Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане забойства пасла РФ новым Сараевам?


Расейскі пасол у Турэччыне Андрэй Карлаў. Празь некалькі хвілін чалавек, які стаіць у яго за сьпінай, пачне ў яго страляць.
Расейскі пасол у Турэччыне Андрэй Карлаў. Празь некалькі хвілін чалавек, які стаіць у яго за сьпінай, пачне ў яго страляць.

Якія наступствы можа мець гэтае забойства? Ці спародзіць яго новы крызіс ў стасунках Масквы і Анкары, ці прывядзе да абвастрэньня адносінаў Расеі і Захаду? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Учора ў Анкары быў застрэлены расейскі пасол у Турэччыне Андрэй Карлаў. Ён стаў ахвярай нападу падчас прамовы на адкрыцьці фотавыставы «Расея вачыма туркаў». Паліцыя забіла нападніка. Паводле апошніх зьвестак, гэта быў Мэўлют Алтынташ, 22-гадовы дзейны супрацоўнік турэцкай паліцыі.

Забойца крычаў падчас нападу «Не забывайце пра Алепа, не забывайце пра Сырыю», «Помста», «Алах Акбар».

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што забойства пасла Расеі зьяўляецца «правакацыяй» супраць двухбаковых адносінаў. Эрдаган і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паведамілі пра стварэньне супольнай сьледчай камісіі. Пуцін сказаў, што расейскія сьледчыя ў найбліжэйшым часе вылецяць у Анкару. У сьвеце ўжо прыгадваюцца знакамітыя забойствы такога тыпу: забойства ў Тэгеране ў 1829 годзе пасла Расеі, пісьменьніка Грыбаедава, забойства ў Петраградзе ў 1918 годзе нямецкага пасла Мірбаха, забойства ў Варшаве у 1927 годзе савецкага пасла Войкава, забойства ў 2012 годзе амэрыканскага пасла ў Лібіі Стывэнса.

Іншыя, у прыватнасьці, былы міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більдт, праводзяць аналёгію нават з забойствам эрцгерцага Фэрдынанда ў Сараеве у 1914 годзе. Тое забойства прывяло да Першай сусьветнай вайны.

Варта прыгадаць, што летась у лістападзе турэцкія ВПС зьбілі расейскі баявы самалёт, што спарадзіла востры канфлікт паміж Анкарой і Масквой. Цяперашні крызіс прынцыпова адрозны ад леташняга, цяпер Расея не абвінавачвае ў забойстве турэцкія ўлады, нягледзячы на тое, што забойца быў дзейным паліцыянтам.

У Турэччыне вельмі часта адбываюцца тэрарыстычныя напады. Самы апошні, ужо пасьля забойства пасла РФ — абстрэл будынку пасольства ЗША раніцай 20 сьнежня.

Дэтальна пра матывы і сувязі забойцы расейскага пасла пакуль невядома. Але нават яго крыкі падчас злачынства робяць больш шырокім яго міжнародны кантэкст. Цяпер у сьвеце даволі шырокае асуджэньне брутальных дзеяньняў расейскіх войскаў у Сырыі. Аднак асуджэньне — не забойства і не яго апраўданьне.

Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны ды іншых краінаў, кіраўнікі міжнародных арганізацый выступілі з асуджэньнем злачынства ў Анкары.

У Маскве могуць палічыць, што забойства было прынамсі натхнёнае крытыкамі расейскай палітыкі ў Сырыі.

Праўда, у Маскве могуць палічыць, што забойства было прынамсі натхнёнае крытыкамі расейскай палітыкі ў Сырыі, а тое і арганізаванае. Можна прыгадаць, што пасьля зьбіцьця расейскага самалёта ў Расеі гучалі галасы, што за гэтым стаялі ЗША. Падобныя кансьпіралягічныя вэрсіі нярэдка ўзьнікаюць у расейскай грамадзкай думцы.

У сваю чаргу і турэцкія ўлады могуць пашукаць, а могуць, дарэчы, і сапраўды знайсьці сувязі забойцы пасла зь ліпеньскай спробай вайсковага перавароту. Безумоўна, забойства пасла — удар па прэстыжы ня той краіны, якую ён прадстаўляў, а ўладаў той, дзе ён прадстаўляў сваю. Экспэрты лічаць, што расейскі адказ будзе дадзены хутчэй у Сірыі, чым у Турэччыне.

Цыганкоў: Прэзыдэнты Расеі і Турэччыны ўжо зрабілі свае заявы з нагоды гэтай трагедыі. «Атака на пасла Расеі ў Анкары — гэта атака супраць народу і дзяржавы Турэччыны», — заявіў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган у сваім відэазвароце.

Ён выказаў спачуваньне ўсяму расейскаму народу, падкрэсьліўшы, што напад на дыплямата — гэта правакацыя, і запэўніў, што Турэччына і Расея маюць дастатковы досьвед, які дазволіць не паддавацца на гэтыя правакацыі. Разам з тым прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква павінна дакладна ведаць, што стаіць за забойствам Андрэя Карлава.

Можна сказаць, што ў любым выпадку ў гэтага здарэньня будуць наступствы, але пакуль абодва бакі жадаюць, каб яно не паўплывала на іх адносіны пасьля нядаўняга прымірэньня Пуціна і Эрдагана. Расея — даволі важны партнэр Турэччыны, нават можна сказаць, што Анкара адносінамі з Расеяй пагражае Захаду і ЗША адвярнуцца на Усход.

Нагадаем, што адносіны Турэччыны і Захаду вельмі пагоршыліся пасьля правалу путчу. Але, зь іншага боку, у самім турэцкім грамадзтве відавочна дзеяньні Расеі ў Сырыі ў Алепа, якія актыўна апісваюцца турэцкай прэсай, выклікаюць незадавальненьне і абурэньне і ўступаюць у канфлікт: як так можа быць, што тыя, хто бамбардзіруе Алепа і нават зьнішчае мірнае насельніцтва — нашыя сябры.

Значная частка грамадзтва незадаволеная паляпшэньнем адносінаў Анкары і Масквы, як і незадаволеная дзеяньнямі Расеі. Пры тым, што для Эўропы сырыйскі крызіс усё ж прайшоў праз хвалю ўцекачоў, але для Турэччыны ён прыкметны больш за ўсіх. Яна адчула подых вайны вельмі блізка. Дарэчы, большая частка ўцекачоў, каля 3-4 мільёнаў, застаецца як раз у Турэччыне. Гэта людзі, якія блізкія туркам.

Значная частка турэцкага грамадзтва незадаволеная паляпшэньнем адносінаў Анкары і Масквы.

Наколькі турэцкая дзяржава можа прадухіліць магчымыя рэакцыі незадавальненьня? Забойства пасла паказала, што гэта немагчыма. Цяпер кажуць пра тое, што ўвогуле хваля тэрору супраць прадстаўнікоў расейскай дзяржавы можа праяўляцца ў нейкіх іншых формах і адбывацца ў самых розных дзяржавах. Гэта яшчэ раз пацьвярджае драматычныя прагнозы і расейскіх, і іншых палітолягаў пра тое, што Масква надта глыбока захрасла ў сырыйскім крызісе, што там яна акрамя нейкіх уяўных геапалітычных плюсаў кшталту велічы сучаснай расейскай дзяржавы, якая нібыта вырашае сусьветныя праблемы, мае і рэальныя мінусы — адбываецца ўцягваньне ў канфлікт, як падчас аўганскай кампаніі, і з кожным днём канфлікт робіцца большым. І напэўна забойства пасла — адно з тых наступстваў, якіх расейская палітычная эліта ніяк не чакала і не магла разьлічыць.

Людзі могуць выкарыстаць форму тэрарызму як адзіную магчымасьць адпомсьціць Расеі за яе дзеяньні ў Сырыі.

Карбалевіч: Трэба адзначыць беспрэцэдэнтны крок з боку Турэччыны. Маю на ўвазе згоду на ўдзел расейскіх сьледчых органаў у расьсьледаваньні забойства.

Звычайна, гэта лічыцца замахам на сувэрэнітэт краіны і прызнаньнем нефункцыянальнасьці дзяржаўных інстытутаў той дзяржавы, дзе адбылося злачынства. Хачу нагадаць, што адмова Сэрбіі дапусьціць на сваю тэрыторыю прадстаўнікоў Аўстра-Вугоршчыны для расьсьледаваньня забойства эрцгерцага Франца Фэрдынанда стала адной з падставаў пачатку Першай сусьветнай вайны.

З выкрыкаў забойцы можна зразумець, што ён прыхільнік «Ісламскай дзяржавы» і помсьціць Расеі за ўзяцьце Алепа. Нагадаю, што гэта ня першая ахвяра Расеі за ўдзел ў сырыйскай апэрацыі. Летась быў узарваны самалёт з расейскімі турыстамі, які ляцеў з Эгіпту. Чым больш актыўна Расея ўмешваецца ў справы Блізкага Ўсходу, увогуле ажыцьцяўляе вайсковыя апэрацыі за мяжой, тым больш яна вымушаная за гэта плаціць, тым больш расейскія грамадзяне, нават невінаватыя ні ў чым, як тыя самыя пасажыры самалёта, аказваюцца ў небясьпецы. На жаль, гэта заканамернасьць.

З выкрыкаў забойцы можна зразумець, што ён прыхільнік «Ісламскай дзяржавы» і помсьціць Расеі за ўзяцьце Алепа.

ЗША гэта добра ведаюць. Ніхто ў сьвеце так не ахоўвае сваіх дыпляматаў, як Злучаныя Штаты. Хіба што яшчэ толькі Ізраіль. Расея мусіць гэта разумець і таму элемэнтарна ўзмоцніць ахову. Ад забойцаў адзіночак ахова можа выратаваць.

Дракахруст: Мне падаюцца не зусім адэкватнымі і карэктнымі тлумачэньні-апраўданьні, што гэта адбылося таму што расейцы бамбуюць Алепа.

Таксама ўчора адбыўся тэракт у Бэрліне. Ня выключана, што і там тэрарыст таксама за нешта помсьціў. Варта прыгадаць, што ў той самай Сырыі заходняя кааліцыя бамбуе Раку, сталіцу «Ісламскай дзяржавы». А там жа таксама людзі жывуць, у тым ліку і цывільныя.

Міжнародная кааліцыя бамбуе Мосул у Іраку — і там на кагосьці гэтыя бомбы падаюць, магчыма, і на цывільных людзей.

Дык давяць людзей машынай у Бэрліне «таму што авіяцыя кааліцыі бамбуе Раку і Мосул»?

Учорашняе злачынства ў Бэрліне па характары — паўтарэньне злачынства ў Ніцы. Там, магчыма, таксама таму чалавеку, які сядзеў за рулём, нешта ў гэтым сьвеце не падабалася, і на кагосьці ён быў пакрыўджаны і за нешта хацеў адпомсьціць.

«Учынілі тэракт, таму што помсьцілі» — я такую лёгіку не падзяляю. Тэрор гэта тэрор. Ён ня мае апраўданьня, накіраваны ён на немцаў, расейцаў ці французаў.

Цыганкоў: Думаю, у нашых развагах няма нават намёку на псыхалёгію апраўданьня, а ёсьць псыхалёгія тлумачэньня. Нават пасьля 11 верасьня 2001 году аналітыкі тлумачылі, разьбіраліся, чаму гэта адбылося, якія матывы былі ў тэрарыстаў, як і тлумачыцца кожны тэрарыстычны акт. Ніхто не зьбіраецца апраўдваць, але мы разважалі пра тое, чаму ўсё ж ён адбываецца і менавіта з грамадзянамі той або іншай краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG