Адказным за выкананьне гэтай задачы, пастаўленай з Масквы, як піша газэта, прызначаны дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Адам Дзелімханаў.

Набор у батальёны працягваецца ўжо некалькі месяцаў. З гэтай мэтай пры раённых аддзелах паліцыі ствараюцца спэцыяльныя роты, дзе вайскоўцы ўзмоцнена займаюцца фізычнай і баявой падрыхтоўкай. Як распавёў выданьню сваяк аднаго з вайскоўцаў, «усіх добраахвотнікаў узялі, у тым ліку, для магчымага ўдзелу ў наземнай апэрацыі ў Сырыі».

Адзначаецца таксама, што ўлады імкнуцца набраць у ствараныя батальёны тых, чые сваякі цяпер ваююць у Сырыі на баку групоўкі «Ісламская дзяржава».

Камандзірам аднаго з батальёнаў, паводле дадзеных выданьня, можа стаць Апці Балатханаў, які раней удзельнічаў у баявых дзеяньнях на Данбасе на баку сэпаратыстаў.

8 сьнежня расейскія выданьні «Известия» і «Коммерсантъ», спасылаючыся на свае крыніцы ў Міністэрстве абароны, паведамілі аб адпраўцы «чачэнскага спэцназу» (батальёнаў «Усход» і «Захад») для аховы сырыйскай авіябазы Хмэймім, дзе дысьлякаваныя расейскія войскі і авіяцыя.

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што названых падразьдзяленьняў у рэспубліцы не існуе. Пры гэтым ён не абверг, але і не пацьвердзіў факт адпраўкі ў Сырыю чачэнскіх вайскоўцаў.

Праект «Кавказ.Реалии» апублікаваў аматарскае відэа, на якім меркаваныя байцы спэцназу рыхтуюцца да адпраўкі ў Сырыю з расейскай базы ў Ханкале. Пасьля зьяўленьня відэаролікаў у сацыяльных сетках была заведзеная крымінальная справа, у рамках якой затрыманыя пяць чалавек. Па дадзеных выданьня «Каўкаскі вузел», 12 чачэнскіх вайскоўцаў таксама былі звольненыя з прычыны адмовы ехаць у Сырыю. Афіцыйнага пацьверджаньня ўсёй гэтай інфармацыі няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG